Біскуп Юрый Касабуцкі заклікаў маліцца за пацярпелых, збітых і параненых

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцзэіі Юрый Касабуцкі апублікаваў у сваім фэйсбуку адпаведны зварот.

Дарагія мае сябры!
Бог даў нам вельмі моцную і дзейсную зброю — дар малітвы. Мы вельмі шмат молімся за нашу Бацькаўшчыну, асабліва ў гэты складаны перыяд. Хтосці нават быў пакараны за сваю малітву, трапіўшы за краты альбо атрымаўшы штраф, бо камусці не спадабалася месца малітвы.
Тое, што адбываецца ў нашай краіне, сведчыць аб неабходнасці ўзмоцніць нашу малітву, не спыняць яе і не баяцца цяжкасцяў.
Сёння наш народ атрымаў чарговую порцыю насілля і жорсткасці з боку “праваахоўнікаў”, многіх брутальна затрымлівалі і кінулі за краты.
Я заахвочваю маліцца за ўсіх пацярпелых, збітых, параненых… Перш за ўсё, каб крыўда і боль не перараслі ў нянавісць і агрэсію, жаданне помсты… Каб усе мы змаглі захаваць сваю ЧАЛАВЕЧУЮ годнасць, салідарнасць, неабыякавасць, каб у гэтыя хвіліны выпрабаванняў мы падтрымлівалі адно аднаго і адчувалі сябе адным народам.
Я заахвочваю маліцца таксама за тых, хто дае і выконвае злачынныя загады, дае несправядлівыя прысуды… Мы асуджаем насілле, хлусню, несправядлівасць, але молімся за кожнага чалавека, нават калі бачым, што яго сэрца напоўнена злом і нянавісцю. Такому чалавеку найбольш патрэбна Божая ласка для зразумення пэўных рэчаў і пакаяння…
МОЛІМСЯ ЗА НАШУ РОДНУЮ БЕЛАРУСЬ І ЗА НАШ ЦУДОЎНЫ НАРОД !!!

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі