Умець вучыцца ад старых

Павага да продкаў як абавязак
Падаецца, што адносна бабуль і дзядуль прымяняецца правіла “альбо добра, альбо нічога”. У нашым культурным асяроддзі не асабліва прынята крытыкаваць старэйшых. І, хіба, у гэтым ёсць зерне мудрасці. Усё-такі мы не ведаем кантэкстаў, у якіх яны жылі, супярэчнасцей лёсу і выпрабаванняў, праз якія ім даводзілася праходзіць. Спрацоўвае своесаблівая прэзумпцыя невінаватасці. Калі мы не пагаджаемся са старэйшым пакаленнем, часцей маўчым. Павага да продкаў шмат у чым вучыць пакорнасці. Так, злёгку усміхаючыся, мы робім сваё, але не пратэстуем супраць старэйшых. У любы момант можа аказацца, што яны мелі рацыю.
Шанаваць імкненні
Ёсць такое перакананне, што пэўныя змены ў беларускім соцыуме магчымыя толькі тады, калі адыдзе “тое” пакаленне. Маўляў, “homo sovieticus” не можа пераскочыць сам сябе. Гэта дастаткова спрэчны тэзіс, тут ёсць шмат “але”. Хацелася б звярнуць увагу на адзін аспект: адсутнасць павагі да імкненняў і інтэнцый.
Старэйшыя людзі жылі ў іншай рэчаіснасці. Іх перспектыва заўжды падаецца запаздалай. Аднак, няглядзячы на ўсё гэта, яны шмат разоў ахвяравалі часцінку сябе для розных ідэалаў, імкнуліся да чагосьці. Сказаць услых “вы савецкія людзі, вас так навучылі” – балюча. Тое самае, нібы на фінальным адрэзку адзначыць, што бітва была ні за што. І бітвы ўвогуле не было. Жыццё абы-што. Гэта крыху нагадвае забойства чалавека. Непашана шчырых і добрых памкненняў прычыняе неверагодны боль.
Слухаць і мець свой розум
Аднойчы падчас пілігрымкі я начаваў у доме адстаўнога афіцэра, савецкага лётчыка. Раніцай ён правёў нас да рэшты пілігрымаў і ля касцёла пажадаў добрага шляху. У храм не заходзіў. Сказаў, што ўсё жыццё быў атэістам, і на старасць гадоў нібыта несумленна змяняць погляды.
Некаторыя ўсё жыццё ехалі на гарбе сваіх жонак. Іншыя думалі толькі пра кар’еру ці грошы. Іншыя ні пра што не думалі. Кажуць, што разам са старасцю прыходзіць мудрасць, але да некаторых старасць прыходзіць у самоце. Дык што, усе бабулі і дзядулі “ружовыя”? Кожны пражыў узорнае жыццё? Перад кожным маўчаць?
Часам, гледзячы на некаторых старэйшых людзей, здзіўляешся іх упартасці і жыццёвай закасцянеласці. Але маладзейшаму і ў такіх выпадках застаецца кіравацца двума папярэднімі правіламі: паважаць старэйшых і шанаваць імкненні. Моўчкі і без каментарыяў. Гэта таксама ўрокі. Можна вучыцца рабіць, як іншыя, а можна вучыцца не рабіць, як іншыя. Галоўнае – моўчкі глядзець і вучыцца.

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі