Зорка ўжо заззяла святлом! Са святам Божага Нараджэння! З Калядамі!

Ужо з’явілася зорка на небе. А гэта значыць, што сярод цемры нашага жыцця святло заззяла. І мы, як прарочыў Ісая, нібы той “народ які хадзіў у цемры ўбачыў святло вялікае.” (пар Іс 9,1). Зорка запэўнівае – прароцтва Ісаі здзейснілася.
Святло запалілася і ў нашых сэрцах, і  яно непагаснае, бо крыніцай святла з’яўляецца сам Бог. Хрыстос, які прыйшоў у свет, Ён запаліў святло ў нас.
І як бы не была вялікая цемра ў нашым жыцці, Божае нараджэнне гарантуе:цемры наканавана расцярушыцца, саступіць і сысці ў нябыт.
Святло пераможа. Цемры ўласціва хлусня, беззаконне і насілле. Але ж там дзе з’яўляецца святло, месца для гэтага зла знікае.
Хрыстос прыносіць у свет новы парадак. Ён усталёўвае закон любві, які абапіраецца на праўдзе і справядлівасці. Выкананне Яго закону прыносіць у свет мір і спакой.
Кожнаму чалавеку добрай волі больш няма чаго баяцца. Анёлы з неба кожнаму з нас, якія сёння спяшаюцца на спатканне з нованароджаным Збаўцам, кажуць: “не бойцеся! З вамі Бог!”. (Лк 2,13; Мц 1,24). Менавіта такія словы пачулі пастухі, якія першымі пайшлі прывітаць Божае Дзіця.
Сябры, не бойцеся і Вы паверыць у моц Бога на зямлі, што прыйшоў з вышыні. Не бойцеся паверыць у перамогу дабра. Любоў Божая мацней людской нянавісці.
Божае ўцелаўленне адорвае нас асаблівай надзеяй і верай не толькі ў Бога, але і ў чалавека.  Бог, які меў моц стаць чалавекам, мае моц дазволіць і кожнаму з нас асягнуць вышэйшы ўзровень чалавечнасці. Нават той хто забыўся пра існуючы прынцып, што чалавек чалавеку брат, ператвараўся ў звера і збіваў іншага чалавека, або ў сляпога і глухога, які не бачыў і не чуў, пра эскалацыю насілля. Нават і такі можа змяніцца і стаць чалавекам свабодным і добрым. Стаць чалавекам, а не шрубкай сістэмы. Чалавекам, які будзе жыць згодна з сваім сумленнем. Хрыстос таму і прыйшоў у свет, каб гэты свет зрабіць больш чалавечым.
І гэта магчыма. Давайце проста часцей, ходзячы па гэтым грэшным свеце, падымаць свае галовы і ўглядацца на неба. Бо небе ўжо заззяла зорка. Зорка якая стала промнем святла. І яно не згасне.
І Беларусь будзе жыць у святле праўды і справядлівасці і больш не будзе над намі цемры.
З намі Бог. Са святам Божага нараджэння! з Калядамі!
Жыве Беларусь!

а. Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі