У дзень свайго юбілею арцыбіскуп Кандрусевіч будзе цэлебраваць Імшу ў мінскай архікатэдры

3 студзеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч будзе адзначаць сваё 75-годдзе.

Святкаванне юбілею пераносіцца на пазнейшы час, але ў гэты дзень у мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп будзе цэлебраваць Імшу ў 11.30 і 13.00. Ніжэй змешчаны зварот арцыбіскупа, у якім ён запрашае вернікаў узяць удзел у гэтых цэлебрацыях.

Паважаныя браты і сёстры!

Сардэчна вітаю вас і яшчэ раз віншую са святам Божага Нараджэння. Ад усяго сэрца дзякую за малітвы ў інтэнцыі майго вяртання на Радзіму, што сталася фактам у вігілію Нараджэння Хрыста.

Час няўмольна ідзе наперад, і 3 студзеня 2021 г., калі Бог дазволіць, буду адзначаць юбілей 75-годдзя. Знаходзячыся за мяжой чатыры месяцы і не будучы ўпэўнены ў тым, калі вярнуся, загадзя не планаваў адмысловых урачыстасцяў. Свае карэктывы ў арганізацыю і правядзенне рэлігійных мерапрыемстваў уносіць таксама і пандэмія каранавірусу.

У сувязі з гэтым юбілейныя ўрачыстасці пераносяцца на пазнейшы і больш прыдатны час, аб чым будзе паведамлена дадаткова.

 Аднак 3 студзеня ў мінскай катэдры буду цэлебраваць дзве святыя Імшы ў 11.30 і ў 13.00, каб падзякаваць Богу за пражыты час і тыя шматлікія ласкі, якімі Ён мяне адорвае. 

Сардэчна запрашаю на гэтыя набажэнствы вернікаў. Тых, хто не зможа, прашу аб малітве ў сваіх касцёлах і дамах.

З благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 26 снежня 2020 г., свята св. Стэфана, першамучаніка

Catholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі