Зварот каталіцкіх біскупаў Беларусі
Наша бацькаўшчына Беларусь ужо чацвёрты месяц знаходзіцца ў нябачаным дагэтуль грамадска-палітычным крызісе, які, на жаль, паглыбляецца. Насілле не спыняецца, надалей праліваецца кроў, грамадства падзелена. Гэта не прадвяшчае нам шчаслівай будучыні, бо, як казаў Хрыстус, дом, падзелены сам у сабе, не выстаіць (пар. Мц 12, 25).
Цяжка паверыць, што такое адбываецца ў нашай міралюбнай краіне, вядомай сваёй талерантнасцю і згодай паміж людзьмі розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў.
Каталіцкі Касцёл, кіруючыся Евангеллем і пабудаваным на ім сацыяльным вучэннем, выказваецца супраць насілля, беззаконня, несправядлівасці і няпраўды і асуджае іх. Касцёл заклікае да мірнага вырашэння ўзніклых праблем шляхам дыялогу ў духу любові да Бога і бліжняга, з захаваннем Божых і чалавечых законаў.
Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, далучаемся да звароту Папы Францішка, скіраванага ім пасля малітвы «Анёл Панскі» 13 верасня 2020 г. да дзяржаўных уладаў. У ім Пантыфік заклікаў прыслухацца да голасу суграмадзянаў і пайсці насустрач іх законным імкненням, забяспечваючы поўную павагу да правоў чалавека і грамадзянскай свабоды.
Пры гэтым мы хочам падкрэсліць, што галоўная мэта Касцёла — абвяшчаць Евангелле дзеля пабудовы Божага Валадарства, якое не кіруецца прынцыпамі гэтага свету і не прэтэндуе на зямную ўладу. Таму Касцёл не выконвае дзяржаўных функцый і не можа нікім выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах.
У гэты лёсавызначальны час гісторыі нашай бацькаўшчыны, як навучаў святы апостал Павел, мы павінны несці цяжар адзін аднаго (пар. Гал 6, 2), аказваць узаемную падтрымку і салідарнасць дзеля будавання згуртаванай, а не падзеленай Беларусі.
Звяртаемся да католікаў і ўсіх людзей добрай волі з заклікам працягваць узносіць свае малітвы ў інтэнцыі хуткага і мірнага вырашэння крызісу, бо благаслаўлёныя міратворцы і тыя, хто імкнецца да справядлівасці, як кажа Хрыстус. Няхай дабро пераможа зло.
Мір і дабро табе, наша бацькаўшчына Беларусь!
Мінск, 25 лістапада 2020 г.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- У Ізраілі знайшлі надпіс пра Хрыста, якому каля 1500 гадоў 23.01.2021 14:34
- “Казка пра Белага анёла, Зорку і цёмную краіну, якая робіцца светлай”. Казка ад Паўла Севярынца 15.01.2021 17:31
- Арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Мітрапаліта Філарэта 13.01.2021 10:28
- Памёр мітрапаліт Філарэт, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі 12.01.2021 14:32
- Віншаванне архіепіскапа Арцемія з нагоды свята Хрыстовага нараджэння 07.01.2021 10:53
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)