Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на Божае Нараджэнне 2020 года

“Слова сталася целам і пасялілася між намі”

(Евангелле паводле Яна 1:14)

 

Дарагія ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!

1. Спрадвечны Сын Божы – Ісус Хрыстос прыйшоў на зямлю, каб быць Эммануэлем – “Богам з намі” і ўсталяваць з чалавецтвам супольнасць, дзе “ужо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе” (Апакаліпсіс 21:4). У час Раства Хрыстовага з асаблівай увагай асэнсоўваем радасную навіну: “Слова сталася целам і пасялілася між намі”.

Але радасць свята Нараджэння Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста ў гэтым годзе ў нашай любімай Бацькаўшчыне Беларусі змешвацца са смуткам, які перажываюць многія людзі — нашыя браты, сёстры, сябры, знаёмыя і незнаёмыя. Крыніцамі гэтага смутку ёсць эпідэмія хваробы Кавід-19 і крызісная грамадска-палітычная сітуацыя. Гэтыя дзве рэчы нясуць непакой, няўпэўненасць, цярпенні і боль. І ў гэты час Cупольнасць нашай Царквы хоча быць побач з кожным церпячым чалавекам на Беларусі. Мы не можам думаць толькі пра боль і цярпенні, але хочам дапамаць пераадолець гэтыя боль і цярпенні, памагаць лячыць раны, якія атрымалі нашыя блізкія па адным народзе ў гэты складаны час.

Як хрысціяне мы чытаем Біблію — Слова Божае, каб у ім знаходзіць святло і моц для хрысціянскага жыцця. Каб жыццё сем’яў, хрысціянскіх супольнасцей ды ўсяго грамадства будаваць паводле Слова Божага.

 

2. Спрадвечны Сын Божы стаўшыся чалавекам узняў годнасць чалавека на найвышэйшы ўзровень ў свеце. Верны абвяшчэнню гэтай чалавечай годнасці Богачалавек даў сябе прыбіць да крыжа для збаўлення чалавека. Годнасць чалавека, такім чынам, стварае падмурак для будавання адносін у грамадстве, у якім шануюцца традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці: і ў малым грамадстве нашых сем’яў і парафій, і у вялікім грамадстве нашага Народу. Будаванне пашаны да кожнага бліжняга, а значыць да кожнага чалавека, з’яўляецца важным заданнем кожнага верніка нашай Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы. Важным заданнем для ўсіх нас таксама з’яўляецца салідарнасць са слабымі, з тымі, хто ёсць у патрэбе.

Супакой, які абвяшчалі нябесныя сілы людзям добрай волі пасля нараджэння Збаўцы,  – вельмі важная каштоўнасць. Каштоўнасць, дадзеная Госпадам, але яна вымагае сталай працы (подзвігу) для будавання адзінства чалавечай супольнасці. Будаўнічым матар’ялам для гэтага подзвігу павінны стаць тры важныя складовыя часткі: праўда, справядлівасць і міласэрнасць, якія асаблівым чынам клічуць нас да прабачэньня крыўд. Прабачыць – не значыць забыцца на зло, якое было здзейснена, не значыць даць дазвол на ўчынне зла. Прабачыць – гэта першза ўсё не падпарадкавацца той самай знішчальнай сіле, якая скрыўдзіла нас, гэта адмовіцца ад адказу злом на зло.

 

3. Яго Святасць Папа Францішак мінулага 8-га снежня распачаў Юбілейны год святога Язэпа ў Каталіцкай царкве. У Апостальскім лісце Patris corde (“Бацькоўскім сэрцам”), накіраваным на пачатак Юбілею, Папа звярнуў увагу на творчую адвагу святога Язэпа, якая выяўлялася менавіта тады, калі здавалася, што людскія сілы перад усеуладным злом слабыя.

“Часам можа здавацца, што і наша жыццё знаходзіцца ва ўладзе моцных, але Евангелле паказвае нам, што Бог заўсёды знаходзіць спосаб выратаваць тое, што мае значэнне, з умовай, што мы праявім такую ж творчую адвагу, як цясляр з Назарэта, які змог ператварыць праблему ў магчымасць, давяраючы заўсёды Божаму Провіду” – гэтыя словы Святога Айца натхняюць нас на службу Богу, Царкве і бліжняму у складаных абставінах нашага жыцця.

 

4. У гэтым годзе напярэдадні святаў Раства Хрыстовага – 23 снежня нашая Царква адзначае 425 гадоў з дня, калі епіскапат Кіева-Літоўскай мітраполіі на нашых землях аднавіў Еднасць з Рымскім Апостальскім Пасадам. Дзякуем Міласэрнаму і Чалавекалюбнаму Госпаду за вялікае сведчанне веры нашых папярэднікаў і подзвіг будавання Еднасці Царквы.

Сведчанне веры, надзеі і любові Супольнасці нашай Царквы ў Беларусі давяраем магутнаму Заступніцтву  святога і Праведнага Язэпа, Апекуна Паўсюднай Царквы.

 

5. Пачэсныя Айцы Святаслужыцелі, Дарагія Браты і Сёстры!

Да ўсіх вас накіроўваю святочнае віншаванне, жадаючы, каб дні Раства Хрыстовага і Новы год былі для нас радаснай сустрэчай з Ісусам Хрыстом – Словам, Якое ёсць “святлом людзей” (Ян 1:4), што прасвятляе нашае жыццё і ўмацоўвае нашую веру, надзею і любоў. У гэты святочны час ды ва ўсім Новым 2021 годзе будзьма “сведкамі Евангелля любові да кожнага чалавека”.

Няхай блаславенне Ісуса Хрыста  —  Эмануэля дойдзе да ўсіх вас, да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў замежжы, да нашых Братоў і Сясцёр рыма-католікаў, праваслаўных, пратэстантаў і да ўсіх людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне.

 

Усіх шчыра віншую з Раством Хрыстовым: Хрыстос нарадзіўся — славім Яго!

 

Мінск, Раство Хрыстова 2020 г.

+ Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі