Паняцце справядлівасці ў вучэнні Касцёла

Сярод чатырох кардынальных цнотаў ёсць адна асаблівая, якая называецца справядлівасцю. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла акрэслівае гэту цноту як цвёрдае імкненне аддаваць належнае Богу і бліжняму (гл. ККК, 1807). Жаданне справядлівасці моцна ўкаранёнае ў кожным чалавечым сэрцы, але яе ажыццяўленне часта бывае складаным і нават можа дорага каштаваць тым, хто за яе змагаецца. Езус Хрыстус назваў шчаслівымі тых, каго пераследуюць за справядлівасць, і абяцаў ім Валадарства Нябеснае (гл. Мц 5, 10).

Паняцце «справядлівасць» (лац. iustus) падразумявае адпаведнасць пэўнаму праву, але ў свеце існавала і існуе мноства прававых сістэмаў. На жаль, далёка не кожная з іх адпавядае духу Евангелля. Многія дыктатары і тыраны нярэдка лічылі сябе справядлівымі людзьмі, бо дзейнічалі паводле адпаведных законаў. Магчыма, з юрыдычнага пункту гледжання там і быў парадак, а вось з маральнага — не заўсёды. Справядлівасць — гэта паняцце, якім часта маніпулююць і нават скажаюць дзеля ўласнай выгоды. Менавіта на гэта звярнуў увагу Святы Айцец Францішак у сваёй чарговай энцыкліцы «Fratelli tutti». Папа падкрэсліў, што «любові, справядлівасці і салідарнасці не дасягаюць раз і назаўсёды. Іх трэба здабываць кожны дзень» (Fratelli tutti, 11). Такім чынам, справядлівасць уваходзіць у шэраг тых этычных вартасцяў, пра якія трэба старанна клапаціцца, і разумець яе трэба ў адпаведнасці з Божым законам.

Хрысціянскаму разуменню справядлівасці нас вучыць Касцёл, які на працягу стагоддзяў прысвячаў гэтаму пытанню нямала ўвагі. Вядома, што найбольш спрэчак адносна справядлівасці ўзнікае ў штодзённых адносінах паміж людзьмі, таму найбольш актуальны такі від справядлівасці, як сацыяльная. Ужо ў канцы ХІХ стагоддзя Касцёл пачаў як ніколі актыўна гаварыць аб складаных грамадскіх праблемах і абароне інтарэсаў працоўных, што знайшло адлюстраванне ў шырокавядомай энцыкліцы папы Льва ХІІІ «Rerum novarum» (1891 г.). Праблема была настолькі актуальнай, што праз сорак гадоў папа Пій ХІ у энцыкліцы «Quadragesimo anno» ўзняў многія з закранутых яго папярэднікамі пытанняў, сцвярджаючы: «Справядлівасць павінна напоўніць сабою дзяржаўныя і грамадскія інстытуты і стаць сапраўды эфектыўнай: гэта значыць ствараць такі прававы і грамадскі лад, які б вызначаў у тым ліку гаспадарчае жыццё» (Quadragesimo anno, 88). Папа таксама адзначыў, што любыя грамадскія перамены не могуць быць адарванымі ад самага галоўнага — адраджэння хрысціянскага духу ў жыцці людзей. «Без гэтага, — пісаў Пантыфік, — дарэмнымі будуць высілкі, а сцены будуць будавацца на пяску, а не на скале» (Quadragesimo anno, 127).

Вялікі ўклад у паглыбленне вучэння аб справядлівасці ў Каталіцкім Касцёле ўнёс Другі Ватыканскі Сабор (1962–1965 гг.), які лічаць найбольш душпастырскім з усіх Сабораў. Сабор жыва адрэагаваў на многія набалелыя пытанні сучаснасці, сярод якіх пытанне аб справядлівых адносінах паміж людзьмі было адным з прыярытэтных. Зыходзячы з пераканання аб выключнай годнасці чалавечай асобы, аўтары пастырскай канстытуцыі «Gau dium et spes» заяўлялі: «…неабходна зрабіць даступным чалавеку ўсё тое, што яму патрэбна для сапраўднага чалавечага жыцця: харчаванне, адзенне, жыллё, права на свабодны выбар стану і заснаванне сям’і, на выхаванне і працу, на добрае імя і павагу, на праўдзівую інфармацыю і на паводзіны паводле правільных нормаў свайго сумлення, на абарону прыватнага жыцця і на справядлівую свабоду таксама ў рэлігійнай сферы. Таму сацыяльны лад і яго развіццё заўжды павінны няспынна скіроўвацца да дабра асобаў, г.зн. парадак рэчаў павінен падпарадкоўвацца парадку асобаў, а не наадварот» (Gaudium et spes, 26). Адзначым, што той жа Сабор пазітыўна выказаўся наконт забастовак, калі яны разглядаюцца як крайняя мера дзеля абароны правоў працоўных і выканання іх справядлівых патрабаванняў (гл. Gaudium et spes, 28).

Вучэнне Другога Ватыканскага Сабору развівалі і Папы Рымскія наступных гадоў. Павел VI у энцыкліцы «Populorum progressio» (1967 г.) акрэсліў справядлівасць як актуалізацыю ідэі супольнага дабра. Адначасова пра яе сталі гаварыць у Касцёле не толькі ў кантэксце ўзаемадачыненняў працаўніка і працадаўцы, але і ў перспектыве міжнародных адносінаў. Значнае паглыбленне каталіцкага вучэння на тэму справядлівасці адбылося ў часы Пантыфікату Яна Паўла ІІ. Святы Айцец закрануў праблемы сацыяльнай справядлівасці ў трох дакументах — энцыкліках «Laborem exercens» (1981 г.), «Sollicitudo rei socialis» (1987 г.) і «Centesimus annus» (1991 г.), не лічачы шматлікіх гамілій, прамоваў, лістоў і г.д.

Ян Павел ІІ звяртаў увагу на тое, што празмерная канцэнтрацыя чалавека на ўласнай карысці, бязмерная прага ўлады, якая суправаджаецца навязваннем сваёй волі іншым, перашкаджае ў будаванні справядлівага свету (гл. Sollicitudo rei socialis, 37). Грэх знявольвае чалавека і вядзе да таго, што паміж людзьмі ўтвараюцца адносіны сузалежнасці, таму Папа рашуча заклікаў замяняць сузалежнасць салідарнасцю (гл. Sollicitudo rei socialis, 39). На думку Яна Паўла ІІ, несправядліва, калі мацнейшы жадае панаваць над слабым. Гэта датычыць як паасобных людзей, так і сістэмы міжнародных адносінаў: ва ўсіх стасунках паміж народамі і дзяржавамі неабходна імкнуцца да салідарнасці.

Своеасаблівае падсумаванне вучэння Касцёла аб справядлівасці ў грамадстве мы знойдзем ва ўзгаданым вышэй Катэхізісе Каталіцкага Касцёла (1992 г.), паводле якога справядлівасць забяспечваецца тады, калі існуе пашана да свабоды і правоў асобы, і калі ствараюцца ўмовы, якія дазваляюць аб’яднанням і розным па светапоглядах асобам дасягнуць таго, на што яны маюць чалавечае права. Разам з тым у Катэхізісе выказана думка, што час, у якім мы жывем, — гэта выпрабаванне злом і «ўціскам» (1 Кар 7, 26), час чакання і чування (гл. ККЦ, 672), таму перамога ў свеце канчатковай справядлівасці яшчэ наперадзе.

Германскаму імператару Фердынанду І (1503–1564 гг.) належаць словы: «Справядлівасць павінна здзейсніцца, хоць бы нават згінуў свет». Аднак такі радыкалізм зусім не патрэбны. Хрысціяне ў штодзённым жыцці, выкарыстоўваючы маральна дапушчальныя сродкі, павінны дзень за днём працаваць дзеля пабудовы лепшай будучыні і больш гуманнага свету. Важна памятаць, што справядлівы свет з’яўляецца вынікам цярплівасці і нашай любові да іншага чалавека. Св. Ян Павел ІІ папярэджваў, што справядлівасць, адарваная ад цноты любові, становіцца дэфармаванай, скажонай і ў выніку перарастае ў адносіны па прынцыпе «вока за вока, зуб за зуб» (Dives in misericordia, 12). Такім чынам, імкненне да сапраўднай справядлівасці не можа быць рэалізавана інакш, як толькі на падставе запаведзі Любові, пакінутай нам Езусам Хрыстом: «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (Ян 13, 34).

Ксёндз Юрый Дрозд — доктар тэалогіі,
дырэктар Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі