Урачыстасць Хрыста Валадара. Пра “авечак і казлоў” і крыху “пачакуноў”

Сярод розных начальнікаў і валадароў ёсць такі Валадар, з якім ніхто не параўнаецца. Хрыстос – Валадар Сусвету.

Ён мае абсалютную ўладу. Апірашча Яго ўлады — праўда. Гэты Цар не мае патрэбы бараніць свайго трону, бо проста не існуе больш моцнага караля чым Ён.

Праз атрыманую перамогу над смерцю, Ён пераканаў, што з’яўляецца Валадаром над усім што ёсць, і, ў тым ліку, таксама над гісторыяй і часам.

Валадар, якому адзінаму прыналежыць найвышэйшая слава і пашана, сам ад нас не патрабуе ўшанавання коштам змяншэння нашага гонару.

Гэта той Валадар, панаванне каторага здзейсняецца ў служэнні. Ён не прышоў на зямлю, каб Яму служылі але каб служыць. (пар. Мц 20,28)

Яшчэ праз прарока Эзэхіэля Валадар прадказваў як будзе панаваць. Сябе самога параўноўваў з пастырам і абяцаў: “Я буду пасвіць авечак Маіх і cам буду ўкладваць іх на адпачынак… згубленую адшукаю, зведзеную прывяду назад, параненую перавяжу і аслаблую падмацую, а тлустую і моцную буду сцерагчы, буду пасвіць яе ў праўдзе. “ (Эз 34, 15-16).

Хрыстос такі Валадар, які дапамагае тым хто ў патрэбе, а хто не мае недастатку, над тым клапоціцца, каб і не меў, і “пасвіць яго ў праўдзе”. Бо і “Валадарства Яго гэта не справа таго што есцца і п’ецца” (Рым 14, 17), гэта не “стабільнасць” і “дабрабыт” але “справядлівасць і супакой” (Рым 14, 17). А які ж супакой без праўды? Валадар, зрэшты, і сам называў сябе “Праўдай”.(Ян 14, 6).

Падаецца, кожнаму проста зразумець тайну Валадарства Хрыста ды стаць Ягоным падданым. Дзеля гэтага таксама Валадар не маўчыць але настаўляе. Слова з Бібліі кажа: “з неба даў Ён пачуць табе голас Свой, каб навучыць цябе…” (Дрг 4,36).

Больш за тое, дапамогай Яму ёсць кожны святар і пастыр, якія нібыта вяшчальнікі агучваюць волю Валадара.

І вось кожны пастыр, пакліканы да таго, каб быць голасам Хрыста. І голас Царквы, голас Касцёла, таму павінен гучаць без аглядкі на моцных гэтага свету, бо вінен пазаставацца выключна верным Нябеснаму Цару.

Некаторыя пастыры гаворачы пра Беларусь сёння, кажуць: “Ці не лепш нам часам прамаўчаць у чаканні, калі адкрые Гасподзь Сваю волю і памаліцца, каб Гасподзь сказаў Сваё слова, чым казаць слова простае, чалавечае, якое замест змены прыводзіць да раздражнення?”

Я не хацеў бы сам адказваць на пытанне, перакручанае ў такой форме. Але ў замен прапаную паслухаць Божы наказ, дадзены прароку Ісаі: “Заклікай голасна, ня стрымлівайся; узвысь голас твой, каб быў, як труба, і пакажы народу Майму на беззаконьне яго…” (Іс 58,1)

Вынікае, што прамаўчаць можа і можна, але толькі не таму, хто ёсць пастырам. Маўчанне пастыра ў той час, калі нават авечкі не маўчаць, немагчыма назваць праяўленнем мудрасці і вернасцю ў служэнні.

Той момант, калі шалеюць ваўкі, а голас авечак лепш чутны, чым голас пастыра, ставіць пад сумніў патрэбнасць самаго пастыра.

Пастыр, вядома, патрэбны дзеля таго, каб у гэтым свеце мог ясна гучаць голас Валадара Хрыста, і каб кожная авечка магла беспамылкова знаходзіць шлях, дзякуючы голасу пастыры.

Так ці ж можа, напрыклад, пастыр сказаць такія словы: ”І той, хто перавысіў свае паўнамоцтвы, той, хто паступіў несправядліва, хай, перш за ўсё, у душы сваёй пакаецца, памоліцца. А калі Богу будзе заўгодна, дык панясе пакаранне па лініі дзяржаўнай”.

Ці ў сфармуляванай такім чынам думцы, не згубіліся словы настаўлення Хрыста, скіраваныя да тых, хто, падаецца, меў неўласцівае памкненне хавацца за малітвамі і ахвярапрынашэннямі: “калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе, пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі спярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой.» (Мц 5, 23-24)

Зрэшты, чаму б не ўзгадаць і словы прарока Данііла, які даваў параду грэшніку, а злачынцам тым быў цар. Так вось, прарок не казаў пра пакаянне ў душы, ды пра тое, што можа быць заўгодна Богу, але дакладна і ясна даў настаўленне цару-грэшніку: “адкупі грахі твае праўдаю і твае беззаконні міласэрнасцю да бедных…” (Дн 4, 24).

Ведаеце, Слова Божае раіць лепш не жартаваць з Валадаром. А калі хтосьці сам пастыр, то тым больш добра ведае: Хрыстос – Валадар, які таксама, калі трэба, будзе жорсткім “і збярэ нават там дзе не раскідваў”.

І што да чаго, калі прыдзе час, і прагучыць яго голас, то не тое што сам пастух ці пастыр можа заплакаць але, нават, яго халупа.

Прарок Амос, які быў па сумешчальніцтву пастухом, кажа: “ Гасподзь загрыміць з Сіёна і дасць голас Свой з Ерусаліма, – і заплачуць халупы пастухоў ( Ам 1,3). І далей пераказвае голас Бога: “за злачынствы… не пашкадую яго, бо яны малацілі (людзей).. жалезнымі цапамі.” (Ам 1,5). “ за злачынствы … не пашкадую яго, бо ён перасследаваў брата свайго мечам, прыдушыў пачуцці роднасці, лютаваў пастаянна ў гневе сваім і заўсёды захоўваў лютасць сваю”. (Ам 1,11-12)

Няхай ніхто не сумняваецца- прыйдзе час і голас Валадар прагучыць.

Валадарства, дзе Хрыстос ёсць Валадаром, не мае кампрамісаў для тых, хто сёння стаў на бок зла. Хрыстос упрытчы пра “авечак і казлоў” у Евангеллі паводле св.Мацвея (Мц 25, 31-46) кажа, што падзел магчымы толькі на “авечак” і “казлоў”. Пераклікаецца гэта з вядомым падзелам на людзей і “бандытаў” Папы Францішка з энцыклікі #FratelliTutti.

Такая бескампраміснасць прыносіць асаблівае расчараванне для значнай часткі беларусаў, якія яшчэ і “авечкамі” не сталі але і “казламі”, нават, у гэтым свеце ім ужо не камільфо быць, але надалей знаходзяцца ў такім стане “пачакунства”, так бы мовіць, у стане невызначанасці. Хто такія пачакуны? Гэта тыя, хто жыве ў “хатах с краю”.

Так вось, пра такіх няма словаў у Пісанні, як і пра тое, што яны патрапяць у Валадарства. А таму раю і Вам даражэнькія “пачакуны”: спяшайцеся вызначыцца хто ёсць Вашым Валадаром, каму служыце?

Вы, за “праўду і справядлівасць” і Валадарства Хрыста, ці за “стабильность і благополучие” і ілюзорную “родину”?

а. Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі