Малітоўны марафон за Беларусь абвясцілі паўнаевангельскія цэрквы нашай краіны

IMG_6940-800x445_resize

Рэлігійнае Аб’яднанне цэркваў хрысціянаў поўнага Евангелля ў Беларусі 13 ліпеня абвясціла пра пачатак малітоўнага марафону, які працягнецца да 30 жніўня, перадае  jesuschurch.by.

Вернікі будуць праводзіць рэгулярныя набажэнствы з пастом, молячыся пра нашу краіну і народ:

− за дух пакаяння і Богашукання ў народзе;

− за свабоду і мір у краіне;

− за духоўнае абнаўленне нацыі;

− за незалежнасць Беларусі;

− за Божы шлях і біблейскі падмурак развіцця ўсіх сфер жыцця грамадства;

− за замацаванне біблейскіх каштоўнасцяў у грамадстве;

− за ўсе ўзроўні ўлады, іх пакору перад Богам і ўсведамленне сваёй адказнасці перад Ім і перад народам.

24_06_2018(84)_resize
Епіскап РООХПЕ Леанід Вараненка

Да вернікаў таксама звярнуўся епіскап рэлігійнага Аб’яднання цэркваў хрысціянаў поўнага Евангелля ў Беларусі (РООХПЕ) Леанід Вараненка, запрашаючы далучыцца да малітоўнага марафону ўсіх неабыякавых:

«Дарагія служыцелі, браты і сёстры! Я ўпэўнены, што Бог паклікаў нас служыць нашай краіне і гарадам, дзе мы пакліканы. Ён даў нам Свае адкрыцці і стратэгіі, каб праз стварэнне новых і служэнне існым мясцовым цэрквам пашыраць Царства Божае!

Адной з найважнейшых спраў, да якіх паклікана Царква Хрыстовая, з’яўляецца малітва.

У Бібліі апісана мноства прыкладаў і дзівосных вынікаў, дасягнутых дзякуючы Божаму ўдзелу ў адказ на малітву і пост. Майсей, Эсфір, Давід, Ісус Хрыстос – усе яны не толькі ведалі сілу паста і малітвы, але і рэгулярна практыкавалі гэта. Біблейскі пост можа змяніць натуральны ход падзей у жыцці не толькі пэўнага чалавека, але цэлых родаў і народаў.

У 1Пятра 4:7 сказана: «Зрэшты, блізкі ўсяму канец. Дык вось будзьце ў добрым розуме і чувайце ў малітвах». Таму я заклікаю вас і вашыя цэрквы да посту і малітвы!

Біблейскія прароцтвы выконваюцца ў нас на вачах, мы сапраўды стаім на парозе грандыёзных  змен як на сусветнай арэне, гэтак і на нацыянальнай.

Толькі ў блізкіх адносінах з Богам мы знаходзім свежыя сілы, новыя ідэі і Божы кірунак для будучых часоў.

Ёсць мноства прычын маліцца, пасціць і ўглядацца ў свой духоўны стан проста зараз.

Першае, нам трэба вызначыць, ці цвёрда мы трымаемся Біблейскай і хрысціянскай пазіцыі. Няможна недаацэньваць сілу лжэвучэнняў і спакушэнняў, якія напоўнілі зямлю ў наш час.

Па-другое, 2020 год для Беларусі – гэта год выбараў.

У малітве Гасподняй ёсць такія словы: «…не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога» (Мц.6:13).

Давайце маліцца аб Божым збавенні ад зла; ад хітрых, злых і бязладных людзей; супраць кровапраліцця; пра адзінства ў нашым народзе. Таксама будзем чакаць і маліцца па прароцкім слове, калі Госпад яго дае.

Трэцяе, нам трэба маліцца аб навяртанні нашага народа да Бога: аб Духу пакаяння, Богашукання і Богапазнання; аб багабойнасці ў народзе; аб адкрыцці людзей на евангельскае слова; аб шчырым імкненні жыць абапіраючыся на хрысціянскія каштоўнасці; каб людзі прыходзілі ў цэрквы і аб іншым, аб чым вы разумееце, што аб гэтым трэба маліцца.

Ваш прароцкі голас важны для нашай зямлі і нашага народа!

Ваша малітва і ваш голас – гэта тое, што Бог хоча вызваліць з вашага духу. Хай гэта прагучыць з вашага сэрца і вуснаў. Не чакайце, што нехта іншы зоймецца гэтым. Гэта павінен быць ваш гук! Дазвольце яму выйсці з вашых вуснаў і памяняць нашу рэчаіснасць па дзеянні Духа Святога!

В период с 13 июля по 30 августа 2020 года мы будем проводить регулярные молитвенные собрания с постом. Разумеется, мы не прекратим молиться и после этого, но в это определяющее для нашей страны время наша молитва особенно важна!

Вы можаце самастойна вызначаць тыя дні і той час, які вы выбіраеце для паста і малітвы. Напрыклад, гэта можа быць дзень вашага малітоўнага сходу мясцовай царквы.

Таксама ў гэты перыяд прашу змаліцца ў названых вышэй кірунках на ўсіх агульных Набажэнствах цэркваў Аб’яднання ў афлайн ці анлайн фармаце.

Яшчэ раз ад усяго сэрца запрашаю вас да ўдзелу і веру, што супольная малітва справядлівых людзей у атмасферы хвалы і глыбокай пашаны Госпаду Ісусу стане жывым Боскім струменем, што змяняе нашу краіну і наш беларускі народ! Хай дабраславіць вас Госпад!»

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі