Памёр Лявон Грышук

94870146_831608300681616_7771711483519434752_n

Сёння пайшоў да Госпада наш дарагі брат, таленавіты мастак, гераічны чарнобыльскі ліквідатар — спадар Лявон Грышук. Апошнія тыдні ён быў на ШВЛ, змагаючыся з каранавірусам.
Гэта вялікая згуба для мяне асабіста, для нашай царквы, для грамадства.

Спадар Лявон заўсёды адрозніваўся асаблівым адчуваннем Бога, блізкімі стасункамі з Ім, якія ён перадаваў, як ніхто. Я любіў слухаць яго сведчанні і малітвы, бо яны былі надзвычай шчырымі. Пэўна гэта таму, што ён быў мастаком і адчуваў Госпада і праз прыроду; пэўна яшчэ таму, што ён як мала хто блізка бачыў смерць і пекла, зазіраючы ў чарнобыльскую прорву на чацьвёртым энергаблоку. Але самае важнае — ён меў сапраўдную веру, сапраўдную любоў Божую і блізкія, асабістыя стасункі з Богам. Ведаючы Лявона, я не сумняюся ні секунды, што зараз ён радуецца ў прысутнасці Хрыста. Ён мае вечнае жыццё, жыццё з Богам.

Ён сведчыў, што з усёй каманды ліквідатараў, якія тады былі з ім на ЧАЭС, нікога ўжо даўно ў жывых няма. І казаў, што Бог дорыць яму гэтыя гады жыцця, каб ён сведчыў людзям пра любоў Божую і ахвяру Ісуса Хрыста дзеля кожнага з нас. 25 год ён быў веруючы, амаль 70 год пражыў на зямлі.
Я пішу гэта, бо ўпэўнены, што ён хоча, каб не толькі яго жыццё было сведчаннем пра Бога, але і смерць. Паўтаруся, я ўпэўнены, што ён ведаў, куды ідзе. І зараз ён там.
Але ці ведаеш ты, куды ідзеш? Смерць, яна непазбежна для кожнага. Ці ты гатовы да гэтага?

«Як бы Сам Бог кажа праз нас; ад імя Хрыста просім: “Прымірыцеся з Богам”». 2-е Карынцянам 5:20

Я прашу вас, як Лявон прасіў усё сваё жыццё — прымірыцеся з Богам.
Смерць чакае кожнага з нас, але для адных гэта будзе кропка трагічная, калі ўжо нічога выправіць будзе немагчыма; для другіх — момант вызвалення і пачатку сапраўднага жыцця і сапраўднай, бясконцай радасці.

Хай Бог дабраславіць вас.

Андрэй Кім

Ліквідатар Лявон Грышук: “Бог пакінуў мяне ў жывых, каб я сведчыў”

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі