Не бойцеся тых, хто забівае цела…

“Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць” (Мц 10,28).

Сябры, маё сэрца адчувае боль ад таго беззаконня, якое дзеецца ў нашай краіне. Сотні затрыманняў, несправядлівых судоў і пакаранняў у выглядзе аграмадных штрафаў або арыштаў на суткі для тых, хто ўсяго толькі асмельваецца рэалізоўваць свае канстытуцыйныя правы і прагне мірных пераменаў. Пры гэтым, затрыманыя і асуджаныя церпяць хамства, фізічнае насілле і нават катаванне збоку некаторых праваахоўнікаў.

Ведаеце, гэта і ёсць той момант, калі мы, хрысціяне, не можам захаваць нейтралітэт і пазастацца ўбаку ад падзеяў якія разгортваюцца вакол нас. Хтосьці сказаў прыгожыя словы, аўтарства каторых традыцыйна прыпісваюць Дантэ Аліг’еры: “самыя гарачыя закуткі ў пекле пакінутыя для тых, хто ў часы найбольш вялікіх маральных пераломам, захоўвае нейтралітэт.” Гэтая думка апраўдана духам Евангелля, бо насамрэч, за словамі пра нейтралітэт, чалавек вельмі часта хавае сваю абыякавасць да бліжняга і эгаізм.

Біблія, што праўда, нічога не кажа нам пра нейтралітэт. Такіх слоў як нейтралітэт, талерантнасць і неўмяшальніцтва ў гэтай кнізе наогул няма. Мудрасць Слова Божага дае чалавеку пазнанне, якое дазваляе заўсёды займаць ясную пазіцыю ў адносінах да гэтага свету і бліжняга.

У Кнізе Апакаліпсісу Бог хрысціянам, якія цалкам добра пачуваюцца ў гэтым свеце, але забыліся пра іншых, кажа: “ведаю твае дзеі; ты ні халодны, ні гарачы; о, калі б ты быў халодны альбо гарачы! Але як што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, дык выкіну цябе з вуснаў Маіх.” (Адкр 3, 15-16). Як бачна, Бог не дае шанцаў таму, хто не можа вызначыцца з тым, быць яму сумленным чалавекам ці не быць. Агульны хрысціянскі прынцып паводзінаў такі: не асуджай чалавека, але наколькі магчыма супрацістаўляйся злу. Вядома, каб зло перамагло ў свеце, дастаткова, што добрыя нічога не будуць рабіць. Апостал Павел павучае: “зло дабром перамагай” і заахвочвае да актыўнай пазіцыі.

Разумею, не было б канфлікту ў грамадстве, калі б улада выконвала свае функцыі згодна з законам. Беззаконне і безадказнасьць за злачынствы тых, хто кіруе, нараджаюць пратэстны настрой сярод тых, кім кіруюць.

Безумоўна, у такой сітуацыі кожны з нас мае права на мірны пратэст супраць несправядлівасці, больш за тое, афіцыйнае вучэнне Касцёла прадугледжвае нават ўзброеную барацьбу, як апошні сродак, які можна застасаваць дзеля таго, каб пакласці канец “яўнай і працяглай тыраніі, якая парушае асноўныя правы асобы і прыносіць сур’ёзна шкоду агульнаму дабру пэўнай краіны”. Гэтыя словы Папы Паўла VI з энцыклікі Populorum progressio,31 цытуе Кампендый Сацыяльнага Вучэння Касцёла (КСВК 401).

Як бы хацелася, каб грамадства нашай краіны не было змушаная карыстаць з гэтага “апошняга сродку” – узброенай барацьбы.

Сябры, вельмі хацелася б звярнуцца і да тых, хто сёння мае ўладу. Да праваахоўнікаў, суддзяў, пракурораў. Ад вас жа не патрабуецца шмат, толькі не чыніць беззаконне, не чыніць тое, да чаго сорамна будзе прызнацца перад сваімі дзяцьмі і ўнукамі. А калі жыццё паставіць вас перад дылемай што рабіць: ці пайсці за голасам сумлення, ці выканаць загад начальніка – лепш зрабіць так, як Касцёл навучае: “Сур’ёзны наказ сумлення – не ўдзельнічаць нават фармальна, у тых практыках, якія ўстаноўлены грамадзянскім заканадаўствам, але пярэчаць Божаму закону” (КСВК 399).

Як кажа Хрыстос: “Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а бойцеся больш таго, хто можа і душу, і цела загубіць у геене.”(Мц 10, 28). Адвагі Вам у жыцці згодна з сумленнем. Не адракайцеся сумлення і Хрыста, выносячы неправамерныя прысуды для невінаватых людзей, не здзеквайцеся над затрыманымі, бо тое што ўчынілі чалавеку-Хрысту ўчынілі. Не шукайце сабе праклёну ў людзей і адкінутасці ў Бога. Памятайма словы Збаўцы: “хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.”(Мц 10,33) А тое што Ён сказаў станецца непазбежна.

Можа і для вас прыспеў час сказаць: “стоп, хопіць!” Бо нам не па дарозе з беззаконнем.

Жадаю ўсім нам мірных пераменаў.

Малюся, каб на змену хамству, насіллю ды беззаконню ў нашай краіне прыйшлі павага да Беларускага народу і кожнага чалавека і жыццё згоднае з законам.

а. Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі