Жыццё стабільнае і бесклапотнае – хрысціянскае?

«Мы за стабільнасць» неаднойчы можна пачуць гэтыя словы, як абраную опцыю чалавека ў асягненні жыцця бесклапотнага.
Стабільнасць і бесклапотнасць ці тая рэчаіснасць, якая хаваецца за гэтымі словамі, адпавядае хрысціянскай візіі жыцця?
Апостал Павел у Першым Пасланні да Карынцянаў піша: «Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі”. (1Кар 7, 32).
Пажаданне гучыць у кантэксце навучання інстытуцыі сям’і, сужэнства і жыцця самотнага. Дакладна словы гучаць у звязцы з захвочваннем да жыцця без сужэнства. Аднак нельга вучэнне Апостала атаясамліваць з філасоўскім вучэннем кінікаў. Згодна з практычным кінізмам, прыхільнікі адмаўляліся ад сем’яў, але ж не ад жыцця сэксуальнага.
Адназначна не да такога бесклапотнага жыцця заахвочваў Павел.
Хацелася б таксама, разважаючы над бесклапотным ды стабільным жыццём, прыгадаць таксама гістарычны кантэкст у якім гэтыя словы гучалі.
А менавіта трэба ведаць, Карынт, у сярэдзіне І ст, гэта вялікі і значымы горад. Адміністратыўны цэнтр Ахайі, значымая частка сучаснай Грэцыі. Горад партовы на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў – мультыкультурны і багаты. У ім два разы на год праводзіліся спартыўныя гульні, якія па значымасці ўступалі толькі Алімпійскім. На іх прыбывала па 20 – 3о тыс. гледачоў. Горад адпачынку, распусты і граху, з тысячамі сакральных прастытутак пры святынях Афрадзіты. Безумоўна, каб народ мог адпачываць, хтосьці мусіць і працаваць. А таму ў Карынт хтосьці прыезджаў «карынфіняваць»- гісторыкі кажуць так называлі сучаснікі працэс адпачынку і распуснітніцтва тых, хто наведваў яго. А хтосьці прыязджаў і працаваць. Напрыклад, сам Апостал Павел, калі жыў у Карынце, то займаўся пашывам намётаў.
І тут Апостал прапаведваў і юдэям і язычнікам. І да супольнасці хрысціянскай у Карынце скіраваў аж два пасланні, калі браць па аб’ёму напісанага, то гэта было найбольш у параўнанні з тэкстамі адрасаванымі да іншых хрысціянаў. Як бы не было, 10 гадоў супольнай гісторыі звязвала Паўла і Касцёл у Карынце.
Безумоўна, з навучання ў пасланнях вынікае, што хрысціяне ў Карынце былі падобнымі да сучасных вернікаў. А менавіта, сацыяльныя інтэрэсы не выходзілі з арбіты зацікаўленасцяў вернікаў. А таму было і так, што тыя хто прымаў веру, пазаставаліся вельмі моцна звязаныя з жыццём матэрыяльным. Ды перарастала гэта ў розныя хібы ў духоўнай сферы. А часам наўпрост даходзіла да жыцця амаральнага. У чым Апостал Павел дакараў вернікаў.
І вось у такім кантэксце гучаць словы: «Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі.” (1 Кар 7,32). Тым самым Апостал падкрэслівае значэнне таго, каб празмерна не клапаціцца пра зямное.
Бесклапотнасць– гэта значыць не думаць зашмат пра сацыяльныя інтарэсы, ва ўсялякім выпадку не могуць яны быць вышэй інтарэсаў духоўных.
Бесклапотнасць не азначае канешне безразважнасць, безбашаннасць і легкадумнасць, бо Апостал заклікае азірацца на арыентыры вышэйшыя Божыя. Тлумачыць: «Нежанаты клапоціцца пра справы Пана, як спадабацца Пану. А жанаты клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца жонцы… таксама незамужняя…”(1 Кар 7, 33)
Наогул, калі духоўнае жыццё заканчваецца ў пункце абмяркоўванняў патрэбаў дня: што з’есці, што выпіць і што апрануць – ды ёсць яго мяжой, ці можна казаць пра жыццё адпаведнае хрысціянскаму ўзору.
Бесклапотнасць Апостала Паўла азначае ўсяго толькі правільную расстаноўку прэарытэтаў у духоўным і матэрыяльным.
Бесклапотнасьць – так! Пры ўмове, што азіраемся на Госпада і клапоцімся пра выкананне Яго волі.
Бесклапотнасьць – не! Калі нам не важна, што думае Бог пра тое, што мы робім. Не важна Яго меркаванне пра нас, нашае жыццё і выпрацаваныя спосабы выжывання.
Вось з гэтай прычыны, тым, хто абірае стабільнасць, варта задумацца: ці гэта не ёсць выбар жыцця бесклапотнага, але ў гэтай апошняй версіі? Калі чалавек настолькі да свайго спосабу жыцця прывязаны, што нават Богу не дазволіць ўнесці у яго хоць нейкую карэктыву.
Вельмі сумніўна, што такое жыццё стабільнае, хоць і бесклапотнае меў на ўвазе Апостал Павел.
Гэта ўсё ж з катэгорыі жыцця, пра якое таксама Апостал казаў, але ў пасланні да Філіпянаў: “ іхні канец – пагібель, іхні бог – чэрава, і слава іхняя – у ганьбе, бо яны думаюць пра зямное.” (Піл 3,19)
Гэтыя словы хіба найлепш характэрызуюць бесклапотную стабільнасць тых, хто думае выключна пра тое, як да пенсіі дапрацаваць, альбо бачыць тую стабільную пенсію і ў той самы час прынцыпова не бачыць беззаконяў і насілля, што чыняцца вакол яго.
І так, прынцып бесклапотнасці Апостала не адпавядае прынцыпу практыкам філосафам прыхільнікам кінізму што не жаніліся, але ж і не адпавядае прынцыпу філосафаў беларусаў, што ў жыццёвых прыярытэтах усё яшчэ ставяць чарку і шкварку, абіраючы стабільнасць.

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі