Гаворачы пра складаную сітуацыю ў Беларусі, арцыбіскуп Кандрусевіч параўнаў грамадства з сям’ёй

19 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.

У супольнай малітве вернікі, сабраныя ў галоўнай каталіцкай святыні сталіцы і тыя, хто духоўна да іх далучыўся з дапамогай анлайн-трансляцыі, дзякавалі Сэрцу Езуса за Яго бязмежную любоў, якая прывяла Збаўцу на Крыж дзеля збаўлення чалавека. Разам са сваім пастырам яны маліліся ў інтэнцыі святароў, пакліканняў да святарства і аб духоўнай і пастырскай дасканаласці слугаў алтара.

Маліліся таксама і аб мірным вырашэнні напружанай сітуацыі ў беларускім грамадстве, якая склалася ў сувязі з набліжэннем выбараў прэзідэнта.

Старшыня каталіцкага епіскапату ў Беларусі адзначыў, што ўсе непаразуменні неабходна вырашаць на шляху дыялогу і ў духу ўзаемнай павагі.

У прамоўленым Божым слове іерарх засяродзіўся на біблійных чытаннях, якія глыбей раскрываюць сэнс урачыстасці Сэрца Езуса.

«Бог праз вусны Майсея кажа, што Ён нас выбраў. Калі гэта было праўдай адносна выбранага народа, нашчадкаў Абрагама, то яшчэ большай праўдай з’яўляецца ў адносінах да нас. У сакрамэнце хросту мы сталі выбранымі дзецьмі Божымі, якіх Бог ніколі не пакідае адных. Менавіта таму ў сённяшнім урыўку з Евангелля Езус кажа: „Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас“.

Езус добра ведае, што ў нашым грэшным свеце жыццё чалавека нялёгкае.

Штодзённа мы перажываем шмат цяжкасцяў і складанасцяў. Езус прапануе вырашэнне ўсіх нашых праблем праз любоў да бліжняга, што з’яўляецца знакам любові да Бога. А любоў да Бога — гэта жыццё паводле Божага закону, павага да кожнага чалавека, дыялог у імя дабра ўсяго грамадства», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Разглядаючы ў святле Евангелля і бязмежнай Хрыстовай любові сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі адзначыў:

«Мы розныя, што натуральна, і таму маем розныя меркаванні адносна тых самых праблем і пытанняў. І ў сям’і ўсе розныя, але гэта — адна сям’я, і ўсе клапоцяцца адно пра аднаго, пра супольнае дабро. Так і ў грамадстве мы перш за ўсё павінны кіравацца агульным дабром грамадства, а не толькі прасоўваннем свайго іміджу.

Таму ў гэты складаны і нават неспакойны час нашай гісторыі напярэдадні выбараў усім палітычным і грамадскім сілам неабходна перш за ўсё думаць пра агульнае дабро грамадства і нашу супольую будучыню, каб яна будавалася прадусім на ўзаемапавазе і любові да бліжняга, а складаныя пытанні вырашаліся шляхам узаемнага дыялогу», — падкрэсліў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

Нарэшце, арцыпастыр нагадаў, што ва ўрачыстасць Сэрца Езуса Каталіцкі Касцёл таксама моліцца аб святасці святароў.

«Святар дзейнічае моцаю Езуса Хрыста, аднак яго асбісты духоўны стан уплывае на яго сакрамэнтальныя дзеянні. Хоць яны заўсёды нясуць збаўчую Божую ласку, аднак у залежнасці ад святасці святара і яго сведчання, яна прыносіць большы ці меншы эфект», — зазначыў іерарх.

Ён дадаў, што святары, слугі алтара, якія дзейнічаюць моцаю Езуса, таксама знаходзяцца пад негатыўным уплывам сучаснага секулярызаванага свету, і менавіта таму Касцёл заахвочвае да малітвы аб іх святасці.

Па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, «Касцёл хоча, каб святары былі паводле Сэрца Езуса».

Каб лепш гэта растлумачыць, іерарх спаслаўся на выказванне Папы Францішка на гэтую тэму:

«Святар павінен мець удзячнае сэрца. Гэта азначае, што неабходна дзякаваць Богу за дар паклікання і заставацца верным яму.

Святар павінен мець сэрца міласэрнае. Гэта азначае, што неабходна любіць кожнага чалавека, нават найбольшага грэшніка і суправаджаць яго на жыццёвым шляху, каб вярнуўся да Бога.

Святар павінен мець сэрца, якое спачувае. Гэта азначае, што ён павінен дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў матэрыяльнай і духоўнай падтрымцы.

Святар павінен мець сэрца, якое заўсёды чувае. Гэта азначае, што ён павінен чуваць над сваім духоўным станам. Калі мы заклікаем іншых да святасці, то найперш такімі павінны быць самі.

Святар павінен мець мужнае сэрца. Гэта азначае, што ў справах маральнага вучэння ён павінен трымацца прынцыпаў Евангелля», — паўтарыў за Святым Айцом Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

На заканчэнне ён заахвоціў вернікаў маліцца аб тым, каб Касцёл у Беларусі і ва ўсім свеце меў як мага больш святых і адданых Божай справе збаўлення святароў.

catholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі