Распараджэнне адносна аплаткавых сустрэч і каляднага наведвання сем’яў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, выкліканай пандэміяй каранавірусу, клапоцячыся пра духоўнае і фізічнае здароўе людзей, у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пастанаўляю наступнае:

  • адмяняюцца традыцыйныя калядныя сустрэчы і дзяленне аплаткай з удзелам іерархаў;
  • разам з тым, у парафіях, паводле разважлівага меркавання пробашчаў, прадстаўнікоў розных катэгорый вернікаў (дзяцей, моладзь, сем’і і г.д.) можна запрасіць на святую Імшу ці іншае адмысловае набажэнства, памаліцца ў іх інтэнцыі і сімвалічна падзяліцца з імі аплаткай;
  • традыцыйнае пастырскае наведванне сем’яў з благаслаўленнем дамоў і кватэр (Каляда) можа адбывацца выключна па запрашэнні канкрэтнай сям’і ці асобы з захаваннем рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя і раней выдадзеных распараджэнняў касцёльных уладаў;
  • традыцыйныя батлейкі-яслі ў касцёлах і капліцах або побач з імі неабходна ўсталяваць такім чынам, каб выключыць магчымасць утварэння каля іх натоўпу.

З благаслаўленнем на плённую падрыхтоўку да ўрачыстасці Божага Нараджэння і духоўнае перажыванне калядных святаў

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск – Сакулка, 3 снежня 2020 г.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі