Хрост Госпада. Пакаянне, як шанец на лепшую будучыню Беларусі

Ужо 20 стагоддзяў Евангелле не губляе сваёй прывабнасці. Чалавеку ўсцяж пазастаецца прыемным чуць пра Божую любоў ды пра магчымасць патрапіць у Валадарства Божае, якое, тлумачачы максімальна проста, атаясамлеваецца з вечным шчасцем ды спаўненнем усіх найлепшых людзкіх мараў.
У асягненні Валадарства, Хрыстос ні перад кім не ставіў ніякіх бар’ераў і перашкодаў. Як сведчыць Апостал Пётр: “…Бог не зважае на асобу, але ў кожным народзе мілы Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва.” (Дз 10,33). Кожны мае права, атрымаць ласку збаўлення. Гэты дар даецца абсалютна за дарма.
У атрыманні чалавекам вось такога, з нічым непараўнальга новага жыцця, існуе толькі адна ўмова-прыняцце асабістага рашэння разарваць са старым жыццём. Умоваю жыцця ў любві Божай ёсць пакаянне за грахі ў жыцці мінулым.
Таму гісторыі Новага запавету і абвяшчэнню Евангелля папярэднічае місія святога Яна Хрысціцеля з агучаным заклікам да пакаяння. Знешне бачны абрад хрышчэння, які выконваў пустэльнік для тых, хто хрысціўся, быў праяўленнем ўнутранага прызнання грахоў і жаданнем з імі расстацца. Сын Божы таксама прыняў хрост пакаяння. Зрабіў гэта, каб падкрэсліць праўду пра існаванне зла ў свеце і тое, што Ён бярэ грахі чалавецтва на сябе. Хрысціўся зусім не таму каб прызнаць свой грэх, бо вядома сам быў безгрэшны.
Заклік Святога Яна Хрысціцеля да пакаяння быў канкрэтны і персанальны.
Прарок кожнаму дакладна і індывідуальна адказваў на пытанне: “што мы павінны рабіць?”, якое задавалі тыя, хто да яго прыходзіў. (пар. Лк 3, 11-13).
Вядома, калі казаць аб пакаянні агульна, не называючы зло па імені, а пакрыўджаным і крыўдзіцелям, ці гвалтаўнікам і іх ахвярам сказаць: “вам усім трэба каяцца”, не сказаўшы ў чым- тым самым выканаеш служэнне д’яблу. Праз агульныя словы перад наборам змешаных людзкіх учынкаў прызнаеш, што не можаш адрозніць дабро ад зла. Так бывае, калі чалавек ходзіць у суцэльнай цемры. Без святла не можа ўбачыць і адрозніць што ёсць што.
Нездарма ж прарок Ісая, прадказваючы пра прыход Місіі, кажа, што Ён стане святлом для народаў, што адкрые вочы сляпым ( пар. Іс 42, 7). Той жа, хто бачыць ёсць здольны ўбачыць і нюансы, ў якіх вельмі ўтульна пачуваецца д’ябл.
Сёння ў нашам грамадстве шмат гаворыцца пра патрэбу яднання народу. І ведаеце, як бы не была вялікая рана падзелу сярод беларусаў розных светапоглядаў, стаць на шлях адзінства сапраўды магчыма. Але дзеля гэтага трэба пачаць жыць у духу пакаяння. Такое жыццё пачынаецца з ўдыхання паветра праўды і справядлівасці, у выніку на выдыханні з’яўляецца правасуддзе і супакой.
Трэба на дзяржаўным узроўні прызнаць, што ў краіне адбыліся забойствы і масавае збіццё грамадзян, ды па гэтых фактах насілля распачаць крымінальныя раследванні.
Заўважце таксама, гэты вал насілля і беззаконня не ёсць выпадкавосцю, але паслядоўнасцю і наступствам адсутнасці пакаяння за злачынствы здзейсненыя ў ХХст, якія надалей утойваюцца ў замкнёных архівах.
Сёння без пакаяння і дадзенай канкрэтнай маральнай ацэнкі ўсёй нашай мінулай гісторыі ў духу праўды евангелля, мы ніколі не збудуем лепшай гісторыі. Для асягнення лепшага новага жыцця трэба разарваць з мінулым, ды не толькі разарваць, сказаўшы “давайце перагарнём гэтую старонку”, але дакладна да дробязяў разабрацца і вызначыць ад чаго дакладна трэба адварочвацца і “што нам рабіць”, каб зло ніколі больш не паўтарылася.
Мудрасць Евангелля дакладна накрэслівае выснову: новае жыццё не збудуеш, не разарваўшы са старым. Новай Беларусі і пяднання ў народзе не будзе, калі ў фундаментах будуць ізноў класціся камяні з руінаў старой імперыі.
Усе спробы народных сабранняў і гаворкі пра ўнікальнасць беларускай мадэлі жыцця з абяцаннем пабудовы шчаслівай будучыні, нават негоршай за Валадарства Божае, будуць з’яўляюцца чарговым блефам, пакуль не адбудзецца шчырага прызнання памылак.
Беларусь мае шанцы на будучыню. Каб іх рэалізаваць усім хрысціянам, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці варта узгадаць свой хрост і яшчэ раз адвярнуцца ад зла і прыслухацца да Мудрасці Евангелля. А усім нам беларусам незалежна ад нашых рэлігійных перакананняў варта вывучыць прыпаднесены ўрокі гісторыі і з мінулага ХХ ст і гэты зацягнуўшыйся па часе ўрок з мінулага 20-га году ўжо гэтага стагоддзя.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі