Памерла Тарэса Шырма — беларуская каталіцкая верніца і актывістка Санкт-Пецярбурга

5 лютага не стала ўраджэнкі Беларусі Тарэсы Шырмы, якая актыўна ўдзельнічала ў жыцці каталіцкай і беларускай суполак Санкт-Пецярбурга.

Безназоўны

Тарэса Станіславаўна Шырма нарадзілася 14 верасня 1967 года ў вёсцы Рапейкі ў Гродзенскай вобласці ў каталіцкай сям’і. Яе рэлігійным выхаваннем займаліся бацька і бабуля. У самой вёсцы касцёла не было, таму сям’я кожную нядзелю выпраўлялася на імшу ў найбліжэйшы дзейны храм у Ліду. Калі ж не было такой магчымасці, то ўся сям’я збіралася ля радыёпрымача, слухаючы трансляцыі набажэнстваў на польскай мове па “Радыё Ватыкана”.

Калі Тарэсе споўнілася 8 гадоў, яе пачалі рыхтаваць да Першай камуніі. Тарэса ўспамінала, што падрыхтоўкай займаліся мама, бабуля і стрыечная сястра, якая год таму ўжо прыступіла да прычасця. Неўзабаве дзяцей з бліжэйшых вёсак, загадзя дамовіўшыся, прывезлі да святара. Той, паставіўшы іх у шэраг, пачаў праводзіць экзамен, задаючы кожнаму пытанне з катэхізіса. Тарэсе дасталося аб тым, колькі існуе багоў? Ненадоўга задумаўшыся, Тэрэса выпаліла, што пяць. Святар, выказаўшы незадаволенасць, адразу патлумачыў, як насамрэч. Экзамен прайшлі ўсе.

147976569_243915974021386_4502449070001279827_n

У савецкай школе вера ў Бога не заахвочвалася. Хоць сярод настаўнікаў былі і тыя, хто хадзіў у касцёл. Аднак выпадкова сустрэўшыся на імшы, і школьнікі, і настаўнікі рабілі выгляд, што не пазнаюць адзін аднаго.

Праз некаторы час пасля заканчэння школы Тарэса прыехала ў Ленінград. Гэта быў 1986 год, самы пачатак перабудовы. Юная дзяўчына стала хадзіць у адзіны каталіцкі храм у горадзе на Няве -Люрдскай Божай Маці і знайшла сабе сяброў сярод мясцовай каталіцкай моладзі. Важным этапам яе жыцця стала паездка ў Польшчу на Сусветны Дзень моладзі ў 1991 годзе, а таксама знаёмства з сёстрамі Маці Тарэсы, якія прыехалі на служэнне ў Санкт-Пецярбург. Яна разам з імі даглядала хворых і патрабуючых.

З 1992 года Тарэса стала выкладаць у нядзельнай школе прыходу Люрдскай Маці Божай. Дзяцей у той час было столькі, што касцельных памяшканняў не хапала і заняткі некаторых груп праводзілі ў найбліжэйшай дзіцячым садку і французскай школе. Многія, ужо дарослыя, пецярбургскія каталікі памятаюць Тарэсу як свайго катэхізатара: добрага, мудрага і спагадлівага. Яна была вернай парафіянкай храма ў Ковенскім завулку, дапамагала ў многіх гаспадарчых справах. Практычна да апошняга дня прыходзіла ў касцёл на імшы.

Тэрэса стала супрацоўнічаць з каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Карытас” практычна адразу пасля яе заснавання. Яна шмат часу надавала не толькі наведванню хворых, арганізоўвала працу сацыяльнай дапамогі і праводзіла розныя семінары і навучальныя мерапрыемствы. Багаты досвед працы дазволіў ёй скончыць дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Сацыяльная праца”.

147815261_490492622344381_5684910117710465532_n

На пераломе стагоддзяў разам з Сяргеем Сурыновічам, тагачасным студэнтам Вышэйшай Духоўнай Семінарыі “Марыя – царыца апосталаў”, яна стала арганізатарам рэгулярных Імшаў на беларускай мове ў парафіі Успення Найсвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу, якія здзяйснялі святары-выхадцы з Беларусі і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Два разы на месяц Тарэса вяла перадачы на беларускай мове на Пецярбургскім хрысціянскім радыё “Марыя”, а таксама рэдагавала газету “Krynica” на беларускай мове. У гэтыя ж гады яна супрацоўнічала як рэдактарка з Салезіянскім выдавецтвам у Гатчыне. Роднай мовай для Тарэсы была беларуская. Нягледзячы на тое, што, жывучы ў Санкт-Пецярбургу, яна пастаянна выкарыстоўвала расейскую мовау думала Тарэса, па яе прызнанні, на беларускай. З жніўня 2020 года Тарэса зноў актыўна ўлілася ў жыццё нефармальнага беларускага зямляцтва ў Санкт-Пецярбургу. Практычна кожны дзень яна прыязджала на акцыі пратэсту перад аддзяленнем амбасады Беларусі ў Санкт-Пецярбургу, а калі пачаліся затрыманні пратэстоўцаў, ездзіла па аддзяленнях паліцыі і падтрымлівала затрыманых актывістаў.

Апошнія гады Тарэса ўзначальвала сацыяльна-рэабілітацыйнае аддзяленне для пажылых людзей у Кіраўскім раёне Санкт-Пецярбурга. Адначасова працягваючы супрацоўнічаць з “Карытас”. Нягледзячы на пандэмію каронавіруса Тэрэса дапамагла сваім пажылым падапечным, наведвала іх, падтрымлівала іх, арганізоўвала медыцынскае лячэнне. Пасля смерці ад каронавіруса свайго калегі, які ўзначальваў падобнае аддзяленне ў гэтым жа раёне, яна стала кіраваць абедзвюма.

Тарэсу адрознівалі спагадлівасць, жыццялюбства, добрасардэчнасць і не абыякавасць, якіх так не хапае ў сучасным свеце. Яна ставілася да жыцця з цікаўнасцю: займалася спортам, часта наведвала тэатр, разнастайныя лекцыі. І заўсёды знаходзіла час на дапамогу людзям, асабліва пажылым і адзінокім.

Яе жыццё абарвалася раптоўна і нечакана для ўсіх. Наперадзе было шмат планаў і мараў. Калі дазволяць абставіны, Тарэса будзе пахаваная ў Беларусі на Крупаўскіх могілках Лідскага раёна, побач са сваімі бацькамі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі