Божы дынар і вораг, які перашкаджае яго зарабіць

У Бога ўсё проста. Вынікае з прыпавесці Хрыста з Евангелля паводле св. Мацвея 20,1-16. Ён кожнаму дае ўзнагароду ў памеры аднаго дынара. Гэтай адной манеты чалавеку больш чым дастаткова дзеля таго, каб задаволіць усе свае жаданні і патрэбы. Пратэндаваць на Божы дынар мае права кожны. Каб атрымаць яго, дастаткова выканаць адзіную ўмову — пачаць прама цяпер працаваць у Божым вінаградніку.

Твой дынар цябе яшчэ чакае і будзь спакойны, яго пакуль ніхто іншы не забраў.

У запрацаванні свайго дынара ўсе маюць аднолькавыя шанцы. У гэтым і выяўляецца Божая справядлівасць.
Справядлівасць як прынцып Рымскага заканадаўства “сталая воля прызнання кожнаму права якое яму належыць”, спрацоўвае і ў дадзеным выпадку таксама.

Аднак Божы дынар лепш пастарацца зарабіць, чым адмовіцца ад такога заробку і такой працы.
Аргументам на тое ёсць таксама адна з шасці галоўных праўдаў веры сфармуліраваная як : “Бог — суддзя справядлівы: за зло карае, за дабро ўзнагароджвае”. А больш разгорнута можна знайсці ў ККК 1020- 1022.

Той, хто не зарабляе свой дынар, не толькі не чыніць дабро, але сваёй пасіўнасцю ды лайдацтвам чыніць зло. А па Божай справядлівасці за гэта таксама ёсць заплата, але як прагучала вышэй, гэта зусім не тое, што чалавек хацеў бы атрымаць.

Таму ж, хто хацеў бы свой дынар ад Бога атрымаць, ніхто не можа ў гэтым перашкодзіць. Ну, або амаль ніхто…
Ёсць адзін той, хто ўвесь час перашкаджае чалавеку і з’яўляецца галоўным яго ворагам.

Гэта як у нашай краіне сёння:ворагі паўсюль. Прынамсі так гавораць дзяржаўныя СМІ і афіцыйная прапаганда. Баронячыся ад іх, Беларусь нават зачыняе межы, улада выводзіць на вуліцы і плошчы не толькі міліцыю, але нават войскі. Напэўна дзеля таго, каб напалохаць ворагаў у краіне, надалей не спыняецца гвалт і беззаконне.

Паглядзіце,  што адбываецца ў Беларусі. Беларускі Армагедон.

Ведаеце, а самае дзіўнае, вораг жа сапраўды ёсць!

Гэты вораг забірае супакой і радасць. Ён самы небяспечны і грозны. Ад яго вельмі цяжка ўратавацца.

Адкрыю вялікую тайну. Я зрабіў сваё расследаванне і сёння назаву таго, хто ёсць ворагам нумар адзін. Больш за тое, нават скажу, як яго можна ўбачыць.
А ён жа, калі казаць пра Беларусь, ўсё яшчэ на волі той вораг, бо ў нашай краіне апошнім часам затрымалі больш за 11 тыс чалавек, а спакой жа так і не вярнуўся, а значыць не тых затрымалі, і вораг не злоўлены.

Так вось, вы, якія шукаеце ворага і бачыце яго ў суседзях далёкіх і блізкіх, скажу я вам, не там шукаеце. Усё значна прасцей. Вы яго зможаце ўбачыць, калі толькі падыдзіце да люстэрка. Вось той, каго там пабачыце і ёсць галоўным ворагам.

Біблія кажа: “Той, хто чыніць грэх і бяспраўе ёсць ворагам сабе” (Тоб 12,10).

Вось вы міліцыянты, таго каго пабачыце ў люстэрку бязлітасна і лупцуйце дубінкамі. Паверце, яны ўсе як адзін заслугоўваюць пакаранне і ўжо толькі таму, бо згодныя выконваць незаконныя загады. Пракуроры, грунтоўна праверце гэтых падазроных людзей, што будуць нахабна спазіраць на вас з люстэрка. Пераканайце іх у тым, што яны памыляліся, бо думалі, што правасуддзе да іх не дабярэцца. Следчыя, як толькі пабачыце кагосьці ў люстэрку, адразу заводзьце на іх крымінальную справу — больш хітрых лісаў яшчэ пашукаць трэба . А вы, суддзі, нават не адыходзячы ад люстэрка, выносьце прыгавор па ўсёй строгасьці закона тым шэльмам, якія думалі што судзіць можна па загаду зверху, а не кіруючыся прававымі нормамі і законам.

Калі ж у люстэрку не пабачыце злачынцаў і ворагаў, то адкажыце сабе на пытанне, навошта да яго падыходзілі? Не знайшлі ў адлюстраванні — то няма чаго ворага шукаць і ў іншым чалавеку, ды рабіць безпраўе і злачынства, выконваючы злачынныя загады і пераступаючы праз сваё сумленне, хавацца за балаклавамі.
Лепш не рабіць таго, што страх рабіць і да чаго сорамна прызнацца. Яшчэ сёння кожны з нас можа пачаць працаваць у Божым вінаградніку. І атрымаць свой дынар. Ён больш цэнны, чым усе кантрактныя грошы, што выплочваюцца сілавікам; ён важнейшы за ўсе дзяржаўныя ільготы і бонусы. Ён цаннейшы за стабільны заробак і пенсію.

Не шукайце ворагаў і халявы ў жыцці, але як кажа прарок Ісая: “Шукайце Госпада, пакуль Ён дазваляе знайсці сябе.” ( Іс 55, 6)

А можам знайсці Яго выключна на шляху праўды і справядлівасці, свабоды і любві. Бо гэта адзіны шлях які вядзе да супакою, а значыць і да Бога.

Глядзіце тут пра Жыццё аб якім нават цар Саламон не мог памарыць.. Яно гарантавана надыдзе дзякуючы гэтаму шляху, што перарастае ў марш…

Так наперад, па Божы дынар.

а. Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі