“Евангельскія каштоўнасці падтрымліваюць тыя, хто выходзіць на вуліцы”. Сведчанні хрысціян, якіх пераследуюць за ўдзел у пратэстах

Акцыя салідарнасці ў Кобрыні. Фота: Новы Час
Акцыя салідарнасці ў Кобрыні. Фота: Новы Час

У першыя дні пасля выбараў у Кобрыне людзі выходзілі на мірныя акцыі пратэсту, каб выказаць нязгоду з іх афіцыйнымі вынікамі. Там таксама не абышлося без затрыманняў і пераследу ўдзельнікаў акцый, сярод якіх былі і вернікі. Некаторыя з іх пагадзіліся распавесці Krynica.info пра пераслед і ўласны погляд на цяперашнія падзеі ў Беларусі.

Затрымалі, калі ішоў на малітву

Георгій, пяцідзясятнік з Кобрына, вечарам 11 жніўня ішоў на малітву: “Гэта быў аўторак, а кожны аўторак у нас у царкве адбываецца малітва. У мяне бацькі жывуць у цэнтры, якраз у раёне плошчы, адтуль я і ішоў”. Георгій распавядае, што на плошчы, калі ён выйшаў ад бацькоў, ужо стаялі міліцыянты, бо перад гэтым людзі ў Кобрыне ўжо масава выходзілі на мірныя акцыі пратэсту. “Міліцыянты пабачылі мяне, нешта замітусіліся. Я збочыў, вырашыў пайсці па дварах, яны накіраваліся за мной. Адзін з іх проста мне пракрычаў тры разы “Стаяць!”. Я вырашыў бегчы, бо зразумеў, чым гэта можа папахваць”.

Фота з асабістага архіва Георгія

Але збегчы ў Георгія не атрымалася: яго схапілі мужчыны ў штацкім, праўда, сілу не прымянялі. Хлопца кінулі ў міліцэйскую машыну і павезлі ў Кобрынскі РАУС.

“З машыны мяне вялі тварам уніз, таму я бачыў толькі асфальт пад нагамі, – узгадвае Георгій. – Мяне завялі ўнутр, паставілі тварам да сцяны – і  пачалі збіваць нагамі, рукамі і з пастаяннымі здзекамі. Пасля, калі я ўсё яшчэ стаяў тварам да сцяны, нехта падышоў і пяць разоў ударыў дручком па лытках так, што я нават чуў замах, а пасля – два разы па галёнцы. Было вельмі балюча”.

– Ці было страшна? – пытаю ў Георгія.

– Страшна не было. Пакуль ехаў у тым аўтазаку, падрыхтаваўся да самага горшага. Тым больш, тое, што было са мной, нельга параўнаць з тым, што было з тымі людзьмі, з якіх здзекваліся на Акрэсціна.

Пасля з Георгіем сталі размаўляць і складаць пратакол. У яго забралі тэлефон, адбіткам пальца разблакіравалі, праглядзелі фотаздымкі з папярэдніх акцый. Назвалі некалькі нумароў, на якія ён тэлефанаваў напярэдадні.

– Ці размаўлялі вы з імі?

– Па большай частцы я маўчаў, адказваў, калі нешта пыталі. А што ім скажаш? Па чутках, калі нехта намагаўся з імі размаўляць, то білі яшчэ больш.

– Пра што пыталі?

– Пыталі, куды я ішоў. Я адказаў, што на малітву. Запытвалі, ці ўдзельнічаў у мітынгах 9 і 10 жніўня. Наогул, падчас усяго майго знаходжання там з мяне былі пастаянныя здзекі. Было шмат міліцыянтаў, якія заходзілі і выходзілі. Кожны лічыў сваім абавязкам паразмаўляць са мной пра тое, навошта ж я выйшаў на плошчу. Разоў пяць у мяне спыталі: “Чаго табе не хапае?”

Георгій распавядае, што яго прымусілі падпісаць пратакол, які прачытаць хлопцу не далі. Затым яго павялі ў ізалятар, пасля выпусцілі.

На наступны дзень Георгій звярнуўся ў судмедэкспертызу, каб зняць пабоі. Зрабіць яму гэта не далі: міліцыя сказала, што яго ніхто не збіваў. Прапанавалі зрабіць экспертызу платна. Аднак сям’я вырашыла патраціць грошы на медычны агляд Георгія.

Георгій 2

Зараз Георгій знаходзіцца за мяжой. Яму прыйшлося з’ехаць праз той ціск, які стаў аказвацца на яго пасля гісторыі з затрыманнем: “Мне не далі прачытаць пратакол, які я падпісаў. Мяне адпусцілі пад распіску, што я з’яўлюся на суд. Што я падпісаў – незразумела. Але па пытаннях, якія мне задавалі, магу меркаваць, што мяне могуць прыцягнуць да адказнасці цяпер як арганізатара несанкцыянаваных мерапрыемстваў”.

Яго адвакат двойчы падаваў прашэнне паказаць напісанае ў пратаколе. Яму сказалі, што  Георгій мусіць звяртацца асабіста. На другі запыт з Генпракуратуры сказалі чакаць адказ. Георгій чакае яго ўжо два тыдні.

Віктар Гарбачэўскі, пратэстант: “Ідзе тэст на сапраўднае хрысціянства”

Фота з асабістага архіва Віктара
Фота: Новы Час

Віктар Гарбачэўскі да перадвыбарнай кампаніі ставіўся скептычна: “Я быў назіральнікам на выбарах двойчы, таму ведаў, што там будзе падман. Але калі 10 жніўня я пабачыў выбухі са свайго вакна, я зразумеў, што маўчаць проста немагчыма, таму стаў выходзіць на акцыі салідарнасці”.

За ўдзел у мірных акцыях Віктар быў асуджаны двойчы. Першы раз Віктару прысудзілі штраф. Пасля Віктар атрымаў павестку за ўдзел ужо ў іншай акцыі. Па гэтай павестцы яго затрымалі, змясцілі ў ізалятар, дзе Віктар правёў два дні. У камеру Віктар трапіў упершыню: “Там кругласутачна гарэла яскравае святло, не было ні пітнай вады, ні туалетнай паперы”. Пасля Віктара асудзілі і далі штраф.

Віктар кажа, што зараз ідзе тэст на сапраўднае хрысціянства, і многія хрысціяне яго не праходзяць: “Кобрын  – гэта ж калыска баптызму… Тое, што зараз на вуліцу выходзіць мінімум баптыстаў, кажа пра тое, што людзі знаходзяцца ці ў страху, ці ў намінальным хрысціянстве”. У Кобрыне прайшла таксама і  агульнагарадская малітва за Беларусь, дзе маліліся вернікі розных канфесій.

–  Ці будзеце далей выходзіць? – пытаю ў Віктара.

–  Буду, але магчыма, трэба дзейнічаць іншымі метадамі. Мэта ж не ў тым, каб штрафы заплаціць і на сутках пасядзець. Мэта – каб нарэшце пачаць называць зло злом, а дабро дабром. Мне падаецца, зараз евангельскія каштоўнасці адстойваюць тыя, хто выходзіць на вуліцу. Многія кажуць, што моляцца ў цэрквах. Але калі соль ляжыць у сальніцы, яна не мае сэнсу. Яна мае сэнс толькі тады, калі мяняе смак ежы.

Вікторыя Чаплева

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі