Зварот да святароў Вольгі Севярынец

Дарагія святары і пастары!

З вялікай павагай і пакорай я звяртаюся да Вас ад імя многіх вернікаў.

Мы шчыра хочам падзякаваць Вам за Малітву за Беларусь і мы прагнем, каб малітва, якую вы распачалі, ператварылася ў агульнанацыянальную малітву і пост за Беларусь і беларускі народ.

Беззаконне, якое дзеецца ў нашай краіне, мацнее і пашыраецца з кожным днём, і мы просім Вас не заставацца ў баку, мы чакаем вашага слова і наказу. Гаворка ідзе не пра палітыку, гаворка ідзе пра праўду, справядлівасць, павагу. Ваша слова мае для нас вялікае значэнне і вялікую сілу.

Мы верым, што выратаваць Беларусь ад зла можна толькі з Божай дапамогай. Супрацьстаянне ідзе не супраць чалавекаў, для нас, вернікаў, яно глыбей – “супраць гаспадароў цемры гэтага свету” (Эф. 6:12). Мы хочам разам, побач з братамі і сёстрамі, у нашых цэрквах і касцёлах у гэтыя дні маліцца і прасіць Бога дабраславіць Беларусь духоўнымі пераменамі.

Прашу Вас не спыняцца заклікаць вернікаў да ўзмоцненай малітвы і паста за наш народ і Беларусь. Мы асабліва хочам прасіць Госпада аб духоўным абуджэнні і спыненні беззаконня.

Мы верым, што Беларусь – гэта краіна, якую Бог любіць асабліва і Ён адкрые неба над нашай краінай, калі “ўпакорыцца народ Мой, які называецца імем Маім, і будуць маліцца, і шукаць аблічча Майго, і адвернуцца ад благіх шляхоў сваіх, дык Я пачую з неба і дарую грахі іхнія і ацалю зямлю іхнюю” (2Лет. 7:14).

Прагнем гэтага ўсёй душой.

З павагай і ўдзячнасцю за ўсё, што Вы робіце для Бога і Беларусі.

Вольга Севярынец,
арганізатар Няспыннай малітвы за Беларусь, жонка палітвязня Паўла Севярынца

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі