Кароткая гісторыя таго, што зараз адбываецца вакол царквы “Новае Жыццё”
Захоп будынку царквы Новае Жыццё стаў шокам для многіх евангельскіх хрысціянаў Беларусі. Хаця напрацягу апошніх год штрафы, дэпартацыі, рэйды і праблемы з рэгістрацыяй царкоўных будынкаў былі ня рэдкасцю ў Беларусі, сытуацыя з царквой Новае Жыццё з’яўляецца перломнай для евангельскіх хрысціянаў Беларусі, бо падобныя напады з выпільваннем дзьвярэй – гэта наўпроставае вяртаньне ў цёмныя часы камуністычных рэпрэсій. Ці гатовая евангельская царква Беларусі да такіх выпрабаваньняў?
Не шмат хто прыгадае сёньня, аднак, палітыка мэтанакіраванага знішчэння евангельскіх цэркваў была прынятая на ўзбраеньне дзейснымі ўладамі яшчэ ў 1999 г, калі былі ўнесеныя змены ў “Закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізыцыях”, дзе ўводзілася адміністрацыйная адказнасць за рэлігійныя сабранні без афіцыйнага дазволу. Нямала служыцеляў атрымалі штрафы, арышты і былі дэпартаваныя паводле гэтага закону. Новыя змены 2002 г прымусілі ўсе евангельскія цэрквы да перарэгістрацыі са спадзяваннямі на змяншэнне іх колькасці. Паводле новых правілаў для рэгістрацыі царквы патрэбна было мець не менш за 20 членаў, памяшканне для юрыдычнага адрасу, а таксама выканаць шэраг іншых фармальнасцяў. Паводле гэтага закону была ліквідаваная баптысцкая царква Запавет Хрыста. З пачатку 2000-ых па тэлебачанні пайшла хваля прапагандысціх праграмаў, скіраваных супраць пратэстанцкіх цэркваў. У школьных падручніках евангелськія цэрквы сталі называць сектамі. Супрацоўнікі ўстановаў, на тэрыторыі якіх праводзілі сабранні вернікі, звальняліся з працы. У 2006 годзе быў прыняты закон “Аб агульнай дзяржаўнай адукацыі” які забараняў навучанне дзяцей па праграме, адрознай ад дзяржаўнай, пазбаўляў вернікаў магчымасці хатняй адукацыі і адукацыі па-за дзяржаўнай сістэмай агульнай сярэдняй адукацыі. У 2006 г вайскоўцамі памежнай службы былі арыштаваныя і вывезеныя ў Мінск каля 60 удзельнікаў (з іх 45 дзяцей) хрысціняскага дзіцячага летніка ў Смаргоншчыне.
У 2002 годзе ц. Новае Жыццё на законных умовах набыла будынак кароўніка. У далейшым ўлады не далі дазвол на рэканструкцыю будынка і на будаўніцтва новага будынку. Таксама было адмоўлена ў дазволе на правядзенне багаслужэнняў на любой тэрыторыі горада Мінска. Пэўны час у 2003 годзе вернікі збіраліся для багаслужэнняў на плошчы Бангалор. У выніку ц. Новае Жыццё прыняла рашэнне самастойна адрамантаваць будынак і пачаць правядзеньне служэнняў.
У 2004 г тэрыторыя, дзе знаходзіўся кароўнік, увайшла ў межы Мінска і царкву пачалі прымушаць у судовым парадку аддаць будынак у распараджэнне гарадскіх уладаў, не маючы на гэта ніякіх законных падставаў. Пасля судовага рашэння 21 ліпеня 2005 г у вернікаў пачалі патрабаваць пакінуць будынак. Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка неаднаразова атрымліваў вялізныя штрафы за невыкананне судовага распараджэння.
5 кастрычніка 2006 ц. Новае Жыццё пачала пост-галадоўку з патрабаваннем адмяніць судовае рашэнне аб пазбаўленні будынка і тэрыторыі і перапрафіляваць будынак у культавы. Галадоўка працягвалася 23 дні, падчас гэтага ў будынку царквы кругласуткава знаходзіліся каля 100 чалавек, кожны дзень адбываліся служэнні. У будынак некалькі разоў прыязджала міліцыя і амап, тэлебачанне выпусціла некалькі прапагандысціх матэр’ялаў. Лекары адмаўляліся аказваць дапамогу вернікам, некаторых удзельнікаў галадоўкі арыштавалі. Пост падтрымалі многія цэрквы ў Мінску і іншых гарадах Беларусі і свету. У падтрымку царквы выступілі паслы еўрапейскіх краінаў і ЗША, неаднаразова яны прысутнічалі на служэннях. 21 кастрычніка на плошчы Бангалор адбыўся мітынг у падтрымку ц. Новае Жыццё, у якім прынялі ўдзел каля 2 тыс чалавек. 28 кастрычніка рашэнне пра адыманне будынка было апратэставана Вышэйшым Гаспадарчым Судом і галадоўка была спыненая. Аднак ціск на царкву не спыніўся. 1 лістапада ў дачыненні да царквы быў здзейснены акт вандалізму, які адмовіліся расследваць. Евангельскія пастары, якія падтрымалі ц. Новае Жыццё, апынуліся пад пераследам, некаторыя былі дэпартаваныя.
У 2007 г вернікамі быў распачаты збор подпісаў за новы закон “Аб свабодзе сумленьня і рэгілійных арганізацыях”. Было сабрана больш за 50 тыс подпісаў, аднак улады не прыслухаліся да хрысціянаў.
У траўні 2007 г. суд зноў абавязаў царкву Новае Жыццё вярнуць будынак і тэрыторыю у распараджэнне гарадскіх уладаў. 3 чэрвеня адбылася супольная малітва евангельскіх хрысціянаў за свабоду веравызнання і быў падрыхтаваны адкрыты зварот пратэстантскіх канфесій да прэзідэнта Беларусі. З 15 па 17 чэрвеня евангельскія цэрквы Беларусі, каля 50 тыс чалавек, прынялі ўдзел у пасце і малітве за свабоду верывызнання. У ліпені былі затрыманыя зборшчыкі подпісаў за свабоду веравызнання.
У 2009 г ц Новае Жыццё пазбавілі права ўласнасці на будынак. У 2010 выставілі новы штраф “за забруджванне навакольнага асяроддзя” на 258 млн руб. На гэты момант ў дачынені да царквы было складзена ўжо каля 30 судовых іскаў. На 5 снежня 2012 г была прызначаная чарговая спроба прымусовага высялення царквы, вернікі зноў распачалі кругласуткавую малітву і пост, аднак 4 снежня адміністрацыя гораду раптоўна адклікала свой іск і суд адправіў справу ў архіў.
13 чэрвеня 2013 г у пастара ц. Новае Жыццё Вячаслава Ганчарэнка здарыўся інсульт.
У 2019 г у новым праекце забудовы гораду на месцы царквы было запланаванае будаўніцтва школы. У канцы 2020 г упраўленне прымусовага выканання выдала царкве прадпісанне вызваліць будынак да 31 снежня 2020 г. У выпадку невыканання патрабаванны прымусовае высяленне было запланаванае на 5 студзеня 2021 г. Аднак тады судовыя выканаўцы не ўвайшлі ў будынак, дзе сабраліся вернікі. 17 лютага каля 20 супрацоўнікаў сілавых органаў разам з ЖЭСам і судовымі выканаўцамі спілавалі замкі на дзвярах царквы і запатрабавалі ўсіх пакінуць будынак пад пагрозай арышту. 24 лютага пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка пойдзе на сустрэчу з намеснікам старшыні Менгарвыканкаму для абмеркавання сытуацыі з царквой.
Сытуацыя з царквой Новае Жыццё з’яўляецца пераломнай для евангельскіх хрысціянаў Беларусі і ўсёй нашай краіны. Салідарнасць і заступніцтва за нашых братоў і сёстраў у гэтай крытычнай сытуацыя мае ключавое значэнне для далейшага лёсу ўсёй евангельскай царквы Беларусі. Заклікаем вас не застацца ў баку.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Адкрытая online-дыскусія “Цэрквы ў Беларусі – паміж палітыкай і верай” 01.03.2021 11:52
- Курс «Хрысціянскае кансультаванне» 27.02.2021 18:25
- Дні праваслаўнай культуры адкрыюцца 27 лютага ў Мінску 24.02.2021 16:56
- Кароткая гісторыя таго, што зараз адбываецца вакол царквы “Новае Жыццё” 22.02.2021 17:07
- Вернікі царквы “Новае жыццё” ўсё роўна хочуць сабрацца на малітву 20.02.2021 14:01
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)