Папа Францішак падумае аб візіце ў Беларусь, але Ватыкан настойвае на вяртанні мітрапаліта Кандрусевіча

Papa_Parolin

Дзяржсакратар Ватыкана П’етра Паралін лічыць, што Папа Рымскі Францыск разгледзіць магчымасць візіту ў Беларусь.

Паралін падкрэсліў, што “Беларусь заўсёды выяўляла вялікую зацікаўленасць у візіце Папы”. Аднак, па словах дзяржсакратара, “гэтыя планы не былі канкрэтызаваны”, а зараз пандэмія каронавіруса заблакавала ўсё невядома на які час.

Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 11 верасня на сустрэчы з сакратаром па адносінах з дзяржавамі дзяржаўнага сакратарыята Святога Прастола архіепіскапам Полам Рычардам Галахерам пацвердзіў запрашэнне Папе наведаць краіну.

“Мы задаволены дынамікай развіцця кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях паміж Беларуссю і Ватыканам апошнім часам”, – дадаў міністар.

Пры гэтым Ватыкан настойвае на вяртанні ў Беларусь мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча.

“У любым выпадку мы настойваем, каб біскуп вярнуўся ў сваю дыяцэзію і працягваў кіраваць сваёй паствай”, – сказаў дзяржсакратар Ватыкана П’етра Паралін.

У РКЦ праінфармавалі, што “апостальская сталіца падключылася да справы Кандрусевіча, якому было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь праз несапраўдны пашпарт”. У паведамленні гаворыцца, што Паралін пацвердзіў гэта ў размове з журналістамі.

31 жніўня старшыню Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не ўпусцілі ў Беларусь з Польшчы. У Дзяржпагранкамітэце яму заявілі, што яго пашпарт грамадзяніна Беларусі не дзейнічае.

baznica.info

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі