Сілавік прапанаваў адпусціць дзяўчыну з аўтазака, калі ўбачыў, што яна чытае Новы Запавет
З 10 жніўня, калі мінчанка Ірына Палюховіч ўпершыню выйшла ў горад у знак пратэсту, яна носіць з сабой Новы Запавет. У нядзелю, 13 верасня, дзяўчыну затрымалі і адправілі ў аўтазак. Убачыўшы, што яна чытае малітвы, сілавік прапанаваў ёй ісці дадому. Адразу Ірына адмовілася, а потым папрасіла, каб замест яе адпусцілі іншую жанчыну. І жанчыну адпусцілі. Зараз Ірына хацела б яе знайсці і пазнаёміцца. TUT.BY распавёў неверагодную гісторыю затрымання Ірыны.
Фота: асабісты архіў гераіні
Ірыне 35 гадоў, яна эканаміст. Да гэтага лета, распавядае жанчына, задумвалася пра тое, што краіне патрэбныя перамены, але «ў палітыку не ўнікала».
– Да выбараў я верыла, што мы можам дамагчыся пераменаў мірным законным шляхам, таму запісалася ў незалежныя назіральнікі, – вяртаецца да тых падзей суразмоўца. – Папрацаваць на ўчастку ў мяне атрымалася толькі ў апошні дзень – 9 жніўня. Уражанні засталіся не самыя прыемныя. На нас з іншымі назіральнікамі спрабавалі выклікаць міліцыю, камісія, здавалася, старалася зрабіць усё, каб мы не ўбачылі, што адбываецца з галасамі.
Гэта, разважае мінчанка, стала першай прычынай выказацца супраць. Нагода нумар два – гвалт з боку сілавікоў.
– Мая душа плача за тых, хто загінуў, пацярпеў фізічна або псіхалагічна, – распавядае Ірына. – Так нельга рабіць з людзьмі. Гэта не павінна забыцца, таму я выходжу.
Ірына стаяла з суседзямі ў ланцугі салідарнасці, шпацыравала ў горадзе па нядзелях. У нядзелю, 13 верасня, падчас “зачысткі” на вуліцы Мельнікайтэ яе і затрымалі.
– У нейкі момант наш аўтазак быў ужо поўны, але мы не з’язджалі, – узгадвае Ірына. – У машыне да дзяўчат сілавікі ставіліся нармальна, мы сядзелі на лаўках, а мужчыны штабелямі ляжалі на падлозе. Мы крычалі, каб мужчын паднялі, казалі, што яны могуць задушыцца, але сілавікі не рэагавалі. Хлопцы пачулі, як мы плачам, і самі сталі нас супакойваць. Мы зразумелі: з імі больш-менш усё нармальна.
У той дзень Ірыну затрымалі ўпершыню. Каб крыху супакоіцца, яна дастала з торбачкі Новы Запавет і стала чытаць. Адзін з сілавікоў гэта заўважыў, «падляцеў», спытаў: «Што вы чытаеце?» Убачыўшы «маленькую кніжачку», працягнуў:«З такой кнігай вы павінны быць у царкве, а не тут». Ірына адказала: «Я і ў царкве бываю, і тут». Чалавек у форме сышоў.
– Праз нейкі час ён вярнуўся і кажа: «Хадзем са мной», – і прапанаваў мяне адпусціць, – апісвае тую сітуацыю суразмоўца. – Дзяўчынкі падхапілі: «Так і нас адпусціце, мы таксама нічога не рабілі». Ён адказаў, што калі б у вас была такая кніга, то, магчыма, і вас бы адпусцілі. Шчыра кажучы, у той момант я падумала, што гэты чалавек жартуе, і папрасіла, раз ужо мне можна выйсці, вярнуць тэлефон, які ў мяне забралі. Мне ніхто нічога не аддаў, і я села на месца.
Побач сядзела жанчына «за 50». Ірына заўважыла, што жанчына адчувае сябе дрэнна, «бледная, здавалася, ледзь-ледзь – і страціць прытомнасць».
– Я гладзіла яе па руцэ і казала: «Не перажывайце, нас ніхто не пакрыўдзіць». Але было відаць, што яна вельмі баіцца, – працягвае суразмоўца. – Праз нейкі час сілавік зноў звярнуўся да мяне і паведаміў, што перадумаў мяне адпускаць. Я і працягнула чытаць малітвы. А потым заўважыла: жанчына побач са мной проста «плыве». Я не вытрымала. «Адпусціце яе. Яна ж узросту вашых бацькоў, – папрасіла я людзей у форме. – У вас жа поўны аўтазак, ёсць яна ці не, усё роўна”.
Людзі ў форме адразу не звярнулі ўвагі на яе словы.
– Потым адзін з іх падвёў гэтую жанчыну да дзвярэй аўтазака падыхаць, а пазней, наколькі я зразумела, яе адпусцілі.
– Як думаеце, чаму, убачыўшы ў вас Новы Запавет, сілавік хацеў вас адпусціць?
– Не ведаю, але я потым на яго глядзела і нават сказала яму: «У вас добрыя вочы». Пакуль мы ехалі, ён больш за ўсё з намі размаўляў, – распавядае Ірына. – Па дарозе дзяўчынкі казалі людзям у форме: вы ж бачыце, мы адэкватныя, працуючыя людзі. Мы не прастытуткі, ня лялькаводы, мы проста не згодныя з тым, што адбываецца. «Чаму вы з намі так?» – пыталіся дзяўчыны. Сілавікі адказвалі, што мы замбаваныя, што любімую не аддаюць. Але калі я глядзела на гэтага мужчыну, мне здавалася, ён нібыта ў стадыі сумневаў. З аднаго боку, ён бачыць, што мы бяззбройныя і нічога дрэннага не робім, з другога – ёсць загад.
– Як з’явілася ідэя папрасіць адпусціць іншага чалавека?
– Няправільна будзе напісаць, што я такая добрая і папрасіла адпусціць гэтую жанчыну замест мяне. Магчыма, калі б мне адразу вярнулі тэлефон, я б пайшла і не заўважыла, як ёй дрэнна, – як ёсць кажа Ірына. – Але я засталася і ў нейкі момант зразумела, што гэтаму чалавеку дапамога патрэбна больш, чым мне. Гледзячы на яе, я падумала пра маму, і захацелася хоць неяк гэтую жанчыну падтрымаць.
Пазней аўтазак, у якім знаходзілася Ірына, прыехаў ў Фрунзенскі РАУС. На мінчанку склалі пратакол і праз нейкі час адпусцілі. 29 верасня яе судзілі. Штраф – 30 базавых, 810 рублёў.
– Я б вельмі хацела знайсці гэтую жанчыну, даведацца, ці ўсё з ёй у парадку, – кажа суразмоўца і просіць жанчыну адгукнуцца. – Пазней я ўбачыла на відэа, што да затрыманняў яна стаяла каля сілавікоў і жагнала іх. Мабыць, малілася. Не скажу, што я глыбока веруючы чалавек, але з 10 жніўня я нашу з сабой Новы Запавет. Мне цяжка прыняць, што праваслаўная царква не рэагуе на падзеі, што адбываюцца, так актыўна, як каталікі. Але я стараюся сябе пераканаць, што царква – гэта толькі прадстаўнік, а я як верыла ў Бога, так і буду верыць. Вера – мая абарона, у аўтазаку нам усім таксама дапамог Бог.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Сайт Krynica.info часова спыняе сваю працу 21.09.2022 17:18
- Пастару Вячаславу Ганчарэнку штраф 100 базавых 20.09.2022 14:55
- Затрыманы Вячаслаў Ганчарэнка 20.09.2022 11:53
- Адзін з самых пазнавальных беларускіх календароў ужо ў продажы 19.09.2022 12:11
- “Стаміліся ўсё ад хлусні”. Белгарадскі мітрапаліт лічыць, што ў Расіі з-за вайны можа паўтарыцца 1917 год 19.09.2022 10:43
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)