Знаёмімся з новым прэс-сакратаром БПЦ іераманахам Афанасіем, які прыйшоў на месца апальнага Сергія Лепіна

У канцы лістапада Беларуская праваслаўная царква змяніла прэс-сакратара. Сергій Лепін, які займаў пасаду на працягу 10 гадоў, сышоў у адстаўку.

На месца Лепіна прыйшоў 54-гадовы іераманах Афанасій. Да пострыгу, які ён здзейсніў у мінулым годзе, меў імя Георгій Сакалоў. «Наша Ніва» ўзяла ў айца Афанасія першае інтэрв’ю. Уся размова цалкам праходзіла на беларускай мове.

«Наша Ніва»: Пра вас ніхто нічога пакуль не ведае, раскажыце, адкуль вы родам?

Афанасій (Сакалоў): У кожнага чалавека ў пашпарце ёсць месца ягонага нараджэння, але часта бывае так, што бацькі кудысьці пераязджаюць і дзяцінства, і сталенне адбываецца ў зусім іншым месцы. Так было і са мной. Месцам майго нараджэння з’яўляецца Кармянскі раён Гомельскай вобласці, але маё дзяцінства і юнацтва прайшло ўжо на Магілёўшчыне, у Слаўгарадскім раёне.

«НН»: Хто вы з адукацыі?

АС: Адукацыя ў мяне педагагічная, я скончыў БДПУ факультэт беларускай філалогіі ў 1994 годзе.

«НН»: Як атрымалася, што ўніверсітэт і Духоўную семінарыю вы скончылі ў адзін год?

АС: Універсітэт я сканчваў завочна, будучы ўжо студэнтам семінарыі. У Жыровіцкую семінарыю я паступіў у 1989 годзе, што тычыцца свецкай адукацыі, то ў мяне быў перапынак. Атрымалася, што вельмі доўга вучыўся.

Тым не менш у педуніверсітэце заспеў вельмі дарагіх мне людзей, такіх як прафесара Фёдара Янкоўскага, Міхася Яўневіча, Алену Юрэвіч, Эвеліну Блінаву і іншых. Гэта ўсё старая, у добрым значэнні гэтага слова, школа. Ва ўніверсітэце выпуск быў у лютым, а ў семінарыі ў чэрвені 1994 года.

«НН»: Кім вы працавалі да таго, як сталі святаром?

АС: Быў настаўнікам у вясковых школах на Слаўгарадчыне. У асноўным выкладаў беларускую мову, але даводзілася і рускую. Здарыўся Чарнобыль, было цяжка з настаўнікамі ў вясковых школах у такіх забруджаных раёнах, як Кармянскі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі, Краснапольскі. Мы стараліся не адмаўляць, калі адміністрацыя школ прасіла: хоць і не спецыяліст, але лепш, чым нічога.

«НН»: Калі вы сталі выкладаць у семінарыі?

АС: Адразу як скончыў, то атрымаў прызначэнне ў семінарыю — ад верасня 1994 года. Хаця насамрэч ад 1990 года ўжо супрацоўнічаў. Тады людзей не асабліва хапала, нехта мяняўся, хтосьці не затрымліваўся, былі перыяды, калі трэба было, хоць камусьці выкладаць і беларускую мову, і рускую, і стылістыку, і іншыя спецкурсы.

Так што я перыядамі там працаваў ад 1990-га года, хоць і не быў класічным выкладчыкам, а, хутчэй, лектарам (часовым запрошаным чалавекам, які праводзіў заняткі). Ад 1994 да 2005 года я выкладаў пастаянна і ў семінарыі, і ў Акадэміі. У Акадэміі яшчэ і вучыўся сам. Ад 2005 да 2013 быў выключна толькі на прыходзе ў Лясной Слаўгарадскага раёна (паселішча, дзе падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе адбылася славутая бітва між Рускім царствам і Швецыяй — «НН»). Ад 2013 — асноўнае месца ў прыходзе, але разы два на месяц прыязджаў у Жыровічы для выкладання.

«НН»: Чаму ў свой час сышлі з семінарыі? Па прычыне здароўя, кажуць?

АС: У мяне і тады было не надта моцнае здароўе, і цяпер, але грэх скардзіцца, бо сур’ёзных праблем не маю. Другі момант: хоць я і з вялікай сям’і, але менавіта я ў асноўным даглядаў бацькоў, калі яны сталі старэнькімі. Мама адышла летась, на 92-м годзе жыцця. Калі я жыў у Жыровічах, то вельмі часта ездзіў на Слаўгарадчыну, праведваў.

Уладыка Сафроній (Юшчук), прымаючы мяне, прапаноўваў мне і Магілёў, і Кафедральны сабор, але я папрасіў вясковы прыход. Тады яшчэ і тата быў жывы, і мама. Трэба было ім дапамагаць, даглядаць, пахаваць, каб усё было прыстойна, па-божаму, па-чалавечы. Каб бацькі не былі кінутыя.

У мяне ў апошні год вельмі шмат прызначэнняў: і намеснік Рэдакцыйнай камісіі Мінскай экзархіі, і прарэктар Духоўнай акадэміі па выхаваўчай працы.

«НН»: Так, прычым прызначэнні пайшлі, калі вы прынялі манаскі пострыг. Гэта выпадкова ці не?

АС: Не вельмі. Што тычыцца майго манаства, то раскажу вам вельмі шчыра, як усё было і чаму гэта адбылося так позна. Я не быў у шлюбе, манаства — гэта той шлях, які меўся мной на ўвазе ад самага пачатку. Але ўсё ж манах у ідэале павінен жыць у манастыры. Калі я стаў выкладаць у духоўнай семінарыі, то ў мяне пра гэта былі размовы з мітрапалітам Філарэтам. І ён казаў, што, канечне, трэба, але адна справа жыць у манастыры, а іншае — калі нямоглыя бацькі, да іх трэба ездзіць.

Я кажу пра гэта шчыра: хтосьці разумее, хтосьці — не. Пакуль бацькі жывыя, пакуль ёсць такая неабходнасць, не трэба спяшацца. Калі вы ўжо будзеце вольнымі, то можна будзе пастрыгчыся, так мне казаў мітрапаліт Філарэт. Мітрапаліт Павел таксама добра ведаў пра гэтую сітуацыю.

«НН»: Але вы да манаства сябе рыхтавалі ўсё жыццё?

АС: Канечне, з юначых гадоў.

«НН»: Вы цяпер не з’яўляецеся настаяцелем ні ў адной царкве?

АС: Не.

«НН»: Кажуць, што вашы погляды блізкія да заходнерусізму, ці праўда гэта?

АС: (смяецца.) У мяне вельмі шырокія погляды. І заходнерусізм я таксама разумею, але гэта, можна так сказаць, крайнія погляды.

«НН»: Як вам прапанавалі стаць прэс-сакратаром БПЦ?

АС: Звычайна ў такіх сітуацыях пытаюцца. Калі нават і не вельмі хоча, то бывае, што кіраўнік прымае рашэнне, тлумачачы, чаму гэта патрэбна. Я нават не ведаю, маё гэта ці не маё. Мне асабіста бліжэй выкладанне, адукацыя.

У Акадэміі я вучыўся разам з айцом Сергіем Лепіным. Мы сустракаліся, калі былі такія кадравыя рашэнні, я яго прасіў аб дапамозе, і, спадзяюся, яго досвед дапаможа мне.

Зміцер Панкавец, Наша Ніва, фота Мінскай духоўнай семінарыі

 

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі