Як праваслаўнаму прыняць каталіцтва? Царква ці Касцёл, хто бліжэй Бога і народу? На чыім баку праўда

У святле апошніх падзей у Беларусі, мне ўсё часцей задаюць пытанне: як праваслаўнаму стаць католікам?

Адказваю, бо паабяцаў адказаць. І скажу адразу, я не прыхільнік таго, каб праваслаўны пераходзіў на каталіцтва, ва ўсялякім выпадку такое рашэнне патрабуе сапраўды вельмі вялікай разважнасці.


Перш давайце звернем увагу адкуль узнікла пытанне.

Акурат гэта пытанне набрала немалую папулярнасць у сувязі з падзеямі 26га жніўня. У гэты дзень новаабраны праваслаўны мітрапаліт Веніямін звярнуўся з адозвай да паствы. У ёй жа насуперак спадзяванням вернікаў не прагучала таго, якія дзеянні і якіх людзей прывялі да эскалацыі граху ў грамадстве і зло не было названа па імені. Тым не меньш, мітрапаліт заахвоціў усіх пасціць і каяцца, маўляў тады і будзе ўсім нам мір і шчасце.

І безумоўна, пакаянне і пост патрэбныя нам усім, але ж таксама нам усім не меньш патрэбныя ясныя арыентыры, якія дазваляюць зразумець дзе ёсць зло, а дзе дабро. Карацей, асабіста я добра зразумеў мітрапаліта Веніяміна, але ж яго слова было скіравана не да мяне, але да тых, хто патрабуе ўзмацнення ў веры. Гэта і ёсць функцыя пастыра – падтрымоўваць веру чалавека. І нічога дзіўнага, што той хто паслухаў мітрапаліта быў расчараваны ды пачаў крытыкаваць прамову. Бо, як па мне, словы адозвы не адпавядалі Хрыстоваму крытэрыю агучанаму ў Евангеллі паводле св. Мацвея: “няхай будзе слова ваша: «так — так», «не — не»; а што звыш гэтага, тое ад злога.” (Мц 5, 37)

Паралельна ў той жа час Каталіцкаму Касцёлу Бог дазволіў праявіць сябе добра. Чырвоны касцёл не зачыняў сваіх дзвярэй перад мірнымі пратэстоўцамі, біскуп Касабуцкі і мітрапаліт Кандрусевіч паспешліва і ясна скіравалі сваё слова пратэсту супраць беззаконня з боку сілавікоў, патрабуючы расследавання інцыдэнту і пакарання вінаватых. Мова ідзе пра злачынства, калі амапаўцы ўвечары 26га жніўня зачынілі людзей у Чырвоным касцёле і не давалі ім выйсці. Касцёл далей пазастаўся на баку народу, нават калі яму забралі эфір на радыё і выключылі святло ў Чырвоным.


Цяпер пра выснову.

Канешне, я ганаруся такой рэакцыяй біскупаў, і агульнай пазіцыяй Касцёла, але ж гэта ўсё ніяк не магу падсумаваць прымітыўнай высновай-заклікам: праваслаўныя пераходзьце у Касцёл, бо католікі бліжэй народа.

Гэта было б абсалютна не правільна.

Таму што мы ацанілі толькі фрагмент з жыцця праваслаўных і католікаў, гэта падзеі толькі апошніх двух дзён.

А праўда ж ёсць такая, што дзякуй Богу, як у Касцёле Каталіцкім, так і ў Царкве Праваслаўнай, сёння ёсць і біскупы і святары, якія стараюцца служыць Богу і абвяшчаюць Праўду.

Зрэшты, для аб’ектыўнасці дадзенай ацэнкі сітуацыі, нельга абмінуць унёсак пратэстантаў у змаганні з хлусьлівай дзяржаўнай прапагандай і ідэалогіяй. Напрыклад арганізатарам ланцуга пакаяння “Курапаты-Акрэсціна. Ніколі зноў”, які адбыўся ў Мінску 21 жніўня 2020г і сабраў каля 10000 неабыякавых людзей розных канфесій і не толькі, выступілі пратэстанты на чале з Зміцерам Дашкевічам.

Так што ў кожнай хрысціянскай канфесіі ёсць веруючыя пастыры, якія служаць на хвалу Богу і для дабра народу. Пра адзіны фронт хрысціянаў у супрацьстаянні са злом я выказваўся таксама ў апошнім стрыме. “Рубікон. Я святар Хрыстовы, а не “дорогой священнослужитель Лукашенки”.

Глядзі па спасылцы.

І на вялікі жаль, як у Касцёле так і ў Царкве, надалей можна заўважаць шмат слабых месцаў, і канстатаваць факты праяўленьня так званага “прыкаратніцтва”, калі пастыры забываюцца пра вернасць Евангеллю і а прапаведуючы перадусім азіраюцца на сваецкую ўладу, а не на Бога. І гэта прывяло таксама да таго, што цягам чвэрць стагоддзя нашае супольнае прапаведванне не спыніла дзяржаву ў распаўсюджванні ідэалогіі хлусні, што ў выніку і адгукнулася сённяшняй напружанасцю ў грамадстве і трагедыяй нацыянальнага маштабу. Зашмат мы цалаваліся з ідэолагамі… Праз празмернае братанне з тымі хто не пакаяўся за грахі мінулага, мы – хрысціяне, сталіся як тая соль, што згубіла смак і не былі здольныя захаваць нашае грамадства ад сапсаванасці.

Тое, што раздражняе праваслаўных, сумленне каторых не маўчыць у Царкве Праваслаўнай, часам нажаль мае месца і ў Касцёле Каталіцкім. Там дзе ёсць чалавек, заўсёды будуць праблемы. Можа ў католікаў гэта менш заўважна, бо Касцёл не мае сёння такога баласту, як Царква Праваслаўная, іерархі каторай у часы СССР пайшлі на супрацоўніцтва з КГБ і да гэтага часу не пакаяліся ў гэтым.

Гэту праблему я парушаў у відэа “Еднасць хрысціянаў – ці гэта магчыма?”

Праваслаўным перш чым перайсці на каталіцызм, раю пашукаць такіх святароў у Царкве, якія сапраўды вераць у Бога і прапаведуюць Яго праўду. А яны ёсць. Ёсць епіскап Арцемій у Гродне, які моцна і ясна навучае Божай Праўдзе. Ёсць, напрыклад, а.Георгій Рой; напэўна ёсць і іншыя і прапаведванне адпавядае евангелічнаму прынцыпу “так-так, не-не”.

Думаю, не трэба вернікам таксама баяцца падыходзіць да сваіх пастыраў і пытацца ў іх, а якому богу служаць яны. Хто ведае, можа Бог і дазволіў Вам, якія сёння задаеце мне пытанне пра прыняцце каталіцкай веры, пачувацца праваслаўнымі, каб Вы навялі парадак у Царкве Праваслаўнай, які мы – католікі, стараемся рабіць у нас.


Адказ на пытанне.
Ну і напрыканцы ўсё ж скажу, што ў Касцёле Каталіцкім існуе магчымасць прыняць праваслаўнага верніка да сваёй супольнасці. Для гэтага дастаткова толькі вызнаць у прысутнасці святара Нікейска-канстанцінопальскі сімвал веры. Ён быў прыняты на Другім Сусветным Саборы ў Канстантынопалі ў 381 г., не цяжка здагадацца, быў гэта час, калі не было падзелу. Вера ў нас адна.

Да якой канфесіі хто з нас не прыналежыў бы, усе мы без выключэнне пакліканыя шукаць праўду. “Пазнайце праўду, і праўда вызваліць вас” (Ян 8,32).

а. Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі