НЕ ЗАБУДЕМ, НЕ ПРОСТИМ, або Каму я магу прабачыць, а каму прабачыць не магу

24 верасьня памерла Тацьцяна, маці 16-цігадовага Цімура, якога ў ноч з 12 на 13 жніўня катавалі ў Партызанскім РАУСе, так што яго прывезьлі ў дзіцячы шпіталь у коме, са шматлікімі траўмамі, бо нелюдзі ў чорных масках заганялі яму дубінку ў горла, выціскалі вочы, білі па чым папала. У выніку на Цімура завялі крымінальную справу за ўдзел у масавых беспарадках. Ніякага разьбіральніцтва наконт таго, хто катаваў падлетка ў РАУСе, не было і не плянуецца. Такіх гісторыяў вядома сотні. Іх аб’ядноўвае толькі адно: МВД не зьбіраецца асуджаць свае злачынствы. Як мінімум 3 чалавекі забітыя, тысячы катаваных, ня менш 10 тысячаў затрыманых без аніякай віны на працягу двух месяцаў. А МВД распаўсюджвае па тэлебачаньні заклікі страляць у пратэстоўцаў.

У такой сітуацыі адзіная правільная пазіцыя нармальнага чалавека — патрабаваць суду і справядлівасьці, каб злачынцы былі пакараныя. Сярод пратэстоўцаў нярэдка гучаць лёзунгі “Не забудзем, не даруем”. Многіх хрысьціянаў гэта трывожыць. Я сам не магу сказаць, што гэты лёзунг мне падабаецца. Але…
Словы “Не забудзем, не даруем” правільныя, і яны паказваюць суровую праўду пра прабачэньне, якія многія, у тым ліку і многія хрысьціяне, проста забываюць.

Ісус Хрыстос маліўся за тых, хто Яго крыжаваў: “Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць” (Эвангельле паводле Лукі 23:34). У малітве “Ойча наш” кожны хрысьціянін просіць: “і адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым” (Эвангельле паводле Мацьвея 6:12). На пытаньне Пятра, колькі разоў прабачыць брату, Ісус адказаў: “Не кажу табе да сямі, але да сямідзесяці разоў па сем” (Эвангельле паводле Мацьвея 18:22).

Усе гэтыя прыклады кажуць пра тое, што я магу прабачыць толькі тое зло, якое зроблена непасрэдна мне.

Я ня маю ўлады прабачыць грэх, бо грэх — гэта правіна перад Богам, і толькі Бог можа прабачыць грэх. Калі Ісус сказаў хвораму: “Прабачаюцца табе грахі твае”, кніжнікі сказалі: “Хто можа адпускаць грахі, калі ня Сам Бог?” (Эвангельле паводле Марка 2:5-7).

Таксама я ня маю ўлады прабачыць зло, якое зроблена некаму іншаму. Я не магу прабачыць тых, хто катаваў Цімура, не магу прабачыць забойцаў ненароджанага дзіцяці гарадзенкі Карыны, не магу прабачыць забойцаў Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава. Прабачыць могуць самі пацярпелыя, прабачыць можа Бог. Я магу толькі патрабаваць справядлівага суду над злачынцамі, і магу прасіць пацярпелых прабачыць сваіх катаў, магу прасіць Бога прабачыць грэшнікаў. Але я не магу прабачыць злачынцаў.

“Не забудем, не простим” — гэта вельмі правільны лёзунг, хоць вельмі цяжка яго вымавіць. Ён нагадвае кожнаму з нас, што мы станем у рэшце рэшт перад судом Бога, Які сказаў: “Мне помста, Я аддам” (Пасланьне да Рымлянаў 12:19) і пра Якога сказана: “Жахліва трапіць у рукі Бога Жывога” (Пасланьне да Гебраяў 10:31).

І, пакуль ня позна, ёсьць толькі адзін шлях прымірыцца з Богам — паверыць у Ісуса Хрыста. “Бо плата за грэх — сьмерць, а дар ласкі Божай — жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым” (Пасланьне да Рымлянаў 6:23)

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі