“Я не зняверыўся”. Пастыр распавядае, як трапіў у аўтазак

Фота The Village
Фота The Village

Тарас Цялькоўскі, баптысцкі пастыр, быу упершыню, як ён напісаў у сваім Фэйсбуку, затрыманы на акцыі. Ён апісаў свае пачуцці ў момант затрымання.

Ніякага сілавога ўздзеяння ні ў аўтазаку, ні затым у РУУС не адбывалася.

Затрыманыя складалі вельмі цікавы кантынгент: у нашым аўтазаку былі людзі ўсіх магчымых прафесій і сфер дзейнасці. Спрабаваў знайсці наркаманаў, дармаедаў, і іншых маргіналаў, якіх пералічваў Лукашэнка, але ў нашым аўтазаку іх ва ўпор не было. Магчыма, я трапіў у элітны аўтазак?

Калі шчыра, вопыт затрымання і арышту – гэта так сабе вопыт. Цяжка атрымаць задавальненне, калі ты трапіў у кола АМАПу і яно павольна пачынае сціскацца і ты разумееш, што твая чарга не за гарамі, цяжка атрымаць задавальненне, калі трэба пытаць дазвол пайсці ў туалет, калі ты павінен стаяць тварам да сцяны, калі цябе фатаграфуюць як злачынца, хоць ты пражыў жыццё як законапаслухмяны грамадзянін, які шчыра змагаецца за дабрабыт, духоўны і жыццёвы росквіт краіны і яе людзей.
Але я не знвяверыўся, ува мне не пасяліўся адчай. Яго няма. Мы пераможам. У мяне быў асаблівы вопыт чытання малітвы “Ойча наш” у коле АМАПу, а чытанне 22 Псальма збянтэжаным і аточаным людзям мела асаблівы слодыч.

Наша барацьба не спрынт, гэта будзе марафон, які зойме час, але з доўгім пратэстам змагацца немагчыма, асабліва, калі вы ўяўляеце сабою большасць, колькі б нам ні казалі прадстаўнікі КДБ адваротнае. Ужо ўчора я ўбачыў, як супрацоўнікі МУС рэальна выматаныя, хоць і многія выглядалі бадзёра. Для многіх з іх першая змена перацякае ў другую, другая ў трэцюю, трэцяя ў чацвёртую. Паверце, яны зусім не атрымліваюць задавальненне ад такой дзейнасці. Можа, зверху па вертыкалі ўсе дзіка заматываваныя, але вось унізе ўжо не так усё вясёлкава. Сіла ланцуга ацэньваецца слабасцю самага слабага звяна.

Так, на выхадзе мяне сустрэлі валанцёры, далі вады, цукеркі і адвезлі дадому. Салідарнасць беларусаў не ведае межаў. Да гэтага лета я не ведаў беларусаў. Цяпер я ведаю, што ў беларусаў “хата не з краю”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі