Міхаіл Буклярэвіч: беларускі святар, якога расстралялі за супраціў бальшавікам

“Як верны слуга Хрыстуса, быў шчыра адданы працы дзеля духовага і матэрыяльнага дабра нашага сялянства: закладаў хаўрусныя крамы, адчыняў пачаткавыя школы, прытулкі, смела гаварыў сваім парахвіянам, што яны не Палякі, не Расейцы, а Беларусы”, – так пра ксяндза Міхаіла Буклярэвіча пісала ў 1919 года газета “Крыніца”. У гэтым жа годзе святар і правадыр антыбальшавіцкага паўстання на Дзісеншчыне быў расстраляны.

буклярэвіч

Нарадзіўся Міхась Піліпавіч Буклярэвіч 12 кастрычніка 1884 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Лінгі Ашмянскага павету (зараз Воранаўскі раён Гарадзенскай вобласці).

Навучаўся ў двухкласнай гарадской вучэльні, потым на аптэкара ў Віленскай мужчынскай гімназіі. З 1904 года – у Віленскай духоўнай семінарыі.

У 1908 годзе Міхаіл Буклярэвіч быў высвечаны на ксяндза. Спярша быў пробашчам парафіі Нараўка на Сакольшчыне (цяпер Польшча), а з 1917 года – парафіі Іказнь на паўдарозе з Браслава да Мёраў.

Быў свядомым беларусам. Удзельнічаў у з’ездзе беларускага каталіцкага духавенства ў Дзісенскім павеце 6-7 жніўня 1918 года.

святары БХД

У чэрвені 1919 года Беларусь напоўніцу вызнала лютасць бальшавіцкага тэрору, “прадразвёрстак” і проста бандыцкага гвалту. У ваколіцах Дзісны ды Браслава ўзброеныя злодзеі адбіралі ў людзей хлеб і жывёлу, палілі маёнткі, расстрэльвалі нязгодных. У Шаркаўшчыне быў забіты праваслаўны святар Канстанцін Жданаў, шанаваны мясцовым людам. Да таго ж новыя ўладары аб’явілі мабілізацыю мужчынаў 16-43 гадоў у чырвонае войска. Людзі сыходзілі ў лес і рыхтаваліся абараняць сваё жыццё ды свой край.

Урэшце, 14 чэрвеня на парафіяльным фэсце ў гонар Найсвяцейшых Цела і Крыві Хрыстовых у Іказні сам ксёндз Міхал Буклярэвіч звярнуўся да тысячаў людзей і заклікаў вызваліць край ад захопнікаў. Моладзь умомант раззброіла прысутных на свяце бальшавіцкіх вайскоўцаў – і паўстанне пачалося ад прыступак касцёла.

Паўстанцам удалося ачысціць ад камуністычнай улады Іказнь, Слабодку, Мілашова, Мёры, Ёдку, Чэрасы, Шаркаўшчыну, Новы Пагост, Германавічы. Бальшавіцкія дзеячы былі захопленыя альбо ўцякалі. Але сілы былі няроўныя: у чырвонай улады было рэгулярнае войска і артылерыя.

У выніку баёў паўстанцы былі разбітыя за некалькі дзён. 26 чэрвеня бальшавікі захапілі Іказнь. Ксяндза і ягоную сястру Аліцыю 27 чэрвеня прысудзілі да смерці і расстралялі ў вёсцы Бігосава. Толькі 24 сакавіка 1920 году, ужо за польскай уладай, парэшткі ксяндза і ягонай сястры былі ўрачыста перапахаваныя ў Іказні, ля касцёла.

Помнік на магіле ксяндза Буклярэвіча стаіць там дагэтуль, абвязаны бел-чырвона-белай стужкай.

Павел Севярынец,  “100 Асобаў БХД”

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі