Агульнагарадская малітва за Беларусь і аб вяртанні арцыбіскупа Кандрусевіча адбылася ў Гродне

malitwa_belarus_46

9 верасня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне на заканчэнне перэгрынацыі фігуры святога Міхала Арханёла, галоўнага нябеснага апекуна Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, адбылася ўрачыстая Імша, передае grodnensis.by.

Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч з удзелам Генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Юзафа Станеўскага, святароў і вернікаў парафій горада.

Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся аб дары міру і паяднання для ўсіх жыхароў нашай краіны, а таксама за арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аб яго хуткім вяртанні ў Беларусь. Да малітвы ў гэтых важных для Каталіцкага Касцёла інтэнцыях далучыліся і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

malitwa_belarus_30 (1)

У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі падкрэсліў ролю св. Міхала Арханёла, у імя якога ўпісаны страх перад злом і фальшывым ужываннем дару свабоды. Іерарх адзначыў, што “д’ябал пастаянна намагаецца пераканаць нас, што Богу не важнае шчасце чалавека; што Бог хоча толькі, каб чалавек быў цалкам залежным ад Яго, а некаторыя кажуць нам, што маюць уласны, сучасны рэцэпт для шчасця”.

– Чалавек не можа быць шчаслівы, калі адкідвае Бога, ігнаруе Яго прысутнасць, не лічыцца з Ім. Гісторыя, якая з’яўляецца настаўніцай жыцця, выразна паказвае, што тыя, хто марыў пабудаваць на зямлі рай без Бога, ствараюць пекла, – дадаў Генеральны вікарый дыяцэзіі.

Ён падкрэсліў, што таму кожны сучасны чалавек павінен пастаянна вучыцца мудра і па-Божаму выбіраць, умець адрозніваць дабро ад зла, праўду ад хлусні. Гэта, па словах біскупа, нялёгкае заданне, бо, жывучы ў свеце, мы заўважаем змешванне паняццяў і каштоўнасцяў, а шмат хрысціян, ахрышчаных і выхаваных бацькамі, вярнулася да стану язычнікаў.

malitwa_belarus_45

– Д’ябал ператварае чалавечыя сэрцы ў “цвярдыню”, паступова адбіраючы ў чалавека ўсе ключы, каб пазбавіць яго свабоды. Ён заглушае кожны сігнал, які ідзе ад Бога, калі чалавек кліча Яго на паратунак, – сказаў іерарх.

Таму, падкрэсліў біскуп, святы Міхал перасцерагае людзей ад гульні са злом і заклікае не ўхваляць грэх і не рабіць яго нормай жыцця.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў пробашчу парафіі св. Казіміра ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) кс. Ігару Лашуку, кусташу фігуры Князя войска нябеснага, якая здзяйсняе перэгрынацыю па ўсіх катэдрах Беларусі менавіта з горада над Нёманам.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі