Барок: Будучы святаром, я тым больш павінен казаць словы праўды ў Беларусі

На сваім ютуб-канале я часта закранаю сацыяльныя праблемы і спрабую знаёміць Вас з сацыяльным вучэннем Касцёла.

Дзякуй Вам за водгукі. Сярод розных каментароў і водгукаў ёсць і такія, калі вы кажаце: “Не пішы, не кажы, не здымай, мы баімся за цябе. Некаторыя з вас прызнаюцца, што паглядзеўшы відэа баяцца паставіць падабайку, або зрабіць рэпост. Хтосьці пытаецца таксама, ці з-за сваіх выказванняў я не адчуваю ціску з боку якой-небудзь улады?”

Прызнаюся, з таго, што мне вядома, то апошні раз пару гадоў таму назад у маёй справе быў скіраваны грозны ліст да біскупа, ад спадара Гулякі – калі хто не ведае, гэта ён узначальвае Апарат упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў. Мэтай таго ліста, напэўна, была спроба забараніць мне гаварыць. У ім прыводзіліся цытаты з напісаных пастоў, што змяшчаліся на маёй старонцы ў фэйсбуку і падаваліся, як прыклад недапушчальных выказванняў.

Безумоўна, той інцыдэнт ніяк не мог паўплываць на стыль майго далейшага прапаведвання. Бо, насамрэч, я ўвесь час стараюся свае выказванні фарміраваць у духу Евангелля і не выходзіць за рамкі навучання Каталіцкага Касцёла. Таму і не палічыў патрэбным прыслухацца да парад, якія не адпавядалі вышэй агучаным крытэрыям.

Я разумею, што страхі некаторых ёсць абаснаваныя. За свае перакананні можна атрымаць суткі і штрафы, сустрэцца з гвалтам з боку дзяржавы. Фактам ёсць, што сёння ў Беларусі вядзецца вайна з незалежнымі блогерамі. Яе мэтай, асабіста я, бачу запалохванне не саміх блогераў, але перадусім чытачоў і гледачоў, гэта значыць кожнага з нас. У выніку гэта ёсць спроба з боку ўлады, задушыць свабоднае слова сярод падуладных.

Навошта гэта робіцца і тым самым ламаецца канстытуцыйнае права на свабоду мыслення і выказвання, якое гарантавана 33 артыкулам Канстытуцыі? Бо акурат свабоднае слова і вольнае мысленне ёсць найбольшым ворагам кожнага таталітарнага і аўтарытарнага рэжыму. Ведаеце, таму і я, будучы святаром, тым больш у такіх рэаліях павінен казаць слова. І дзякуй Богу, я не маю ніякага страху. Калі і ёсць нейкі страх, то гэта страх прамаўчаць, калі бачу несправядлівасць і беззаконне. Дарэчы, запрашаю таксама паглядзець відэа  “Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць” (Мц 10,28), там таксама ёсць мова, як не паддацца страху.

Касцёл ніколі не маўчыць, калі дзеецца грэх у жыцці чалавека, і прапаведуе таксама і тады, калі грэх праяўляецца праз масавае злоўжыванне ў дзяржаўных інстытуцыях і праз акты гвалту, што здзяйсняюць праваахоўныя органы. Такія феномены вельмі небяспечныя, бо калі яны набіраюць сыстэмны характар, тады ў дзяржаве нараджаецца фашызм.

Вось у такія моманты трэба, каб Касцёл прапаведаваў. Напрыклад у ХХ ст. папа Пій XII напісаў 4 энцыклікі, у якіх тлумачыў ў чым крыецца небяспека і зло таталітарных рэжымаў, такіх як фашысцкага ў Італіі і Германіі, і таксама камуністычнага ў СССР і Кітаі. Больш грунтоўна з гэтай думкай можна азнаёміцца ў 92 параграфе Кампендыя Сацыяльнага Вучэння Касцёла.

Дзякуй Богу, што і ў нашым грамадстве ёсць таксама неабыякавыя католікі да тых працэсаў, якія мы можам назіраць у нашай краіне. І з клопатам пра будучыню Беларусі, яны запусцілі кампанію “Католік, фальсіфікацыя выбараў — гэта цяжкі грэх”. Свайго роду гэта адказ свецкіх вернікаў на заклік мітрапаліта Кандрусевіча зрабіць выбары ў краіне сумленнымі.

Дык вось, хацелася б падкрэсліць наколькі важна сёння гаварыць слова праўды і не маўчаць тады, калі можна казаць і сеяць зерне праўды. Як пісаў Апостал Павел: “Таму адкінуўшы хлусню, няхай кожны з вас гаворыць праўду свайму бліжняму” (Эф 4,25).

Дай Божа, каб сёння ў сэрцы кожнага з нас сеялася слова праўды, а не хлусні. І так, як кажа прыпавесць пра сейбіта і зерне з Евангелля паводле Мацвея, радзел 13 вершы 1-9, каб гэта слова дало стокротны плён у выглядзе збудавання краіны, у якой будзе шанавацца кожны чалавек і яго правы.

Канешне, дзеля гэтага мы напачатку павінны парваць з посткамуністычнай спадчынай. Бо што можна было збудаваць на развалінах таго ж камунізма, які Папа Пій XII называў “па самой сваёй сутнасці сапсаваным”. А тая постсавецкая спадчына, нажаль, у нейкім сэнсе лягла ў аснову дзяржаўнай ідэалогіі, якая cёння давяла краіну да крытычнага стану. Аб гэтым сведчыць тое, што сёння мы не можам адказаць на пытанне, што будзе з намі праз месяц. Выбары і Плошча, ваеннае становішча, гвалт і яшчэ большы гвалт у дачыненні кожнага, хто не паверыць у празрыстасць выбараў, ці ўсё ж мірныя перамены?

Асабіста я не бачу ніякага выйсця для ўсіх нас апрача таго, як пачаць казаць слова праўды. “Пазнайце праўду і праўда вызваліць вас.” (Ян 8, 32).

а. Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі