Жыццё — змаганне! Хто выйграе барацьбу ў Беларусі?

„Хіба жыццё чалавека на зямлі не нагадвае змагання…?” (Ёў 7,1).

Так жыццё — змаганне, ды яшчэ настолькі вычарпальнае, што найлепшы праведнік, можа ад гэтай барацьбы стаміцца, паддаццадэпрэсіі і сцвердзіць: шчасця няма.

У нейкім сэнсе так сказаў Ёў, але гэта не быў бунт супраць Бога і ўсіх. Гэта было сцвярджэння горкай праўды, на той момант яго жыцця.
Ёў праведны чалавек, „ … беззаганны, справядлівы і богабаязны і ўхіляўся ад зла.( Ёў 1,1) Святы Амброзі пра праведнасць Ёва казаў: „Ніхто не любіў Хрыста больш, чым ён.”

Быў багаты, меў добрую сям’ю, славу і пашану сярод людзей.

Але ў адзін момант згубіў усё. З дазволу Бога, шатан забраў у яго багацце, сям’ю. Смерць непашкадавала нікога з ўсіх семярых сыноў і траіх дачок. Пазасталася адна толькі жонка, якая замест таго, каб падтрымаць, па меркаванню св. Аўгустына стала „памагатай д’ябла”, бо падбухторвала мужа праклясці Бога. А Ёў нават будучы ў ізаляцыі і пакінутасці з прычыны сваёй хваробы, надалей пазаставаўся верным Богу і не бунтаваў супраць Бога. З Богам спрачаўся, дыскутаваў, але ж не бунтаваў. Ён змагаўся, але змагаўся з сабой, не супраць сябе, толькі за чалавека ў сабе.

Вось маючы такі досвед Ёў пытаецца і сцвярджае: „Хіба жыццё чалавека на зямлі не нагадвае змагання…?” (Ёў 7,1).

Гэта ўнутраная барацьба настолькі напружаная, што Ёў нават ноччу не можа спаць: „…ночы пакутаў адведзены мне. Калі я кладуся, кажу: Калі ж я ўстану? Але вечар працягваецца, і я непакоюся аж да світання.” ( Ёў 7, 4 )

Ёў добра разумее ўсю безнадзейнасць свайго актуальнага становішча, а таму кажа: „… жыццё маё — гэта вецер, і вочы мае не ўбачаць больш шчасця.” (Ёў 7, 6).

Аднак, пры ўсім гэтым апынуўшыся не тое што на жыццёвым дне, але літаральна на кучы гнаішча, бо зажыва гніў, Ёў пазастаўся верным Богу, верным свайму сумленню, праз знешнія надзвычайныя фактары і нават пагрозу згубы свайго жыцця, ён не губляе веры ў Бога. Вера ў перамогу дабра, Божай справядлівасці, і таго што кожнаму раней ці пазней ад Бога будзе па ягоным учынкам і ягонай веры, ў сэрцы Ёва пазаставалася да канца. Ёў прайшоўшы ўсе выпрабаванні, ўбачыў лепшы час. Бог вярнуў яму здароўе, сям’ю, даў зноў семь сыноў і трое дачок, багацце і славу, дазволіў насыціцца днямі свайго зямнога шчаслівага жыцця. ( пар. Ёў 42,17)

Я неаднойчы чую пытанні, дзе ў сённяшні час браць чалавеку сілы да таго, каб не засумнявацца ў перамозе дабра над злом. Вядома, грамадска-палітычны крызіс лёг вялікім цяжарам у жыцці кожнага з нас. Сёння, што праўда нібыта наступіла зацішша, няма рэзкіх праяўленняў насілля. Проста па-накатанай здзяйсняюцца судзілішчы і пераслед вольнадумцаў. Аднак, такое адноснае зацішша, зусім не значыць, што боль дзесяткаў тысяч невінавата пацярпелых людзей кудысьці знік, або жаданне мільёнаў жыць у лепшай краіне і ў духу законнасці ад зімовай халадэчы вымерзла.

Людзкое незадавальненне ад насілля нікуды не дзеялася, яно ёсць. І яно матывуе шукаць адказу на пытанне, дзе браць сілы ў змаганні, і як не разуверыцца ў перамозе дабра. Як не згубіць надзею, што Бог хутка парастаўляе кропкі ў невырашаных дагэтуль пытаннях.

Асабіста я, калі сустракаемся з несправядлівым цярпеннем, заўсёды раю чытаць Кнігу Ёва. У ёй ёсць адказы на ўсе пытанні, што мае церпячы несправядлівасць і боль чалавек. Сам чытаў штодня гэту кнігу, калі ў снежні месяцы за прапаведванне ў сацыяльных сетках, быў несправядліва асуджаны на дзесяць сутак зняволення.

Гісторыя Ёва вучыць нас у любых сітуацыях, нават калі жыццё кагосьці з нас прымушае канстатаваць факт „шчасця няма”, пазаставацца верным Богу, сумленню і быць паслядоўным у сваіх маральных выбарах. І ў той час, раней ці пазней змаганне скончыцца. Дабро пераможа. А Бог дазволіць кожнаму, хто не вагаючыся стаяў на баку дабра, насыціцца днямі свайго шчасьлівага зямнога жыцця.

У нашай краіне таксама будуць лепшыя дні, важна толькі не прагуляць вось гэтага змагання за чалавека, што адбываецца сёння ўнутры кожнага з нас.

Святы Ян Залатавусны (Хрызастом) тлумачыў: „Не настолькі бліскучы цар, які сядзіць на троне, як слаўны і бліскучы быў Ёў, які сядзеў на гнаішчы: пасля царскага трона – смерць, а пасля гэтага гнаішчы – Царства Нябеснае».

Усяму свой час.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі