На шляху да свабоды патрэбна толькі вера

Хто ж не хоча свабоды? Кожны хоча. Чаму не кожны можа цешыцца дарам свабоды? Бо шлях да свабоды зусім не просты. Не кожны да яе даходзіць, бо стамляецца ад барацьбы за свабоду, або прагульвае тую ж барацьбу, бо зняверваецца.

Хрысціянін на шляху да свабоды мае ўпрывілееванае становішча, бо яму дапамагае сам Бог. Прыгадваецца момант з гісторыі вызвалення народу Ізраільскага з Егіпецкага рабства. Пасля трох месяцаў вандравання на пустыні, Бог на Сінайскай гары размаўляе з Майсеем і заахвочвае прыгадаць народу Ізраільскаму, пра Яго падтрымку: „…вы самі бачылі, што Я зрабіў егіпцянам і як насіў вас на арліных крылах, і прывёў вас да Сябе.”(Зых19,4) Невыпадкова Госпад кажа пра арліныя крылы, гэты вобраз застасуе пазней прарок Ісая: „тыя, што спадзяюцца на Госпада, абновяцца ў сіле: падымуць крылы, як арлы, пацякуць і ня стомяцца, пойдуць і ня стомяцца.” (Іс 40, 30.31). Арліныя крылы Бог дае тым, хто верыць у Яго.

Знясіленасць чалавека бачыць таксама Хрыстос. Евангеліст Мацвей піша: „Езус, убачыўшы натоўпы людзей, злітаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра.” (Мц 9,36). А Апостал Павел у пасланні да Рымлянаў падкрэслівае, што Хрыстос выратаваў чалавека акурат тады, калі ён быў слабы : „Калі мы былі яшчэ слабымі, Хрыстос у вызначаны час памёр за бязбожных.”(Рым 5,6).

Слова Божае пераконвае, што знясіленага і слабога чалавека, які нават калі з недахопу сіл ужо і не ідзе у кірунку свабоды, але прынамсі глядзіць у яе бок, Бог заўсёды ўбачыць і яго падтрымае.

Ацэньваючы грамадскія з’явы апошніх дзён у нашай краіне, таксама з шэрагу прычынаў можна заўважыць безсілле перад запушчанай грамадска-палітычнай сітуацыяй і стомленасць грамадства на шляху да свабоды, і калі гэта не ўласціва для ўсіх, то прынамсі для значнай часткі. І мы ўсцяж адмаўляемся ад якіх кольвечы зменаў, аднак пра іх неабходнасць гаворыць кожны. Асабліва моцным аргументам на карысць пераменаў ёсць выраз, які стаў ужо крылатым: „ а вы хочаце, каб было так як ва Ўкраіне?” Гэта сведчыць аб тым, што ў нас ужо так кепска, што горш калі і можа быць, то толькі як саступім з апошняй прыступкі, з якой ёсць прамы шлях у бездань, насустрач катастрофе. І вось, каб не было той катастрофы, як мага хучэй трэба усім нам падумаць пра змены.

Безумоўна, у некаторых адразу ўзнікне пытанне: навошта ксёндз лезе ў палітыку? Я адкажу вельмі лаканічна: я кранаю сацыяльную сферу нашага жыцця, бо прымаю навучанне Касцёла. А Кампендый Сацыяльнага Вучэння Касцёла (КСВК) кажа: „Касцёл мае права евангелізаваць сацыяльную сферу, г.зн. абвяшчаць вызваляючае слова Евангелля ў складаным свеце вытворчасці, працы, прадпрымальніцтва, фінансаў, гандлю, палітыкі, юрыспруддэнцыі, культуры, грамадскіх адносін, у якіх жыве чалавек” (КСВК 70). А нумар 71 там жа падкрэслівае: „Гэтае права адначасова з’яўляецца абавязкам”.

Больш за тое, „Для свецкіх вернікаў палітычная дзейнасць з’яўляецца годным і адказным выкананнем хрысціянскага абавязку служыць бліжнім” – прыгадвае (КСВК 565) словы Папы Паўла VI. І гэтымі словамі перад свецкімі вернікамі Касцёл ставіць задачу і называе яе як „служэнне палітыцы”. (КСВК 565-574 ).Такім чынам, між іншым, гэтае служэнне ёсць знакам і выразам любві хрысціяніна, які прысутнічае ў сацыяльнай сферы. (пар. КСВК 551).

Мінулы раз я разважаў пра годнасць асобы чалавека, так вось сёння я хацеў бы прыгадаць усім хрысціянам аб тым, што мы пакліканыя да служэння чалавечай асобе, ну і без палітычнай дзейнасці гэта служэнне нерэальна выканаць.

Так што сябры, не бойцеся займацца палітыкай згоднай з вучэннем у духу Евангелля, бойцеся заняцца ў сённяшні час „бруднай маўклівай і пасіўнай палітыкай” і здрадзіць Хрыста, сказаўшы „гэта не мая справа”, калі дзеецца не справядлівасць. Бойцеся адыйсці ўбок, калі зневажаюць і крыўдзяць іншага чалавека.

Цікавая гэта кніга Кампендый Сацыяльнага Вучэння Касцёла… Вось на прыканцы зацытую з яе яшчэ пару слоў, бо вельмі глыбокую і актуальную думку яны агучваюць: „Касцёл заахвочвае падтрымліваць змену палітычных кіраўнікоў, каб пазбегнуць устанаўлення тайных прывілеяў.” (КСВК 189 ).

Слухайцеся Касцёла, і мы дойдзем да свабоды. Якімі б слабымі і знясіленымі мы не былі, калі будзем мець толькі веру, то не тое што дойдзем да свабоды, але даляцім, як арлы.

а. Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі