Апамяйтацеся, пакуль не поздна. Выбірайце: Валадарства Божае або людзкі трыбунал

Лёгка выстаўляць прэтэнзіі іншым, ды абвінавачваць другіх у сваіх праблемах. Больш мудрасці трэба для зразумення таго, што крыніцай усіх нашых праблемаў з’яўляемся мы самі. Не другі чалавек і, тым больш, не Бог не ёсць вінаватымі ў нешчаслівым жыцці кагокольвечы з нас.

Прарок Эзэхіэль чалавеку, які мае прэтэнзіі да Бога, пераказвае словы Ўсявышняга: „Гэта мой шлях несправядлівы, ці несправядлівыя хутчэй шляхі вашыя?” (Эз 18, 26) Гэтымі словамі, звяртаючы нашую ўвагу на тое, што чалавек сам адказны ў тым, што мае.

У відэа з мінулай нядзелі „Божы дынар і галоўны вораг, які перашкаджае яго зарабіць”, я зрабіў выснову, што галоўным ворагам чалавека ёсць ён сам, аб чым дарэчы таксама кажа Біблія.

Так вось, калі мінулы раз тлумачыў на прыкладзе прадстаўнікоў улады, якія сёння ў Беларусі яўна парушаюць асноўныя законы і наогул насьміхаюцца над прынцыпамі справядлівасці, рабіў гэта зусім не для таго, каб іх асудзіць. Дзякуй Богу, гэта не мой абавязак судзіць і асуджаць іншых. Я прыгадваў пра іх злачынствы, каб сказаць пра існуючую магчымасць змяніць сваё жыццё.

Евангелле заўсёды дае надзею і пакідае шанец нават для тых, хто сёння не выконвае волю Бога, гэта значыць жыве ў суперак з маральным унутраным імператывам.

У прытчы пра гаспадара і двух сыноў з Евангелля паводле св.Мацвея 21, 28-32, Хрыстос кажа, што адзін з іх сказаў: „не хачу” (Мц 21, 29) ісці працаваць у вінаградніку, але апамятаўшыся пайшоў. Другі наадварот, сказаў „ужо іду” (Мц 21, 30) але пасля не пайшоў.
Так вось, той хто спачатку памыліўся але пасля апамятаўся і выправіў сваю памылку, і ёсць тым, хто выканаў волю бацькі.

Той хто апамятаўся і зрабіў адпаведную выснову, атрымоўвае ўзнагароду ад Бога.

Вы, прадстаўнікі ўлады, якія нарабілі дастаткова шмат для таго, каб з вуснаў народа чуць у свой адрас словы „не забудзем, не прабачым”, усё ж маеце шанец заняць месца ў Божым Валадарстве, дзеля гэтага дастаткова толькі аднаго – апамятацца.

Не скарыстаўшы з гэтага шанса і адмовіўшыся ад Божай узнагароды, вас чакае таксама толькі адзіны магчымы варыянт альтэрнатывы – трыбунал. Гэта людзкая справядлівая ўзнагарода. Трэцяй ніякай магчымасці быць не можа, бо яна не існуе.

Касцёл гаворыць проста і зразумела для тых, хто ў нас ужо амаль 50 дзён запар з дня ў дзень памыляецца і чыніць злачынства і беззаконне, збіваючы мірных грамадзян. Гэта, так званыя, “бедныя сілавікі”: некаторыя з маіх слухачоў бядоляць за іх і выказваюць мне прэтэнзіі, як я так магу дзяліць людзей і не суперажываць ім. Я нагадаю для вас словы Сацыяльнага Вучэння Касцёла: “кожны службовец узброеных сіл маральна абавязаны супрацьстаяць загадам, якія патрабуюць здзейсніць злачынства супраць права народаў і яго ўніверсальных прынцыпаў”. (КСВК 503).

Калі з сумленнем у сілавікоў будзе слаба, або ёсць слаба, то ўжо свецкія грамадзяне маюць маральны абавязак спыніць іх. У адваротным выпадку, таксама атрымаюць узнагароду – дэградацыю. І жыццё будзе яшчэ горш, чым было дагэтуль, але не Бог будзе вінаваты ў тым, але мы самі, бо абралі несправядлівы шлях. Так што менш суперажывайце, хрысціяне, але спыніце беззаконне і насілле.

Тут паглядзіце “Самаінаўгурацыя і далейшы дыялог у духу хрысціянства“. Менавіта аб тым, што гэта хрысціянскі абавязак вызваліць краіну з-пад фашызму.

а. Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі