Прабачэнне – першы крок на шляху да больш справядлівага грамадства

Прабачэнне – гэта крок наперад на шляху да больш справядлівага грамадства.

Ведаю, што тэма “прабачэння” абсалютна непапулярная для нас але вельмі актуальная.

Аднак, напачатку хачу выказаць сваё захапленне нашым беларускім народам. Вашая арыгінальнасць і крэатыўнасць у мірным супрацьстаянні з беззаконнем пераўзыходзіць самаго Бэнксі – славутага мастака з Вялікай Брытаніі. Вы – непрадказальныя, вы -таямнічыя , вы – неверагодныя. Вы, мірна пратэстуючы і не парушаючы законаў РБ, ужо з’яўляецеся пераможцамі і героямі, а слава Вашая запісана ў гісторыю не толькі краіны, але і ў сусветную.

Таксама я, як той, хто прапаведуе хрысціянства, захапляюся Вашай стрыманасцю, бо Вы не паддаліся нянавісці, Вашыя сэрцы свабодныя ад яе. Неаспрэчным аргументам на тое ёсць мірны характар пратэстаў, чаго нельга сказаць пра тых, хто ў сваіх дзеяннях пасунуўся да выканання незаконных загадаў.

Аднак бачу патрэбу звярнуць увагу на небяспечны шлях, на які можа сыйсці нашае грамадства. Гэта бала б катастрофа для ўсіх нас.
Мова ідзе пра магчымасць няздольнасці прабачаць крыўдзіцелям, што, ў сваю чаргу, вядзе да знішчэння ўнутранага супакою і будучыні.
Як заўважыў, тэма прабачэння непапулярная, бо сёння ў атмасферы мірных пратэстаў гучаць заклікі “не забудзем, не прабачым”.
Але лічу, што праблема актуальная, бо ёсць пагроза ігнаравання небяспекі, якую нясе непрабачэнне.

Адчуваю, што сустрэнуся з незразуменнем з боку значнай часткі грамадства, і гэтыя цяжкія словы не дададуць мне папулярнасці. Аднак, я не хайп лаўлю на ўзнікшым у нашай краіне йсупрацьстаянні, але, выконваючы пастырскае служэнне, прапаведую Евангелле. Папа Францішак ў гэту нядзелю 13 верасня 2020, звяртаючыся да касцёльнай супольнасці, заахвочвае пастыраў “заўсёды працаваць на карысць дыялогу, прымірэння і прабачэння.”

(Тут паслухай пра дыялог і яго перспектывы ў беларускіх рэаліях.)

Хоць з іншага боку, выконваючы сваю місію, адчуваю таксама ціск з боку свецкай ўлады, якая праз супрацоўнікаў МУС імкнецца праз тэлефанаванні і прыватныя размовы выносіць мне, як святару, афіцыйныя папярэджванні.
Але нежаданне чуць пра прабачэнне адных і ціск другіх, не могуць паўстрымаць мяне дзяліцца сваімі думкамі. (Тут паслухай пра падыход улады да Касцёла).

І так, непрабачэнне шкодзіць перш за ўсё, не таму, каго не прабачылі, але таму, хто не прабачыў. Пакрыўджаны, які не здольны прабачыць, трапляе ў няволю ненавісці. І тут нічога добрага няма.
Хрысціянская канцэпцыя прабачэння не супярэчыць прынцыпу справядлівасці. Больш за тое, сапраўднае прабачэнне матывуе да спынення зла і асуджэнне злачынстваў шляхам пакарання злачынцаў.
Хрыстос, апавядаючы прыпавесць пра дараванне і навучаючы прабачаць семдзесят сем разоў, завяршае яе вельмі моцным акцэнтам, пастаўленым на справядлівасць. Гаспадар ставіць кропку ў існаванні зла. Ён спачатку праявіў міласэрнасць да свайго даўжніка, а пасля асудзіў яго – злачынцу, якога ў выніку пакараў за ўчынкі не адпавядаючыя прынцыпам справядлівасці і прабачэння.

Магчыма цяжкасць з праяўленнем прабачэння да крыўдзіцеляў, у тым ліку і да катаў, якія выявіліся сярод супрацоўнікаў МУС, існуе таму, што мы не да канца разумеем, што азначае гэта слова.

Прабачэнне не азначае забыццё злачынства. Прабачэнне не азначае з’яўленне магчымасці “перагарнуць старонку жыцця” не зрабіўшы дакладнага разлічэнне за свае ўчынкі, так як прапаноўваў адзін з адказных за злачынства, бо гэта немагчыма.

Наадварот, прабачыць гэта значыць ацаніць зло, вызначыць яго межы, зрабіць дакладнае расследаванне па факту злачынства і асудзіць вінаватых за злачынствы. Прабачыць- гэта значыць таксама памятаць пра трагедыю чалавека, якую перажывае і ахвяра і кат. Прабачыць-гэта значыць не паддацца жаданню помсты і не стаць нявольнікам ненавісьці.
“Перастань ненавідзець, злосць і гнеў – агідныя рэчы. Той хто помсціць – зведае помсту ад Бога” (пар Сір 27,30 – 28,7).

Каб збудаваць больш справядлівае грамадства, першае што мы павінны зрабіць, гэта навучыцца вызваляцца з пад улады ненавісьці. Як зробім гэты крок, то будзем здольныя спыніць беззаконне, асудзім злачынствы і пакараем вінаватых і развітаемся з гэтай навалай зла, што звалілася на ўсіх нас. Зрабіць гэта неабходна, каб больш ніколі зноў зло не паўтарылася. Без духа прабачэння гэта немагчыма.

а. Вячаслаў Барок

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі