Будзе мудрасць і вера – і жыццё будзе спакойнае

“Пачуўшы пра вашую веру ў Езуса Хрыста і пра любоў да ўсіх святых, не перастаю дзякаваць за вас Богу, успамінаючы вас у малітвах сваіх, каб Бог Пана нашага, Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці … і прасвятліў вочы сэрца вашага” (Эф 1, 15-18).
Так вось, згодна з словамі Апостала Паўла з паслання да Эфесцаў, хачу сказаць: вера ў Хрыста хоць і адзін з найбольшых скарбаў божага чалавека, але ж не адзіны і ніяк не той, які дазволіў бы праз сваю наяўнасць. занядбаць іншымі дарамі. Для асягнення паўнаты жыцця, чалавеку трэба яшчэ мудрасць.
Гэта, бадай, такі дар, ад валодання якім ніхто б не адмовіўся. Асабіста сам ніколі не сустракаў тых, хто марыў бы быць дурным.
Ведаеце, і гэта магчыма, каб кожны з нас быў мудрым.
Слова Божае ў Кнізе Мудрасці Сіраха праслаўляе мудрасць ды сцвярджае, што яна пасялілася ў Якубе і ўмацавалася на Сіёне, а ў Ерусаліме ўлада яе. (пар Сір 24, 1-2, 8-12)
Мудрасць, у дадзеным кантэксце, ёсць прарочым правобразам уцелаўлёнага Слова Божага. Пра якое Апостал Ян кажа “А слова сталася целам і пасялілася між намі”. (Ян 1,14а)
Бог дзеля таго, між іншым, меў спрадвечны план інтэрвенцыі Хрыста ў гісторыю чалавецтва, каб кожны чалавек мог жыць у прысутнасці Божай Мудрасці ды сам станавіцца мудрым.
Чаму мудрасць настолькі важная? Бо “Мудрасць – як кажа Эклезіст – дае жыццё таму, хто ёй валодае” (Экл 7,12). Жыццё тут трэба ўспрымаць, ні як выключна існаванне, але як жыццё паўнакроўнае, жыццё шчаслівае і спакойнае.
Мудрасць, вядома, як гучала ў зацытаваных на пачатку словах Апостала Паўла, “прасвятляе вочы сэрца”. Як гэта? Гэта так, як гаворыцца ў кнізе прыпавесцяў: “Мудрасьць разумнага – веданне шляху свайго, глупства ж безразважных – зман.” ( Прп 14,8)
Асмелюся заўважыць: дар веры не заўсёды ідзе ў пары з мудрасцю.
Прыгадваецца мне мой суд ў Расонах, падчас якога я быў асуджаны на 10 содняў. Калі ўвайшоў у залю суду, убачыў, што яна перапоўненая. Супрацоўнікі мясцовых выканкаму ды РАУС загадзя занялі ў ёй усе вольныя месцы. Я не разгубіўся і сардэчна з імі прывітаўся. Падзякаваў, што прышлі мяне падтрымаць. На што ідэолаг заўважыла: “мы не ваша паства, мы – праваслаўныя”. Не ведаю, да чаго яна тое сказала, але ўзгадаў яе словы, калі пад канвоем мяне вывозілі ўжо з Расонаў і адзін з канваіраў зрабіў знак крыжа, калі нашае аўто разміналася з праваслаўнай царквой. Так бы мовіць, напэўна тыя людзі лічаць сябе вернікамі, але вось у мяне ёсць самае шчырае жаданне пагаварыць з імі пра іх веру і тое, як яна спалучаецца з тымі беззаконня мі, ў якіх прымалі ўдзел.
З іншага боку, часам мне і без слоў становіцца зразумелым пра веру ў Бога, якая напэўна ёсць у сэрцы чалавека, бо ягоныя ўчынкі гавораць самі за сябе. Напрыклад, у гэтым годзе ялінкі на Божае Нараджэнне ў касцёл у Расонах ахвяравалі праваслаўныя. І гэта не таму, што самі вернікі не змаглі паклапаціцца пра ялінкі, але проста праваслаўныя апярэдзілі каталікоў. І даставіўшы свой падарунак, адмовіліся браць грошы, бо сказалі, што гэта Вам ксёндз за вашую грамадзянскую пазіцыю. Вярнуўшыся з адбывання арышту, я быў гэтым вельмі ўражаны.
А калі перад гэтым адбываў арышт, то перадачкі таксама атрымоўваў ад людзей самых розных рэлігійных перакананняў, але аб’яднаных адной ідэяй-змаганнем са злом. І таго сала з кілбасамі ды слодычаў у камеры было столькі, што хапала ўдосталь мне і ўсім сукамернікам.
Такія паводзіны маіх дабрачынцаў, я не магу патлумачыць ніяк інакш, як толькі іх непахіснай евангелічнай верай у перамогу дабра над злом.
У дадзеных выпадках хрысціянская вера адназначна не абмяжоўваецца толькі наведваннем храмаў. На жаль, апошняе не заўжды ідзе ў пары з мудрасцю. Вера без мудрасці ў выніку з’яўляецца самападманам. Пра такіх пісаў Апостал Ян ў Першым Пасланні: “Хто ілгун, як ня той, хто адмаўляе, што Ісус ёсьць Месія?” (1 Ян 2,22). Так вось, ты і ёсць той самы самападмануты хлус, калі не верыш у магчымасць жыць па-Божаму па-за храмам, і гэтым ты адмаўляеш вызнаваць праўду пра Месію. І не важна кім ты сябе называеш, католікам ці праваслаўным. Але, калі ты церпіш беззаконне і насілле, хаваючыся пад шырмай неўмешальніцтва ў палітыку, бо не бачыш магчымасці выканаць Закон Божы, то ты звычайны хлус.
Евангеліст Ян, гаворачы пра Ісуса, як пра ўцелаўлёную мудрасць, дадае, што праз Яго мы бачым поўную праўду. (пар. Ян 1,14б ).
Вось чаму ўчынкі верніка павінны быць доказам магчымасці жыцця ў свеце, і нават па-за храмам, згодна з духам Евангелля і ў праўдзе. Гэтага вымагае мудрасць. А вось без мудрасці, вера не можа праяўляцца такім чынам.
Апошнім часам задумваўся над тым, чаму некаторыя мае апаненты не маюць унутранага спакою і так раздражнёна каментуюць мае выказванні аб пераменах, палітыцы і сацыяльных праблемах у краіне. Робяць гэта нават тады, калі іх меркаванні мала цікавяць маіх падпісчыкаў. Некаторыя наўпрост кажуць, што мае словы не даюць ім спакою.
Я прышоў да наступнай высновы. Спакой – гэта дар Божы. Спакой чалавеку ў жыццё прыносіць Бог праз уцелаўленне Ісуса. Аб гэтым сведчыць гімн анёлаў, якія чулі пастухі ў Бэтлееме: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі”. (Лк 2,14). Аднак у гэтым абдароўванні спакоем няма ніякай магіі. Каб прыняць спакой Божы, трэба не толькі мець веру але і мудрасць, пра якую я ўзгадаў. Трэба мець жаданне жыць у праўдзе і не быць ілгуном.
Заўважце, калі спакой сыходзіў на зямлю абяцаную, то Ірад акурат згубіў спакой, бо ён зразумеў, што яго час скончыўся.
Вось у такім свеце і жывем. Ірады губляюць спакой, бо для іх усё заканчваецца. Дзеці Божыя, жывучы ў праўдзе з верай у сэрцах, ды з мудрасцю ў галовах, знаходзяць супакой, бо для іх усё толькі пачынаецца.
Так няхай жа Бог усіх нас адорыць верай, мудрасцю і спакоем.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі