Любая ўлада ад Бога, ці не? А ўлада сатаны і ўлада ў Беларусі ад Бога?

Нішто так не прымушае задумацца над філасофскім пытаннем ці ўся ўлада ад Бога, або і не, як самакампраметацыя дзяржаўнай ўлады, праз учыненыя ёй беззаконні і злачынствы супраць свайго народа.

Не спыняецца грамадска-палітычны крызіс у краіне і амаль кожны спрабуе яго патлумачыць. Вось напрыклад праўладны шэрагавы палітык, дэпутат гарсавета Бабруйска, дэлегат УНС Васіль Баранчук, падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі: «Если бы сознание людей было бы христианским, то у нас сегодня не происходило бы того, что происходит. Потому что христианин не стал бы выступать против власти. Любая власть от бога, и народ заслуживает ту власть, которая у него есть. Неправильно винить власть и не видеть своих недостатков. Человек не имеет права насильно свергать государство и нападать на представителей закона».

У апраўданне незаконнага насілля і прававога дэфолту, цытуюцца словы з Пісання, але ж і тыя перакручаныя, бо Апостал казаў не “любая ўлада ад Бога”, але “Бо няма ўлады, якая не была б ад Бога. Існуючая ўлада ўстаноўлена Богам” (Рым 13,1).

Слова “любая”, ў даным кантэксце, не бяспечнае. Яно б азначала, што больш ніякіх тлумачэнняў пра ўладу не патрабуецца. У такім выпадку азначала б, што ўлада сатаны- таксама ад Бога паходзіць. А гэта ж не так! Не з волі Божай сатана чыніць зло ў свеце. І яго ўладзе хрысціянін мае абавязак супрацівіцца.

Наогул, з боку хрысціянскага багаслоўя, словы чыноўніка не вытрымоўваюць крытыкі. Небяспека іх ёсць у тым, што праўда перамешваецца з поўпраўдай. Гэта ўлюбёная тактыка д’ябла ў чыненні зла.

Дыскусія вакол слоў Апостала Паўла пра ўладу ад Бога і паслухмянасьць ёй з паслання да Рымлянаў у нашым грамадстве не спыняецца. Багаслоўскіх тлумачэнняў гэтай праблемы існуе шмат і мне падаецца дастаткова, каб правільна зразумець сутнасць слоў. Аднак, ў мяне ўжо не раз таксама прасілі патлумачыць бачанне Касцёла гэтай праблематыкі.

Так вось, на пачатку зазначу, што ў Бібліі напісана шмат чаго, але ўсё тое што напісана, нельга вырываць з кантэксту і тлумачыць так, як табе ўздумаецца. Гэта не правільна!

У Пісанні напісана, напрыклад, што Бога няма (Пс 13,1), але ж гэта зусім не азначае, што Бога няма. Аўтар, пішучы “няма Бога”, кажа так: “ Сказаў шаленец у сэрцы сваім: няма Бога.” (Пс 13,1).
Гэты прыклад яшчэ раз падкрэслівае, што Божае слова трэба прымаць у цэласнасці.

Аналагічна і са словамі Апостала Паўла пра ўладу- іх трэба ўспрымаць неразрыўна са словамі іншых Апосталаў і Апостала Пятра, а яны ў Дзеяннях Апостальскіх сказалі: “Трэба слухацца Бога больш, чым людзей”. (Дз 5,29). Тым самым, падкрэсліваючы прэарытэт хрысціяніна ў паслухмянасьці Богу, а не зямной уладзе.

У кантэксце ўсяго навучання Касцёла, можна рабіць выснову, што словы Апостала Паўла пра “ўладу ад Бога”, трэба ўспрымаць у дачыненні да інстытуцыі ўлады. Гэта значыць, што Бог, які стварыў свет і ў якім ёсць улада законаў і парадку, дзеліцца сваёй уладай з чалавекам. Загадвае чалавеку рабіць свет падуладным сабе і валадарыць на зямлі.(Роду 1, 28)

Афіцыйна Каталіцкі Касцёл фармулюе такую думку ў параграфе 1884 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. “Бог не пажадаў захаваць за Адным Сабой карыстанне ўсімі відамі ўлады. Ён даручае кожнаму стварэнню тыя функцыі, якія яно здольнае выконваць у адпаведнасці з магчымасцямі сваёй уласнай прыроды. Гэты спосаб панавання належыць паўтараць і ў сацыяльнай сферы жыцця.”(ККК 1884)

Богу не можа падабацца хаос, а таму і ў жыцці сярод людзей не павінна быць безуладдзя. Аднак, гэта не дазваляе нам складаць адказнасць за свае памылкі на Бога, які ўладай падзяліўся. Лёгка нам сёння абвінаваціць Бога ў тым, што ў Беларусі праявілася эскалацыя насілля, кажучы што любая ўлада ад Бога – значыць гэта сам Бог апраўдвае насілле.

Але ж так не ёсць, бо гэта не Бог выбраў нам, беларусам, чвэрць стагоддзя таму такую ўладу, але мы самі. Як і самі згадзіліся ў свой час з разгонам парламента ды з заменай канстытуцыі, што ў выніку прывяло да цяперашнега крызіса.

Мы паступова адыходзілі ад законаў аж дашлі да моманту, калі стала зусім не да законаў, маўляў мы самі сабе закон, пераходзячы за межы законнасці.
І вось тут увага: касцёл у Кампендыі Сацыяльнага Вучэння кажа: “Калі чалавечая ўлада выходзіць за межы ўстаноўленага Богам парадку і абагаўляе сябе, жадаючы пры гэтым поўнага падпарадкавання, яна ператвараецца ў апакаліптычнага звера, які з’яўляецца вобразам імперскай улады ганіцеляў, п’янай “ад крыві святых і крыві сведак Ісуса” (Ап 19,20)”. (КСВК 382).

Інакш кажучы, ўлада ад Бога паходзіць, а вось людзі пры ўладзе могуць быць зусім не ад Бога і могуць памыляцца.
І такія сітуацыі былі і раней у гісторыі. Прарок Асія чуў ад Бога: “ Яны самі цароў сабе ўсталявалі, без Мяне; ставілі князёў, але без Майго ведаму…” (Ас 8,4).

А таму і Касцёл, тлумачачы хрысціянскае ўспрыняцце ўлады, што ад Бога паходзіць, але пры гэтым разумеючы, што начальнікаў на кіруючыя пасады людзі самі абіраюць, а яны, вядома, ўсякія могуць быць, ў параграфах 400-401 КСВК дакладна прапісвае, калі хрысціянін мае права супраціўляцца ўладзе і калі супраціўленне можа быць нават сілавое ды ўзброенае.

Падсумоўваючы разважанне пра любую ўладу ад Бога, хачу завершыць яго цытатай са Святога Пісання. Словы братоў Махабэйскіх да караля. Яны іх прамаўлялі, калі самі гінулі ад зямной улады, бо ёй супрацьставіліся, але пазасталіся вернымі ўладзе Божай. Мне падаецца, словы вельмі актуальныя і ў наш неспакойны час: “Ты смяротны, хоць і маеш ўладу над людзьмі і робіш, што хочаш. Але не адчувай, што наш народ пакінуты Богам. Але пачакай, і ты ўбачыш яго вялікую сілу, і ён падвергне цябе і тваіх нашчадкаў катаванням “… “Не падманвай сябе ні за што! Бо мы пакутуем ад сваёй віны, зграшыўшы супраць Бога нашага. Вось чаму на нас напаткалі такія страшныя няшчасці. Але не думай, што ты застанешся без пакарання, бо ты адважыўся весці вайну з Богам “. (2 Махб 7, 15-19).

Па-хрысціянску трэба ўладу любіць, але любоў да злачыннай улады найлепш праяўляецца тады, калі яе адсунеш ад улады.
 

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі