“Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
На Ланцуг пакаяння «Курапаты-Акрэсціна. Ніколі зноў», які прайшоў 21 жніўня ў Мінску, прыйшлі тыя, хто бачыць неабходнасць у пакаянні за злачынствы камуністычнага рэжыму. Карэспандэнты партала “Krynica.info” запыталі ў вернікаў розных канфесій, чаму яны вырашылі прыйсці на ланцуг.
Каля фінальнай кропкі ланцуга – ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна – сабралася некалькі сотняў чалавек. Са сцягамі. З крыжамі і іконамі. З плакатамі. І са спевамі праслаўлення.
Лада, верніца царквы хрысціян веры евангельскай “Благадаць” пераканана, што тое, што зараз адбываецца на Акрэсціна, – гэта спадчына Курапатаў: “Як пры камуністычнай уладзе расстрэльвалі людзей, так і зараз адбываецца фактычна тое ж самае. Мы не пакаяліся ў злачынствах, калі СССР распаўся. Таму зараз прыйшоў час народу зразумець, чаму ў нас усё так”.
У ланцугу былі прыкметныя дзве жанчыны, якія стаялі з плакатамі і іконамі. Ганна – каталічка, а Таццяна – праваслаўная верніца. Жанчыны пазнаёміліся на адной з акцый салідарнасці ў горадзе.
Цяпер яны ходзяць разам і моляцца. Ганна моліцца за ўнукаў і праўнукаў: “Калі мае праўнукі падрастуць, я хачу, каб калі ў іх будзе раптам іншае меркаванне, іх не забівалі. Закон павінен быць вышэй за ўсё. Калі я парушыла закон, мяне таксама трэба судзіць”. Таццяна паказвае малітву, якой яна моліцца за супрацоўнікаў сілавых структур: “Мы молімся і за АМАП, бо яны не разумеюць, што робяць. Мы хочам, каб ніколі ў Беларусь не вярнуўся фашызм. Мы вартыя іншага жыцця”.
Вікторыя – каталічка. У ланцугу яна стаяла з ружанцам і малілася: “Я лічу, што малітва за тых, хто загінуў у 1937-ым, за тых, хто пацярпеў у наш час, – гэта тое, што патрэбна Беларусі. Калі б у нашай краіне было больш людзей, у сэрцах якіх жыве Бог, магчыма, такіх падзей не было б наогул, ці нам было б прасцей з імі справіцца. Я прыйшла сюды таму, што ў Бога няма рук акрамя нашых. Калі кожны з нас будзе рабіць хаця б нешта – маліцца, дапамагаць, выслухваць тых, каму балюча, выходзіць да людзей – можа тады ў нас будзе шанец?”.
Кацярына, каталічка, жадае, каб людзі нарэшце прымірыліся і зразумелі адзін аднаго: “Хочацца, каб усе мы нарэшце задумаліся і пакаяліся”.
На ланцугу сярод іншых вылучаліся некалькі чалавек з вялікімі драўлянымі крыжамі і плакатамі з надпісамі пра пакаяння. Гэтыя людзі – адна сям’я, яны ходзяць у царкву евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Васіль, які прыйшоў на акцыю з жонкай, сынам і нявесткай, кажа, што галоўнае для яго тут – гэта заклік да пакаяння: “Мы прыйшлі з гэтым жа заклікам, бо большасці беларусаў трэба пакаяцца”.
Вікторыя Чаплева
Фота Эльвіры Гарошка
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- “Казка пра Белага анёла, Зорку і цёмную краіну, якая робіцца светлай”. Казка ад Паўла Севярынца 15.01.2021 17:31
- Арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Мітрапаліта Філарэта 13.01.2021 10:28
- Памёр мітрапаліт Філарэт, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі 12.01.2021 14:32
- Віншаванне архіепіскапа Арцемія з нагоды свята Хрыстовага нараджэння 07.01.2021 10:53
- Францішак прыняў адстаўку арцыбіскупа Кандрусевіча 03.01.2021 15:30
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)