Успамін усіх памерлых вернікаў: як размаўляць з дзецьмі пра смерць?
2 лістапада, пасля ўрачыстасці Усіх Святых, у Касцёле адзначаўся ўспамін усіх памерлых вернікаў. Узгадкі пра памерлых членаў сям’і і наведванне могілак могуць выклікаць у дзяцей мноства пытанняў.
Як размаўляць з імі пра таямніцу смерці і надзею на вечнае жыццё? Dominus.by прысвячае гэтай тэме свой матэрыял.
Успамін усіх памерлых вернікаў аб’ядноўвае жывых і спачылых у малітве. Мы ўсхваляем Пана разам са святымі, якія ўжо цешацца бясконцай ласкай, абяцанай Езусам Хрыстом, і просяць іх аб заступніцтве за ўсіх тых, хто, спадзеючыся цешыцца паўнатой Божага Валадарства, усё яшчэ знаходзіцца ў таямнічым пасмяротным стане, якое мы называем чыстцом.
Успамін усіх памерлых вернікаў дазваляе нам зірнуць на смерць як на шлях у вечнае жыццё.
На жаль, смерць непарыўна звязана з пакутамі. Мы баімся расставання з блізкімі і трывожымся перад абліччам невядомасці. Часам у нас узнікае спакуса як мага даўжэй аберагаць дзяцей ад гэтай таямніцы. «Хутка яны і так пра ўсё гэта даведаюцца, у іх яшчэ будзе шмат часу для пакутаў», — думаем мы. Канечне, ахоўваць дзяцей такім чынам не заўсёды магчыма. Але ці трэба гэта рабіць? І калі мы павінны размаўляць з дзецьмі пра смерць, то як?
Не хавайце ад дзяцей праўду
Усе мы разумеем, што дзіця можа сутыкнуцца са смерцю ў вельмі раннім узросце. Гэта можа быць смерць бацькі, маці, брата, сястры, бабулі, дзядулі або яшчэ кагосьці. Таксама дзеці могуць баяцца сваёй уласнай смерці. Канечне, з дзіцем, якое хутка памрэ, трэба размаўляць не так, як з іншым дзіцем, якое смуткуе з-за смерці блізкага чалавека, або з трэцім, якое даведалася пра смерць кагосьці малазнаёмага. У любым выпадку, казаць пра смерць няпроста.
Але словы, якімі б яны ні былі, лепш за маўчанне, таму што ўсе дзеці без выключэння задаюцца пытаннем пра смерць, нават калі не размаўляюць пра яе з бацькамі.
Часта дзеці адчуваюць, што бацькі або не гатовыя адказваць ім, або, што яшчэ горш, хлусяць.
Дзіця заўсёды мае патрэбу ў праўдзе. Нельга чакаць, што і вы самі будзеце цалкам спакойныя перад абліччам смерці, перш чым асмеліцеся загаварыць. Мы плачам з-за смерці блізкага? Не выражаючы ўсіх пакутаў, не давяраючы дзецям увесь боль, мы можам паказаць ім, што таксама плачам і што перажыць чыюсьці смерць для нас цяжка. У прыватнасці, дзіцяці вельмі важна добра ведаць, што хрысціянская вера ў Бога і надзея на вечнае жыццё перамяняюць нас і нашы пакуты, хаця і не заглушаюць іх. Сам Езус плакаў каля труны свайго сябра Лазара. Смерць — гэта адначасова і расставанне з блізкімі, і шлях да сустрэчы з Богам.
Знайдзіце правільныя словы
Размаўляючы з дзецьмі пра смерць, мы павінны быць асцярожныя і пастарацца не выкарыстоўваць тэрміны ці словы, якія яны могуць не зразумець або зразумець няправільна. «Неба» — гэта тое, што знаходзіцца над галавой, таму, калі дзіця не ведае, што гэтае слова азначае і «Валадарства Божае», яно можа ўявіць, што памерлыя вісяць у паветры. Дакладна гэтак жа належыць пазбягаць выразаў накшталт: «Бог забраў майго бацьку». Дзіця можа паўстаць супраць Бога, які «забірае» людзей.
Як заўсёды, асабліва калі гаворка ідзе пра гэтыя найважнейшыя пытанні, звязаныя са смерцю (або нараджэннем), належыць памятаць, што дзеці разумеюць і засвойваюць усё паступова, пачынаючы з таго, што іх цікавіць.
Нічога дзіўнага, калі дзіцяці цяжка зразумець, што ў чаканні ўваскрасення душа і цела раздзеленыя. Не здзіўляйцеся, калі вам прыйдзецца паўтараць тое, што, як вам здавалася, дзіця ўжо ведае.
Размова з дзецьмі пра смерць — гэта перш за ўсё размова пра жыццё. Пра жыццё, якое пачалося на зямлі і набудзе паўнату ў вечнасці. Мы павінны размаўляць пра гэта, каб абудзіць у дзецях рэальнасць незаўважнай і маўклівай, але сапраўднай прысутнасці памерлых — еднасці святых, у якой злучаны жывыя на зямлі і на небе. Мы не павінны забываць: калі мы нічога не ведаем пра жыццё пасля смерці, то гэта таму, што Бог хоча «зрабіць нам сюрпрыз». А паколькі Бог — самы любячы Айцец з усіх, мы можам быць упэўнены, што сюрпрыз атрымаецца цудоўным!
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Сайт Krynica.info часова спыняе сваю працу 21.09.2022 17:18
- Пастару Вячаславу Ганчарэнку штраф 100 базавых 20.09.2022 14:55
- Затрыманы Вячаслаў Ганчарэнка 20.09.2022 11:53
- Адзін з самых пазнавальных беларускіх календароў ужо ў продажы 19.09.2022 12:11
- “Стаміліся ўсё ад хлусні”. Белгарадскі мітрапаліт лічыць, што ў Расіі з-за вайны можа паўтарыцца 1917 год 19.09.2022 10:43
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)