Камінг-аўт хрысціянаў, якія сёння стаяць на баку зла — гэта толькі пытанне часу

“Аднаго я прасіў у Госпада, толькі таго шукаю, каб жыць мне ў доме Гасподнім ва ўсе дні жыцця майго…” (Пс 26, 4).
У чалавека, які вызваліўся з палону матэрыяльнага свету, а бытавыя праблемы сыходзяць з п’едэсталу жыццёвых прыярытэтаў, жаданне ўбачыць дом, у якім жыве Госпад і ў ім пасяліцца – становіцца адным з фундаментальных. Яно з катэгорыі тых, рэалізацыя якога раўназначна адшуканню адказу на пытанне пра сэнс людскога жыцця на зямлі.
Гэта натуральнае жаданне верніка.
Рэалізаваць яго можа кожны вучань Хрыста, але для гэтага перш трэба стаць вучнем св. Яна Хрысціцеля. І ніяк інакш.
Евангелле паводле святога Яна, апісваючы пакліканне Апостала Андрэя, дарэчы, традыцыя кажа, што ён быў першым з пасярод пакліканых Ісусам вучняў, нагадвае, што напачатку ён быў вучнем святога Яна Хрысціцеля.
Андрэй прайшоў школу пакаяння, дзе навучыўся не хаваць свой грэх перад Богам, але каяцца ў ім, прызнаючы яго існаванне ў сваім жыцці.
І вось той, хто пакаяўся, атрымаў здольнасць пайсці далей ды стаць бліжэй Бога. А ці ж можна яшчэ бліжэй стаць Госпада, калі ты і так ужо маеш магчымасць прабываць у Яго доме? Двое вучняў, а адным з каторых і быў Апостал Андрэй, пайшлі за Ісусам з мэтай знайсці месца, дзе жыве Госпад. Аб гэтым сведчыць іх адказ: “Раббі (што азначае «настаўнік»), дзе жывеш?” Менавіта так яны адказалі на пытанне Ісуса “чаго шукаеце?”.(Ян 1,38).
Пакаянне адкрывае магчымасць кожнаму ісці шляхам да дому Госпада. Іншай дарогі да асягнення гармоніі з Богам і няма.
Чалавек часта зводзіць сябе у зман, калі спрабуе замест пакаяння і карыстання з Божага апраўдання, сам сябе апраўдваць.
На сваім ютуб-канале заўважаю, што пад відэа пачалі з’яўляцца каментары, праз якія некаторыя з гледачоў спрабуюць апраўдаць зло і грэх, у якім самі памачылі свае пальцы. Разумеюць, што ў сацыяльна-грамадскім крызісе, ў якім апынулася Беларусь сёння, праз зло, сатана паказаў свае ашчэраныя зубы. І замест таго, каб актыўна супрацьставіцца злу, яны спрабуюць апраўдаць сваю бяздзейнасць і маладушнасць. Цытуюць слова Божае, але пры гэтым яго перакручваюць, бо кажуць, што ўсякая ўлада ад Бога паходзіць. А калі так, то Бог сам вінаваты ва ўсіх злачынствах улады. І нават калі чалавек сам фальсіфіцыраваў выбары, або будучы “сілавіком” даваў ілжэсведчанні, складаючы пратаколы ці не на тых заводзіў крымінальныя справы або судзіў і выносіў выракі не ў духу закона, але згодна са спадзяваннямі вышэйстаячай улады — усё адно згодна з іх меркаваннем вінаваты Бог, а не яны, бо ўсякая ўлада ад Яго, Бога, а значыць вінаватыя не яны, саўдзельнікі злачынстваў, але тыя хто вышэй ва ўладзе, ну і Бог.
Ведаеце, гэта ж так лёгка, спіхнуць адказнасць на кагосьці іншага.
Так вось гэта тактыка чалавека, які не хоча прызнаваць памылкі. Такая тактыка абсалютна чужая для хрысціяніна. Бо вучань Хрыста гэта той, хто адказвае за свае ўчынкі і, ў тым ліку, прызнаецца да граху.
Я ўсё чакаю, калі ў нашым грамадстве пачнуцца свайго роду такія масавыя камінг-аўты ўсіх тых, дзякуючы каму рабіліся і робіцца злачынствы дзяржаўнага маштабу. Чакаю, калі людзі пачнуць прызнавацца да таго, што спрабуюць схаваць ад публічнасці, бо саромяцца. Чакаю, калі пачнуць гаварыць: “гэта – я фальсіфіцыраваў выбары, гэта я збіваў людзей, гэта я пісаў пратаколы, гэта я судзіў невінаватых”…
Чаму чакаю? Бо гэта яны таксама ідуць сёння ў храмы, называюць сябе хрысціянамі — праваслаўнымі ды католікамі, але насамрэч з’яўляюцца здраднікамі Хрыста. Вучнем жа Хрыста можа стаць толькі той, хто перш стане вучнем святога Яна Хрысціцеля, а гэта значыць прызнаецца да здзейсненых памылак.
Каб стаць хрысціянінам, трэба ўмець забыцца пра ўсе мажлівыя атрыманыя матэрыяльныя дывідэнды ды не баяцца іх згубіць. Хрысціянін разумее, што матэрыяльныя бонусы — нішто ў параўнанні з мажлівай стратай “убачыць дзе жыве Госпад”. Без пакаяння ніколі не атрымаеш такой магчымасці.
Без пакаяння можаш быць хітрым лісам але ніколі не ўвойдзеш у Валадарства Божае , ў дом Божы. Можаш тут называць сябе хрысціянінам, але ж вядома, што не кожны, хто кажа Госпадзе, Госпадзе-будзе Госпадам пачуты, ды трапіць у Яго Валадарства. (пар. Мц 7,21)
Каб быць пачутым Госпадам, трэба ўжо сёння пачуць Госпада. Нават калі спіш, калі сумленне тваё спіць, будзь здольным, як Самуэль, скрозь сон пачуць голас Божы. (1 Сам 3, 3b–10. 19). Гэты голас кліча спыніць беззаконне ў тваёй краіне.
Пачуеш, сёння Госпада ты — пачуе заўтра Госпад і цябе.
Не чакай заўтра, прызнавайся да памылак сёння. Тады і ты паселішся ў доме Госпада.

а. Вячаслаў Барок

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі