У Лідзе верніцу судзяць пасля “несанкцыянаванай малітвы” ля касцёла

Жанчыны маліліся за Беларусь, а калі пачаліся затрыманні, паднялі ружанцы да вачэй міліцыянтаў і пачалі казаць пра сумленне.

28 верасня ў Лідзе суд разглядаў адміністрацыйную справу ў дачыненні да каталіцкай верніцы Ірэны Бярнацкай. У дачыненні да яе склалі некалькі адміністрацыйных пратаколаў за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства. Першы працэс скончыўся тым, што суд накіраваў пратакол на дапрацоўку. Аднак ужо 30 верасня жанчыну зноў выклікаюць у суд на разгляд чарговага пратаколу.

Пра падрабязнасці Katolik.life распавяла Вераніка, дачка пані Ірэны. Паводле яе, пасля масавага збіцця дэманстрантаў, 12 жніўня жанчыны ў Лідзе выйшлі на акцыю супраць гвалту:

– Сабраліся каля касцёла, там было бяспечней. Жанчыны з супольнасці “Маці ў малітве” вырашылі пачаць маліцца за Беларусь Пампейскай навэннай. Малітву чыталі на вуліцы, ля фарнага касцёла. Усе дні маліліся і ўсе дні ездзілі патрульныя машыны і папярэджвалі аб несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Здымалі на камеру, але пратаколы не пісалі на жанчын, якія маліліся.

Аднак 1 верасня да жанчын пад’ехала машына міліцыі, усіх пачалі здымаць на відэа.

– Жанчыны сталі адварочвацца, пачалася сварка. Падышлі мужчыны, і міліцыя пачала іх затрымліваць. Спрабавалі канструктыўна пагаварыць: на падставе чаго затрыманне, чаму нельга збірацца жанчынам. Я адразу ж была «пазначаная» як тая, хто задае правакацыйныя пытанні, – працягвае Вераніка. – Я заступілася за мужчыну, якога схапілі без прычыны. Падбеглі жанчыны, якія маліліся, з ружанцамі. Мая мама і яшчэ адна жанчына проста паднялі ружанцы да вачэй міліцыянтаў і пачалі казаць пра сумленне, пра грэх.

Неўзабаве пані Ірэну пачалі выклікаць у міліцыю, 28 верасня адбыўся першы суд, які пастанавіў адправіць пратакол на дапрацоўку. Мяркуючы па ўсім, Ірэну чакаюць тры новыя суды – яшчэ столькі пратаколаў склалі ў дачыненні да яе ў міліцыі.

Katolik.life

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
29.09.2020 Беларусь| Тэгі: ,




Блогі