Калі ў святасці ёсць пах — гэта пах кадзіла. Навошта кадзяць у касцёлах і цэрквах?

Пра адзін з важных літургічных элементаў, якім з’яўляецца кадзіла, разважае польская журналістка і блогер Анна Войтас.

Нядзельная Імша. Пачатак. Адзін з прысутных у касцёле дзяцей кажа бацькам: «Смярдзіць».

Гэта было кадзіла, пах якога акурат разыходзіўся ад акаджанага на пачатку літургіі алтара.

Воблака кадзіла разам з тым мела ў сабе штосьці настолькі прыцягальнае, што двое хлопчыкаў, якія мелі па некалькі гадоў, спрабавалі схапіць хоць трохі дыму ў свае далонькі. Не атрымалася: дым разляцеўся, а бацькі перашкодзілі ім у гэтай справе.

Пах, прыемны Пану

Дзіцячае захапленне цалкам зразумелае, бо кадзіла — гэта «пах, прыемны Пану Богу». Кадзільны дым утвараецца ад спальвання духмяных смол на распаленым у кадзільніцы вуголлі.

Часам яго дым нагадвае воблака, якое ішло перад выбраным народам падчас яго зыходу з Егіпта і вандроўкі ў Абяцаную зямлю.

У Старым Запавеце гэтае воблака было знакам прысутнасці самога Бога, а кадзіла нагадвае пра Яго прысутнасць у святыні, асабліва падчас літургічнай цэлебрацыі.

Кадзіла — гэта сімвал сустрэчы са святасцю. Нямецкі тэолаг італьянскага паходжання ксёндз Рамано Гуардзіні пісаў, што каджэнне — гэта «дзеянне, пазбаўленае ўсялякай практычнай мэты; чыстае, як спеў; ахвярная, шчодрая, гатовая на поўнае самавырачэнне любоў».

Акаджванне — гэта выраз пашаны і пакланення.

Хрысціяне доўгі час не прымалі кадзіла ў літургіі, таму што яго раней шырока выкарыстоўвалі ў сваіх культавых практыках язычнікі.

Толькі з IV стагоддзя, напачатку ў базыліцы Гробу Пана ў Ерузалеме, начынні для спальвання кадзіла пачалі ставіць перад алтаром, а таксама на магілах мучанікаў.

Калі выкарыстоўваецца кадзіла

У літургіі кадзіла выкарыстоўваецца падчас Імшаў у нядзелі і ўрачыстасці. Падчас уступных абрадаў адбываецца акаджванне алтара і крыжа. У Літургіі слова кадзіла ўжываецца пры чытанні Евангелля. На пачатку Эўхарыстычнай літургіі адбываецца акаджванне ахвярных дароў хлеба і віна, а таксама святара і вернікаў.

У гэты момант варта ўсвядоміць, што ўсё, ахінутае дымам кадзіла, цяпер належыць Пану Богу; што з ахвярай Хрыста злучаецца тое, што становіцца маім чалавечым дарам.

Калі мы ў гэты час у душы будзем маліцца словамі псальму: «Няхай мая малітва ўзыдзе да Цябе, нібы кадзіла» (Пс 141 (140), 2), то на ўласныя вочы ўбачым, як яна ўзносіцца да Найвышэйшага.

Падчас Імшы каджэнне адбываецца яшчэ раз падчас паднясення, калі святар уздымае над алтаром для адарацыі Цела Хрыста і келіх з Яго Крывёй.

Акрамя таго, кадзіла можа ўжывацца падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту ў манстранцыі, а таксама падчас урачыстай Ютрані і Нешпараў, пры публічным ушанаванні абразоў і рэліквій. Кадзіла суправаджае найважнейшыя касцёльныя працэсіі, перадусім на Божае Цела, і абрады пахавання.

Дым кадзіла — гэта сімвал малітвы, якая ўзносіцца да Бога, выраз пакланення Найвышэйшаму.

Ці не з’яўляецца ён знакам таго, што часам немагчыма выказаць словамі? Усіх невымоўных малітваў? Сціплы спадарожнік маўчання перад Богам, які быў, які ёсць і які прыходзіць? Калі ў святасці ёсць пах — гэта пах кадзіла.

Сatholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі