Біскуп Юрый Касабуцкі абверг інфармацыю пра выкарыстанне Касцёла ў Беларусі ў палітычных мэтах

29 верасня Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і адказны за СМІ ў беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юрый Касабуцкі абверг звесткі пра тое, што Касцёл у Беларусі нібы выкарыстоўваецца знешнімі сіламі ў палітычных мэтах.

У гаміліі, прамоўленай у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі падчас урачыстай святой Імшы з нагоды свята Арханёла Міхала, Апекуна Касцёла ў Беларусі, іерарх пракаментаваў звесткі пра знешняе ўмяшальніцтва ў жыццё каталіцкіх супольнасцяў у нашай краіне.

«У некаторых СМІ была апублікавана інфармацыя, якую падаў кіраўнік службы знешняй разведкі Расіі Сяргей Нарышкін. Гэта — фэйк, гэта — лухта. Ён казаў пра нейкія правакацыі, пра тое, што Злучаныя Штаты Амерыкі, ЦРУ і іншыя арганізацыі спрабуюць выкарыстаць Каталіцкі Касцёл для падрыву дзяржаўнага ладу ў нашай краіне.

Гэта — лухта поўная, фэйкавая інфармацыя, хлусня, якая не мае нічога супольнага з праўдай. <…> Гэта інфармацыя, да якой варта адносіцца з доляй іроніі», — сказаў біскуп Касабуцкі.

Пасля Імшы іерарх адказаў Catholic.by на некалькі звязаных з гэтай тэмай пытанняў.

— Ваша Эксцэленцыя, ці даюцца духавенству Касцёла ў Беларусі нейкія інструкцыі палітычнага характару?

— Нашыя святары наогул не атрымліваюць ніякіх інструкцый ні ад каго, і не толькі палітычнага характару.

Мы святароў заахвочваем, напрыклад, да малітвы, да правядзення Ружанцовых набажэнстваў, да арганізацыі благаслаўлення могілак у лістападзе, калі на працягу тыдня мы молімся за памерлых, але нават пры гэтым мы не даем інструкцый, якім чынам гэта рабіць. Ёсць адпаведныя літургічныя абрады і прадпісанні, якіх трымаюцца святары ва ўсім свеце. І яны самі ведаюць, што ім трэба казаць пры гэтым вернікам.

Ніякіх заклікаў да адкрытага выказвання падчас набажэнстваў тых ці іншых адносін да ўлады святарам ніхто не даносіць. Гэтая інфармацыя не мае пад сабою рэальнай глебы.

— Чым, на Вашу думку, могуць быць выкліканы заявы адносна таго, што хтосьці спрабуе ўплываць на Каталіцкі Касцёл з боку Злучаных Штатаў Амерыкі і іншых дзяржаў?

— Мне складана адказаць на гэтае пытанне, але адносна Злучаных Штатаў Амерыкі гэта гучыць зусім нерэалістычна.

Магчыма, гэтыя заявы неяк звязаныя з пазіцыяй Касцёла. Сёння Касцёл у Беларусі кажа праўду пра сітуацыю ў краіне, выступае супраць насілля, заахвочвае людзей да салідарнасці, да адзінства, да згоды, міру, прабачэння.

Можа, такім чынам мы перашкаджаем камусьці ў рэалізацыі нейкіх сцэнарыяў, скіраваных на падзел у грамадстве, на крывавае развіццё падзей. Можа, хтосьці спрабуе выкарыстаць гэтую сітуацыю, каб падзяліць людзей па прынцыпе веравызнання, каб абвінаваціць нас у тым, чаго мы ўсімі сіламі імкнемся пазбегнуць, молячы Бога аб міры і згодзе ў нашым грамадстве. Але мы не паддаемся такой «прамыўцы мазгоў» і застаемся вернымі запаведзям любові, якія пакінуў нам Хрыстус.

— Ці Вы адчуваеце, што на фоне актуальных падзей у грамадстве з’явілася нейкая напружанасць у адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і іншымі канфесіямі ў Беларусі, перадусім з Беларускай Праваслаўнай Царквой?

— Я гэтага абсалютна не заўважаю. Наадварот, мы бачым цяпер вельмі моцную салідарнасць людзей незалежна ад веравызнання. Яны прыходзяць, пытаюцца, ці могуць зайсці ў касцёл, хоць яны не католікі. Мы ім заўсёды радыя; мы адкрытыя для ўсіх, нават для няверуючых.

Ніякага пагаршэння адносінаў няма: яны наадварот становяцца больш адкрытымі і прыязнымі, у духу сапраўднай хрысціянскай любові, якая вышэй за ўсе штучныя падзелы.

Catholic.by, фота Віталія Палінеўскага

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі