Б’ю ў звон, пакуль б’юць людзей

Адказваю на заклік праваслаўнага святара айца Роя з Гродна.

Армагедон працягваецца, і ён не завершыцца аж пакуль дабро не пераможа зло, праўда- хлусню, свабода- няволю. І гэта непазбежна будзе, хоць сёння падаецца , што настаў той час, калі жывыя могуць пазайздросціць мёртвым. (пар. Адкр 9,6)  (Пра Армагедон глядзі больш па спасылцы)

Ужо суткі, як мы ізноў маем доступ да інтэрнэта. Гэта важна, бо раней мелі досвед трох сутак без доступу да яго і інфармацыі.

Адключаны інтэрнэт пазбавіў нас фундаментальнага права камунікаваць у свабоднай форме з іншым чалавекам, пазбавіў магчымасці атрымоўваць інфармацыю і дзяліцца сваімі думкамі.
Гэта абмежаванне свабоды чалавека.
Яшчэ і сёння можна задаваць сабе пытанне: што гэта наогул было?

Асабіста я адказваю на яго так: краіна Беларусь атрымала пакаранне і ўсе без выключэння, ўвесь народ, былі адпраўленыя на трое сутак няволі.
За што такое пакаранне ўсім нам? Вядома, за тое, што мы, меркаваннем улады, зрабілі няправільны выбар і прагаласавалі не за быўшага прэзідэнта і не падтрымалі аўтарытарны рэжым у краіне, але выбралі перамены. Вось за нелюбоў да хлуслівай сыстэмы атрымалі пакаранне – трое сутак!

А пад покрывам інфармацыйнай блакады дзяржава здзейсняла чарговае злачынства. Афіцыйная ўлада праводзіла і далей праводзіць масавыя рэпрэсіі і запалохванне грамадства. У выніку праяўленага насілля да мірных грамадзян Беларусі, некалькі чалавек загінула, дзесяткі атрымалі цяжкія раненні, сотні былі збітымі супрацоўнікамі сілавых структур больш пяці тысяч чалавек у гэтыя дні патрапілі ў турмы і сёння церпяць там гвалт, здзек і прыніжэнне.

Сябры, ўчора чытаючы навіны , я плакаў ад свайго бязсілля, бо ніяк не магу паўплываць на тое беззаконне і злачынства сведкамі якога мы з’яўляемся сёння.

Я ўзгадваў Хрыста, які заплакаў, калі ўбачыў Ерусалім, бо жыхары яго не пазналі тое, што служыць яго супакою. (пар. Лк 19, 41-42).

Сёння я не плачу, але малюся. Прашу Бога за Беларусь і ведаю, што супакой магчымы толькі тады, калі ў нас запануе праўда і справядлівасць. Супакой не дасягнеш праз падман, рэпрэсіі і збіццё дубінкамі мірных грамадзян, бо як кажа прарок Ісая: “І справай ісьціны будзе мір, і плодам правасудзьдзя – супакой і бясьпека вечная”. (Іс 32,17).

А таму малюся таксама, каб Бог спыніў фашызм у Беларусі, каб уладзе на чале з Лукашэнкам даў дух пакаяння.
Тыя хто мае ўладу, сёння імкнуцца праз гвалт прынізіць нашу годнасць. Іх метады пацыфікацыі ў грамадстве пратэстных настроеў супраць сфальсіфіцырываных выбараў, інакш як фашыстоўскімі не назавеш.

У гэтым супрацьстаянні за сваю годнасць нам, хрысціянам, і кожнаму, хто мае сумленне, наканавана перамагчы.

Чаму? Таму што мы маем веру ў Бога і вышэйшыя ідэалы. Папа Францішак учора у сваім штодзённым навучанні сказаў: “… вера кліча нас да сур’ёзных і актыўных намаганняў для супрацьстаяння абыякавасці перад абліччам парушэнняў годнасці чалавека”.

Звяртаюся таксама да усіх тых, хто мае ўладу.

У гэтай беспрэцэдэнтнай канфліктнай сітуацыі, як заклікаюць біскупы Касцёла ў Беларусі і як звяртаўся праваслаўны мітрапаліт, я паўтараюся і кажу яшчэ раз Вам – якія пакуль яшчэ маеце ўладу: “спыніце гвалт!, сядайце за стол перагавораў з Народам. Беларускі Народ прагне пераменаў.”

Я разумею, што Вашыя рукі ў крыві, я ведаю моц вашай ненавісьці да іншадумцаў і здольнасці рэпрэсійнай машыны.

Аднак, што Вы можаце зрабіць са мной і з тымі, хто мае веру?

Так, вы можаце заўтра прыехаць і за мной, як учора прыехалі дадому і забралі на пару гадзін прафілактычнай размовы “католіка які не фальсіфікуе” Арцёма Ткачука.

Вы можаце ачарняць добрае імя, збіваць, і нават забіваць, але Вы не можаце прымусіць мяне і іншых пачаць думаць інакш і стаць на калені.
Чаму? Таму што, я не баюся тых, хто забівае цела, бо душы не могуць забіць. (Глядзі відэа, там больш)

Мая вера мацней за Вашу нянавісць.
Прабачэнне мацней за вашае жаданне помсты.

Вы – прагулялі. Выпускайце зняволеных, станавіцеся на калені перад народам і прасіце прабачэнне. Усе, хто датычны да злачынстваў, проста сыходзьце ў адстаўку і рыхтуйцеся адказаваць перад правасуддзем.

Сябры, прашу Вас усіх якія прайшлі праз здзек і катаванне, пазбаўленне волі: не паддавайцеся ненавісьці і жаданню адпомсціць.

Перамены ідуць і верце, кожнае зло будзе пакаранае і злачынцы адкажуць перад справядлівым судом.

Прыдзе час “і справядлівасць і супакой пацалуюцца” (Пс 85,11) і гэта адбудзецца на нашай зямлі, дзе жывуць людзі з сумленнем.
Заставайцеся людзьмі ў змаганні за чалавека ў нутры нас.
Маліцеся з намі Бог!

а. Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі