Ксёндз Барок: Перамены. Выбары. За каго галасаваць?

Ксёндз Вячаслаў Барок на сваёй старонцы ў Фэйсубку і ўласным канале ютуб выказаў сваё асабістае і святарскае меркаванне адносна сёлетніх выбараў у Беларусі. Лічым гэтае меркаванне вельмі цікавым і прапануем чытачам Krynica.info. Ніжэй глядзіце і відэа.

Той, хто аднойчы пакаштаваў смак свабоды, больш ніколі ад яе не адмовіцца.

Гэтым летам над тэрыторыяй усёй нашай краіны Беларусь, усталявалася вельмі спецыфічная атмасфера, паветра напалітызавалася і пачалі дзьмуць устойлівыя вятры пераменаў. Яны паспяхова разганяюць застаяўшыйся смурод страху і безнадзейнасці.
Сёння пра змены ў грамадстве можна казаць не як пра патэнцыйную рэалізацыю мараў у будучым, але як пра з’яву, якая ўжо здзейснілася. І канешне, спэцыфікай утварыўшайся новай сітуацыі ёсць і тое, што яшчэ большыя і больш важныя перамены нас чакаюць у будучым.

Як на новую сітуацыю мае рэагаваць хрысціянін?
Адбываецца шмат дыскусій і нават паўстаюць спрэчкі аб тым, ці тыя змены, якія ўжо ёсць і тыя, што чакаюць нас у будучым, добрыя ці не.

Ксёндз Вячаслаў Барок

Я сказаў бы так, што трэба умець чытаць знакі. Хрыстос аднойчы сказаў: «Крывадушнікі! аблíчча неба вы ўмееце адрозніваць, а знаменняў часу не можаце распазнаваць?» (Мц16,3). Так вось, каб не пачуць аднойчы дакору Хрыста, давайце паспрабуем адчытаць знакі. Заўважце самі:

збіраюцца натоўпы людзей, а вочы людзей слезяцца ад надзеі; беларуская мова ўсё часцей пачынае гучаць з вуснаў тых, хто раней яе не ўжываў, ну і слухаюць яе таксама тыя, хто раней яе не слухаў; незалежнасць краіны, ва ўнісон, хоць і абсалютна рознымі кандыдатамі з розных штабоў, вызначаецца фундаментальнай каштоўнасцю і каштоўнасцю нумар адзін. І пры гэтым, спантанна, як само сабой разумеючыеся, вяртаецца беларускі сцяг, які часова, пры гэтай уладзе, ёсць заменены на сцяг савецкі.

Гэта знакі, якія мы павінны ўмець правільна адчытаць і іх правільная трактоўка дае магчымасць рабіць правільную выснову. Мы, наша краіна, выходзім на правільны шлях. Яшчэ, безумоўна, не адышлі ад прорвы да якой набліжаліся апошнія чвэрць стагоддзя і, ступіўшы ў якую, згубілі б незалежнасць, але ўжо паволі, прачынаючыся ад сну бяздум’я, разумеем, што як было раней, больш так быць не можа.

Хрысціяніну не трэба баяцца перамен. Іх трэба правільна ўспрымаць.

Гісторыя народу абранага, якая ёсць педагагічным пасылаем, скіраваным да кожнага народа і чалавека, вучыць, што Бог хоча перамен у жыцці кожнага. Слова Божае заахвочвае адрываць свой уважлівы позірк, скіраваны выключна на тое, што маем сёння ці мелі ўчора, каб зазірнуць у будучае і ўбачыць тое, што можам атрымаць ад Бога заўтра. А заўтра абавязкова атрымаем больш, калі сёння выставім правільныя прыярытэты.

(Дарэчы, пра прыярытэты глядзіце ў іншым відэа.)

Чалавеку не заўсёды зразумелыя Божыя задумы. Так і ў Старым Запавеце, Народ які ішоў з Егіпта да зямлі абяцанай шляхам вызвалення, замест таго, каб углядацца наперад, азіраўся назад і думаў аб тым, што пакінуўшы няволю згубіў чоснак, які меў раней. Безумоўна, Богу гэта не магло падабацца. Той, хто сумаваў па чоснаку але пры гэтым еў нябесную манну і не меў тугі па зямлі абяцанай, так і памёр у пустыні і не ўбачыў жыцця лепшага. Чалавек, які не цэніць свабоды, ніколі не дачакаецца лепшага жыцця.

З іншага боку, народ, які натоўпам хадзіў за Хрыстом, слухаючы пра Валадарства Божае, нават на пустынным месцы насычаўся ўдосталь. Так кажа ўрывак пра размнажэнне хлеба з Евангелля паводле св. Мацвея 14, 13-21. Мудрасць Евангелля пераконвае, што чалавек, які выходзіць на сустрач лепшаму новаму жыццю, хоць і невядомаму, ніколі не размінецца са сваім шчасцем, пры ўмове, што будзе трымацца правільных прынцыпаў.

У мяне шмат хто пытаецца, так за каго галасаваць, каб не памыліцца ды наогул, каму з кандыдатаў можна давераць?

Я не палітык, я не прыналежу да ніводнай з партый, і я не назаву вам ніводнага імя. Я не агітатар. Асабіста я давераю толькі Богу! І кожнаму раю не рабіць ілюзій, што прыйдзе нейкі новы кандыдат, або застанецца стары і ён вырашыць усе нашыя праблемы, а мы спакойненька зможам вярнуцца на свае ўтульныя канапы і далей адлежваць свае бакі. Так вось, такога збаўцы не будзе.

Але, робячы выбар, трэба быць вельмі разважным і крытычным. Слухайце, што кажуць палітыкі і глядзіце, што робяць. Ацэньвайце іх абяцанні і жыццёвыя дасягненні праз прызму сацыяльнага навучання Касцёла.

Напрыклад наш мітрапаліт Рымска-Каталіцкага Касцёла напісаў зварот з нагоды выбараў. Першым крытэрыям, на які неабходна звяртаць увагу, пры выбары патэнцыйнага кандыдата, арцб Тадэўш Кандрусевіч назваў адносіны кандыдата да інстытута сям’і.

Што гэта значыць? А вы паглядзіце самі, што кандыдаты гавораць пра сям’ю. І як яны да сям’і адносяцца. Напрыклад, хто з іх для атрымання ўлады свой сужэнскі саюз пакінуў, а хто для ўратавання таго ж саюзу ідзе да ўлады?

Можна і далей рабіць паралелі. Хто з іх казаў, што мы будучыню будзем будаваць на дасягненях кастрычніцкай рэвалюцыі, а хто з іх казаў, што мы распусцім БРСМ, як арганізацыю маральна сябе выжыўшую.
Хрысціянін, вядома, не можа падтрымоўваць і выбіраць тых палітыкаў, якія ў аснову сваёй дзейнасці кладуць каштоўнасці супярэчлівыя з Евангеллем.

Я разумею, што ва ўсім гэтым непроста разабрацца, бо нават і святары часам неабачліва выказваюцца і іх словы выклікаюць неразуменне і здзіўленне сярод вернікаў.
Так пэўны праваслаўны святар на беларускім тэлебачанні у кантэксце выбараў выказаўся пра свабоду думкі: «Свабода думкі можа быць на кухні, на асабістай старонцы ў сацыяльных сетках, на санкцыянаваным мітынгу, інакш уся краіна ператворыцца ў брудную кухню.» Маўляў і ўсё, больш і не трэба чалавеку ні свабода, ні думка. А на маю ж думку, вось толькі дзеля гэтай «свабоднай думкі», дзякуючы каторай праяўляецца і вольная воля і розум, чалавек і мае падабенства да Бога і так таксама вучыць Катэхізіс.

А вось газета «Гродзенская Праўда» толькі ўжо вуснамі каталіцкага святара пад тэгам #выбары2020 выказалася так: «І дзяржава і Касцёл пакліканы служыць людзям і імкнуцца да таго, каб у краіне валадарылі мір, супакой і адзінства».
У кантэксце сённяшняга дня, гэтыя словы гучаць як правакацыя.
Па-першае нельга ставіць на роўні дзяржаву і Касцёл, бо Касцёл — арганізацыя заснаваная Хрыстом, дзяржава ж засноўваецца народам. Адпаведна служэнне іх таксама розняцца. Касцёл служыць Богу і праз гэта служыць чалавеку. Дзяржава служыць чалавеку, ну і праз гэта, калі добра служыць, можа ўслужыць і на хвалу Богу .
У выніку, такое выказванне пры не правільна расстаўленых націскам, размінаецца з праўдай. Такія артыкулы-праслаўленьня, дыманстрыруюць кароткую памяць, бо ў іх забываецца пра больш за тысячу грамадзян Беларусі, якія апошнім часам незаконна былі пакараныя па палітычных матывах. Забываецца таксама і пра тое, што яшчэ ёсць шмат маёмасці касцёльнай, якую савецкая ўлада раней забрала і сёння дзяржава не аддае касцёлу. Напрыклад Чырвоны касцёл у Мінску.

Перамены — гэта добрая справа!
А ці гэта перамены ўжо сапраўдныя, ці не, на маю думку, вырашыць вось такі момант, калі хтосьці з кандыдатаў загаворыць больш выразна пра разлічэнне з савецкай спадчынай.

Дзеля гэтага, трэба жаданне народа адправіць усё камуністычнае і савецкае у музей. Напрыклад, у такі, як ёсць у Румыніі — Музей жахаў камунізма, ці як ў Вільні — Музей акупацый і барацьбы за свабоду.
Вось, як у нашай краіне з’явіцца такі музей, смела можна будзе сказаць , што вецер пераменаў, які нарадзіўся гэтым летам, разагнаў цёмныя хмары фашызму, што віселі над нашай краінай.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі