Казка пра Белага анёла, Зорку і цёмную краіну, якая робіцца светлай. Частка 2 і 3

Калі Белы анёл падляцеў бліжэй да ладдзі з яскравым агеньчыкам, ён раптам заўважыў побач з чалавекам, у якога свяцілася сэрца, маленькага анёла. Маленькі выглядаў казачна: ягоныя вытанчаныя крылы ціха мігцелі і іскрыліся, а лічка было падобнае на дзіцячае, з фіялкавымі вачыма.
– Вітаю, – сказаў Белы анёл, – а ты хто?
– Вітаю! – абрадаваўся маленькі серабрысты анёл. – Мяне завуць Зорка. Я анёл-ахоўнік Франка.
І ён паказаў на чалавека са светлым сэрцам, які нерухома сядзеў на носе ладдзі і глядзеў на цёмную плынь Дняпра.
– Часам думаеш – і добра, што людзі нас не чуюць, – прабурчэў Белы анёл, акуратна складваючы крылы; ад дажджу і начной расы яны былі вільготныя. – Брр… Халаднавата. Ці можна, я каля яго пагрэюся?
– Канечне! – ахвотна падхапіўся Зорка, вызваляючы месца Беламу анёлу каля Франка, і анёл блажэнна падставіў аблічча і рукі да светлага і цёплага сэрца.
– Кіламетраў семсот не было дзе пагрэцца, і цемень, – крыху вінавата патлумачыў Белы анёл.
Зорка спачувальна заківаў галавой, з павагай разглядаючы старэйшага анёла, і сказаў:
– Гэта ён сумуе, сэрца не гарыць на поўную. Ты б бачыў, як палыхала, калі ён вечарам маліўся! Думаў, усё наваколле пабачыць.
– А што, тут ёсць ад каго таіцца? – уважліва аглядзеўся Белы анёл.
– На ладдзі пару бесаў, ты ціха спусціўся, яны спяць, – махнуў рукой Зорка. – Яшчэ чарцянятаў трохі. А вось па берагах…
– Ммм… Так, зямля цёмная, – паныла адгукнуўся Белы анёл, – колькі не ляцеў, толькі па Дняпры дзе-нідзе свеціцца.
– Вось-вось, – падхапіў Зорка, і вочы яго замігцелі, быццам агеньчыкі гірлянды на Раство ў суседнім доме. – А ўсё таму, што на Дняпры плаваў апостал Андрэй. Першазваны.
Белы анёл хмыкнуў і страсянуў крыламі:
– Хто табе сказаў?
– У школе казалі, у Нябёсным Ерусаліме, – вочы Зоркі расцвілі, што твае фіялкі.
– Ты вучыўся ў Нябёсным?! – папярхнуўся Белы анёл. – У Галоўнай анёльскай школе? І што ты тут робіш, у гэтай глухамані?
Зорка заміргаў вінавата і збянтэжана:
– Ахоўваю чалавека.
– Дай-ка я хоць гляну на твайго чалавека, – прабурчаў Белы анёл, падабраў прамоклыя крылы і асцярожна ўладкаваўся на саменькім носе ладдзі. Ён трымаў раўнавагу і ўглядваўся ў адкрытае і прыгожае аблічча Франка, які задуменна глядзеў перад сабой.
– Нешта наверсе ведаюць пра гэтага твайго чалавека, – нарэшце паціснуў крыламі Белы анёл. – Нічога асаблівага. Сімпацяга, але не анёл.
– Ну, дзяўчатам падабаецца, – прастадушна усміхнуўся Зорка і зноў заміргаў сваімі фіялкавымі вачыма.
Тут Франк глыбока ўздыхнуў; хваля цеплыні пайшла ад ягонага сэрца: яно ўспыхнула, нібы печка, калі ў яе падкінеш паперы.
– Не падабаюцца мне гэтыя ўздыхі, – строга сказаў Белы анёл, грэючы рукі. – Расказвай, у чым справа.
Зорка моўчкі апусціў галаву і ўздыхнуў сам.
– Та-ак, брат Зорка. – Белы анёл выпрастаўся перад ім і расправіў крылы. – А ну-ка, расказвай старэйшаму па званні!
працяг будзе

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі