Правілы жыцця Юрыя Матулевіча
27 студзеня Касцёл адзначае ўспамін благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча (1871-1927), віленскага біскупа, заснавальніка Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі.
У мінулым годзе сёстры распавядалі, як адзначаюць успамін свайго заснавальніка ў розных парафіях Беларусі, дзе служаць. Сёлета вырашылі перачытаць «Духоўны дзённік» Юрыя Матулевіча, а таксама яго лісты да сястры эўхарысткі Ванды Еўтэ і скласці «Правілы жыцця» благаслаўлёнага біскупа. Гэтымі правіламі манахіні кіруюцца ў сваім штодзённым служэнні, а цяпер прапануюць чытачам для большага яднання з Хрыстом.
Лепей мець менш правілаў, але старанна выконваць іх.
Што прыемна табе, рабі і іншым, а што табе няміла, не жадай і іншым.
У гэтым я бачу ядро і сутнасць нашага паклікання: трэба з сваёй волі і ахвоты зрачыся самога сябе: сваіх выгодаў, зручнасцяў, нораваў і прыемнасцяў; зрачыся гэтага свету — яго багаццяў, дабротаў, яго пустой хвалы, — і ўсяго сябе, усе свае здольнасці і дараванні цалкам прысвяціць і аддаць Царкве — яе абароне, падтрымцы і росквіту.
Удасканальваючы самога сябе, трэба імкнуцца разам з гэтым дапамагаць удасканальвацца і іншым. Служачы іншым, чалавек і сам удасканальваецца і ўзнімаецца ў вышыні.
Мы мусім смела і адважна ісці да мэты тым шляхам, які паказвае нам Бог, і туды, куды вядзе нас і заахвочвае ісці дух Божы, не зважаючы ні на якія перашкоды, нічога не баючыся.
Калі адна дарога загароджаная, чаму б не пашукаць другой? Калі адны дзверы зачыненыя, прасячэм сабе другія; калі адно вакно зачынена і забіта, зробім сабе другое, каб унесці Хрыстова святло і ўсё перамагчы дзеля Хрыста.
Калі мы будзем поўныя духу Божага, дык у рэшце рэшт зможам усё.
Я буду глядзець, каб не занядбаць ні працы дзеля малітвы, ні малітвы дзеля працы.
Чалавечае сэрца, поўнае ўсялякіх палымяных пачуццяў, можа быць сілай, што сагравае іншых, запальвае іх, — вабіць і падштурхоўвае іх да добрай працы; або — шкоднай знішчальнай стыхіяй.
Я добра адчуваю, што толькі тады набываеш сапраўдную свабоду дзяцей Божых, калі, скінуўшы скуру самалюбства, ускладаеш на сябе шаты Хрыстовага духу і ласкі.
За прыкладам Хрыста я буду старацца абняць усіх, быць усім для ўсіх.
Я — каталіцкі біскуп і хачу аднолькава служыць усім. Я буду клапаціцца ў аднолькавай ступені аб патрэбах усіх маіх дыяцэзіянаў.
Для мяне ўсе роўныя, ці то беларусы, ці то палякі, ці то літоўцы.
Калі можна прасіць, дык дай, Пане, каб я быў у Тваёй Царкве не раўнуючы той анучай, якой усё мыюць, а ўжыўшы, кідаюць прэч у які цямнейшы і бруднейшы кут. Хай бы і я быў гэтак выкарастаны і ўжыты, каб толькі ў доме Тваім было крыху чысцей і святлей.
Любоў і сапраўдная міласэрнасць хай пануюць у сэрцах духаўнікоў і бяруць верх над усімі іншымі пачуццямі.
Дай, Божа, каб згарэў я, як тая свечка на алтары, ад запалу ў працы і ад агню любові да Цябе і Тваёй Царквы.
Важна ўмець добра змагацца за праўду. Трэба ўмець так бараніць праўду, каб нават яе ворагі, калі б такія знайшліся, выйшлі перакананыя, што той, хто бароніць праўду, поўны да іх любові і павагі.
Трэба ўмець, беручыся за працу, «цвяроза пра сябе думаць».
Я пераканаўся, што некаторыя падначаленыя не ўмеюць аднесці да сябе тое, пра што гаворыцца. Трэба ім адкрыта паказваць памылкі, толькі тады яны іх бачаць.
Калі я ішоў у законнікі, ніколі не думаў, што людзі будуць так перашкаджаць ісці слядамі Хрыста.
Чым болей нехта зліецца з духам Хрыста і Царквы, нібы набрыняўшы ім, прасякнуўшыся наскрозь, тым паўнейшая будзе ягоная святасць, тым больш плённай ягоная дзейнасць.
Любі Бога, а ў Богу ўсіх людзей, любі Божыя справы, прысвячай сябе ім і будзь спакойны!
Не дай перамагчы сябе злу, але перамагай зло дабром.
Шукай найперш валадарства Божага і Ягонай справядлівасці, а ўсё астатняе будзе табе дадзена.
Маім лозунгам хай будзе: ва ўсім шукаць Бога, усё рабіць дзеля большай Божай хвалы, ва ўсё ўносіць дух Божы і ўсё ім праймаць.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Сайт Krynica.info часова спыняе сваю працу 21.09.2022 17:18
- Пастару Вячаславу Ганчарэнку штраф 100 базавых 20.09.2022 14:55
- Затрыманы Вячаслаў Ганчарэнка 20.09.2022 11:53
- Адзін з самых пазнавальных беларускіх календароў ужо ў продажы 19.09.2022 12:11
- “Стаміліся ўсё ад хлусні”. Белгарадскі мітрапаліт лічыць, што ў Расіі з-за вайны можа паўтарыцца 1917 год 19.09.2022 10:43
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)