Ці кожны чалавек здольны верыць?

Чаму ёсць «няверуючыя» людзі? Гэта тыя, якім дадзена здольнасць верыць, але яны яе не развіваюць, а могуць нават, наадварот, прыглушаць. Чаму некаторыя асобы так паступаюць?

Часам святарам даводзіцца сустракацца з пытаннямі вернікаў, якія заклапочаны абыякавасцю да веры сваіх блізкіх ці знаёмых. Мяркуючы па паводзінах такіх заблакаваных на Бога асобаў, здаецца, што ў іх адсутнічае здольнасць верыць. Тады ўзнікае сумненне: а можа яны сапраўды не здольныя? Можа ім не дадзена тое, што дадзена іншым. Калі так, то чаму аднаму чалавеку Бог дае ласку веры, а другому — не? А калі кожнаму дадзена верыць, то чаму ў адных гэты дар заўважны, а ў іншых яго нібыта няма?

Што такое вера?

Каб адказаць на пастаўленыя пытанні, варта спачатку разабрацца, чым увогуле з’яўляецца вера. Святое Пісанне тлумачыць, што вера — «гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся, і доказ таго, чаго мы не бачым» (Гбр 11, 1). Верыць — значыць абапірацца на тое, што нябачнае, але добрае і заснаванае на даверы камусьці годнаму гэтага. Усё нашае жыццё пранізана верай і даверам. Мы давяраем сваім рукам, нагам, вачам, вушам, высновам. Давяраем прадаўцам прадуктаў у краме. Верым, што на запраўцы заліваем у аўтамабіль адпаведнае паліва. Верым, калі ўключаем у разетку электрапрылады (тэлевізар, мабільнік на зарадку, пральную машыну і г. д.), што яны не згараць, атрымаюць адпаведную і неабходную ім электрамагутнасць. Мы давяраем людзям, асабліва калі нас лучыць шчырая любоў і калі яны дагэтуль нас не падвялі. Чым больш пацвярджаецца вера, тым яна мацнейшая. Чым больш надзейны чалавек, тым больш мы яму давяраем.

Як зямное адрозніваецца ад нябеснага, гэтак і вера звычайная (побытавая) адрозніваецца да звышнатуральнай веры ў Бога (Кампендый Каталіцкага Касцёла, далей ККК, 150). У першым выпадку мы маем магчымасць фізічна праверыць і ўступіць у кантакт з тым, каму ці чаму давяраем (людзі, прылады). У адносінах з Богам мы маем дачыненне да звышнатуральнай (нефізічнай) рэчаіснасці, кантакт з якой магчымы толькі на ўзроўні духоўных перажыванняў, якія фізічна могуць быць даступныя толькі ў знешніх наступствах, эфектах, пладах. Дзякуючы таму, што Бог нябачны, Ён не змушае нас прызнаваць Яго і верыць. Ён сваёй нябачнасцю пакідае нам свабоду выбару, праз якую нібы хоча сказаць кожнаму чалавеку: «Можаш рабіць выгляд, што Мяне няма, а можаш уступіць са Мной у вельмі цесную сувязь, якая пачынаецца з веры» (гл. ККК, 160).

Няма людзей, якія не мелі б здольнасці верыць

Калі вера — гэта перадумова кантакту з Богам, то яна неабходная нам гэтак жа, як жыццё. Таму Святое Пісанне і жыццё, і веру называе дарам (гл. Як 1, 17; Мц 16, 17). Асабліва пра гэта нагадвае апостал Павел, калі кажа: «Вы ж збаўлены ласкаю праз веру. І гэта не ад вас, гэта Божы дар» (Эф 2, 8). Катэхізіс Каталіцкага Касцёла тлумачыць, што вера — гэта акт асобы, вольны адказ чалавека на ініцыятыву Бога, які аб’яўляецца (гл. ККК, 166). Залатой ніццю праз усю Біблію і шматвяковую гісторыю Касцёла праходзяць канкрэтныя прыклады лёсаў людзей, якія змаглі на веры пабудаваць такія адносіны з Богам і ўзысці на такія глыбіні і вышыні жыцця, якія звычайна могуць здавацца фантастыкай.

Вера — гэта адзін з фундаментальных дароў, закладзены Богам у кожнага чалавека ад пачатку (гл. ККК, 179). Няма людзей, якія не мелі б здольнасці верыць. Але ёсць людзі, якія не карыстаюцца і нават заглушаюць свае здольнасці. Больш за тое, ёсць людзі, якія выкарыстоўваюць дадзены ім патэнцыял (дар, талент) не па прызначэнні, ператвараючы моц здзяйснення ў разбуральную сілу знішчэння. Тое самае адбываецца з дарам веры. Ён дадзены нам для таго, каб мы былі здольныя будаваць даверлівыя адносіны з Богам (гл. Юдт 8, 11–20). Але гэты дар абумоўлены іншымі дарамі: розумам і воляй. Вера без розуму — гэта сляпая моц, падатлівая на знешнія маніпуляцыі. А разумная вера без сілы волі становіцца пустой тэорыяй, непрыдатнымі ведамі. Таму вера патрабуе разумнага асэнсавання і валітыўнага рашэння. Тады яна дапамагае чалавеку адкрываць і пазнаваць Таго, Хто спачатку быў створаны як падсвядомае прагненне дабра і праўды. А пасля Той падсвядома шуканы Бог, адкрыты як рэальнае «Я» — любячае і годнае любові, пабуджае чалавека да канкрэтнага жыццёвага выбару і дзеяння паводле веры (гл. ККК, 163). У выніку яна ператвараецца з патэнцыяльна магчымай у актуальна рэальную сілу, што якасна змяняе чалавека і ўзносіць яго на неймаверныя вышыні звышнатуральных адносінаў з Панам.

«Няверуючыя» людзі

Зыходзячы з асэнсавання веры як дару, цноты, якая патрабуе цеснага супрацоўніцтва чалавечага розуму і волі з Богам, пачынаем разумець, чаму ёсць «няверуючыя» людзі. Гэта тыя, якім дадзена здольнасць верыць, але яны яе не развіваюць, а могуць нават, наадварот, прыглушаць. Чаму некаторыя асобы так паступаюць? Прычыны розныя: індывідуальныя, абумоўленыя цэлым калейдаскопам асабістай жыццёвай гісторыі кожнага. Найчасцей заглушае веру антырэлігійнае выхаванне, абыякавасць да духоўнасці або скажонае ўяўленне пра Бога, Касцёл, звышнатуральнасць (гл. ККК, 164). Дар веры, як зерне, якое можа вырасці ў магутнае і пладавітае дрэва, а можа так і застацца засохлым, паўжывым зярняткам (гл. Мц 13, 1–23).

Часам здараецца, што нават з вельмі пабожнай і ўзорнай хрысціянскай сям’і выходзяць бязбожныя дзеці. Прычынаў гэтаму таксама можа быць шмат. І не заўсёды вінаватыя бацькі, бо здараецца, што старэйшае пакаленне фарміруе ў дзіцяці такі вобраз Бога, які яму незразумелы і нават адштурхоўвае. Можа быць, што адносіны з веруючымі бацькамі былі адсунутыя на другі план больш прывабнымі адносінамі з нейкай кампаніяй, якая перамагла ў сэрцы і думках маладой асобы, сеючы ў ёй цынізм і нявер’е ў магчымасць дабра ў гэтым свеце. Як жа ім неабходнае сведчанне кагосьці, хто пакажа ім рэальную альтэрнатыву і прыклад таго, што можна жыць верай, і толькі такое жыццё сапраўды поўнае, яркае і мае сэнс!

Уступіць на шлях веры могуць толькі людзі, якія не маюць граху?

Святары, якім даводзіцца ў сваім душпастырстве сустракацца з самымі рознымі лёсамі людзей, ведаюць, што 90% «атэістаў» — гэта людзі, якія насамрэч маюць праблемы не з вераю (адносінамі з Богам), а з мараллю (адносінамі да сябе). Найчасцей прычына нявер’я або недаверу да Бога — гэта схаванае памылковае перакананне чалавека ў тым, што ўступіць на шлях веры могуць толькі людзі, якія не маюць граху. Ён лічыць, што вера для святых, а ён, маўляў, жыве ў граху і яму так добра. А пайсці іншым шляхам, значыць пачаць радыкальна змяняць тое, што не хочацца змяняць, або, паводле яго пераканання, нерэальна змяніць. Менавіта такія асобы складаюць большасць тых, хто з-за маральных прычын адкідае веру, хаця знешне найчасцей гэта адмаўляюць і з сур’ёзнымі мінамі на твары вядуць тэарэтычныя «філасофскія дыскусіі» аб існаванні-неіснаванні Бога. А насамрэч, як толькі вырашаеццаіх нейкая маральная ці псіхалагічная праблема, ім ужо не патрэбныя ніякія тэорыі і дыскусіі пра Бога. Ім проста і па-дзіцячы шчыра хочацца любіць Бога і любіць жыццё.

Пан Бог надзяліў чалавечую прыроду велізарнай патэнцыяльнай здольнасцю да звышнатуральных адносінаў з Ім (гл. ККК, 153). Ён не перастае пабуджаць чалавека да такіх зносінаў (гл. 1 Цім 2, 4). Дар імкнецца прабіцца праз тоўшчу няведання, памылак, слабасцяў. Калі ж чалавек раскрывае гэты ўнутраны бязмежны патэнцыял духу і свет адносінаў з Богам, ён адчувае сябе нібыта народжаным нанова, пачынае жыць па-сапраўднаму. Можа таму, псіхолагі і сацыёлагі заўважаюць, што няверуючыя людзі ў большасці няўпэўненыя, баязлівыя і схільныя да дэпрэсіі, хоць імкнуцца ўсё гэта схаваць пад агрэсіўнай маскай самаўпэўненасці. І часта дастаткова, што яны адкрыюцца на маленькі
праменьчык Божай ласкі, іх сэрца пачынае ажываць, яны пачынаюць усё бачыць у якасна іншым вымярэнні. І калісьці пасеянае Панам зярнятка веры пачынае ўзрастаць у іх жыцці з такой магутнай сілай, на якую толькі здольная душа, з’яднаная ў бязмежнай любові з Богам.

кс. Андрэй Рылка

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі