Беларускі Адвэнт 2020. Справядлівасць з Нябёсаў непазбежна

Калі жыццё перастае мець смак. Калі чалавека ўжо ведаеш настолькі добра, што ўсе праяўленні яго нікчэмных паводзінаў перастаюць цябе здзіўляць і нават раздражняць. Калі пераконваешся, што пошукі шчасця на зямлі ніколі не завершацца поспехам…

Тады туга па Небу пераўтвараецца ў само паветра, дзякуючы якому ты ўсё яшчэ дыхаеш ды, неглядзечы ні нашто, жывеш і далей не губляеш надзеі на лепшую будучыню.

У такі час, як ніколі становяцца блізкімі і зразумелымі словы прарока Ісаі, што гучаць на літургіі ў католікаў у першую нядзелю Адвэнту “О, калі б Ты (Божа) разарваў нябёсы і сышоў…” (Іс 64, 1)
Чалавек, калі заўважае недахоп Божай прысутнасці ў свеце, тады пачуваецца ў ім чужым. А свет становіцца неўтульным, калі каштоўнасці евангелічныя- свабода, праўда, справядлівасць і мір перастаюць быць цэнтральнай тэмай людзкой заклапочанасці. Бо без іх, і Бога няма ў свеце.

Мы пачынаем перыяд Адвэнту — гэта радасны час чакання на сустрэчу з Госпадам. Ісая просіць Бога вярнуцца ў свет і прадказвае Яго вяртанне кажучы: “Госпад сустракае тых, хто радуецца і чыніць справядліва…” (пар. Іс 64, 5 )

Сапраўды, той для каго справядлівасць не пустое слова, і, нават, не толькі мудры жыццёвы прынцып, але каштоўнасць на якой будуе ўласнае жыццё і дзеля якой гатовы расстацца і з іншымі любымі каштоўнасцямі, няхай сабе і вельмі важнымі, такімі як “чарка і шкварка”, той чалавек разумее, што і “разарваныя нябёсы”, як жыццё, што церпіць крах, не могуць адабраць надзеі на перамогу справядлівасці але наадварот прадказваюць надыход панавання Божай справядлівасці ў свеце.
І вось гэта надзея, сам па сабе тужлівы час чакання, дазваляе перажываць ў атмасферы радасці.

У гэтым годзе #Адвэнт для Беларусі таксама мае вельмі сімвалічны сэнс.
Мы бачым як церпіць крах ранейшы лад жыцця, што збудаваны на прынцыпах, мякка кажучы, далёкіх ад каштоўнасцей евангелічных.

Прыходзіць на думку размова з адным трактарыстам ў Расонах. Ён казаў так: “ведаеш, ксёндз, а я галасаваў за Лукашэнка, бо пры ім хоць украсці можна ды салярку калгасную зліць. А прыдзе новы, так тады і не ўкрадзеш. Яны ж усе новыя за справядлівасць і праўду”. Калі нашае грамадства сталася сведкай высмеявання праўды і справядлівасці, мы асабліва чакаем лепшага часу і робім паслядоўныя крокі да таго, каб вярнуць вяршэнства Закону.

Супрацьстаянне ў Беларусі сапраўды зацягнулася. Кожны чакае вырашэнне крызісу як збаўлення. Лепшага часу і перамогі дачакаецца той, у каго ёсць больш веры ў сэрцы. І гэта пытанне: у каго веры больш? Ці ў тых хто верыць у перамогу дабра і магчымасць жыць справядліва, ці ў тых, хто верыць у тое , што справядлівасці і праўды, ды чэсных выбараў нідзе няма, а тут трэба дастасоўвацца да таго, каб неяк выжыць у рэаліях, калі вяршэнства мае беззаконне …

Асабіста я веру ў Госпада і веру, што Ён які разрывае нябёсы і сустракае тых, хто чыніць справядлівасць, не падмане нас і праявіць над Беларуссю моц свайго панавання і ўсталюе свой парадак, неглядзячы на тое, як бы таго каму не хацелася. Бо парадак і мір не збудуеш на мілітарнай сіле пры дапамозе “красаўцаў” з дубінкамі але толькі на праўдзе і справядлівасці.

А таму, асабіста для мяне, Адвэнт 2020 г. гэта таксама радасны час, бо я бачу людзей якія шукаюць справядлівасці, а гэта значыць тут у Беларусі сёння дзейнічае Бог, які ўсталёўвае свой парадак. А таму маю адвэнтовую радасць чакання не здольныя сапсаваць нават тыя, хто не спыняецца мяне пераследваць з-за майго прапаведвання. Я не губляю надзеі і сёння, калі ў першую нядзелю Адвэнту атрымаў позву з крымінальнага вышуку ў Расонах, з патрабаваннем явіцца да іх у аўторак 1.12.2020 на 10.00 раніцы, бо адносна мяне вядзецца адміністратыўны працэс: справа тычыцца маіх выказванняў у інтэрнэце.

Чаму я спакойны? Бо я не парушаў заканадаўства РБ і я гатовы таксама адказаць за ўсе свае словы і дзеянні, як перад судом людзкім, дзяржаўным, так і судом Божым. Я не ўцякаю з краіны, я не хаваюся і, як трэба будзе, пайду на суд.

Безумоўна, я не наіўны і веру не ў справядлівасць дзяржаўнага правасуддзя але веру ў справядлівасць Божую. Як і тое, што са справядлівасцю сустрэнецца кожны з нас. І хутка перад судом будуць і тыя, хто, хаваючы свае злачынствы, сёння хочуць пакараць мяне ды іншых людзей невінаватых.

Вось я не баюся суда, а Вы, мае ідэйныя апаненты, што скажаце? Вы гатовыя адказаць за ўсё што робіце і стаць перад судом, ці то ў Беларусі, або ў Гааге?

Рыхтуйцеся — жадаю гэтага і сабе і вам . Я да свайго суда, ну, а вы да свайго.

Някепска было б, каб вы раней адправіліся ў суд, тады глядзіш і ўсіх тых, каго сёння судзяць па палітычных матывах, адразу прызналі б невінаватымі.

Але гэта ўжо, як Бог дасць. Я магу і пачакаць. Жыццё хрысціяніна прасякнута чаканнем справядлівасці з Нябёсаў. І хрысціянін дачакаецца. А чаго дачакаецеся, вы?

Усім радаснага чакання…

Пералічваючы грошы на гэты рахунак, Вы можаце дапамагчы фінансава.
Я не адмоўлюся ад Вашай грашовай дапамогі, бо збіраю грошы на адваката.

Парафія Святога Язафата Кунцэвіча Віцебскай Епархіі Рымска-каталіцкай Царквы Рэспублікі Беларусь.

УНП 300807447
Рахунак : BY17BAPB30154206400120000000
БІК банка: BAPBBY2X
ААТ Белаграпрамбанк.
г.Мінск
Код 150801424

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі