“Не забудзем, не прабачым!” — гэта па-хрысціянску?

Не забудзем, не прабачым.

Ці гэты слоган, які стаў досыць папулярным у мінулым годзе ў нашым грамадстве, не супярэчыць духу хрысціянскага навучання?

Такога роду пытанні і надалей атрымоўваю ад Вас, шаноўныя сябры.
Дзякуй Богу, час Вялікага Посту спрыяе паразважаць над прабачэнне яшчэ раз.

Хрысціянства ёсць рэлігіяй прабачэння. І дзіўна было б, каб было б  інакш. Прабачаць вучыць нас Хрыстос. У Яго навучанні, прабачэнне пакрыўджаным свайго крыўдзіцеля, з’яўляецца перадумовай атрымання прабачэння ад Бога. Аб гэтым чуем у прыпавесці пра бязлітаснага  даўжніка з Евангелля ад Мацвея 18, 23-35.

Вяртаючыся да слоў “не забудзем, не даруем”, вельмі важна зразумець кантэкст, у якім яны гучаць. Справа ў тым, што можа рэзаць вуха хрысціяніну дзеяслоў “не даруем”. Аднак, гэта толькі на першы погляд  можа здацца, што гэтыя словы гучаць як здрада хрысціянству.

Па першае, гэтыя словы не з’яўляюцца адлюстраваннем індывідуальнага не жадання прабачыць і доказам на тое, што ў сэрцах тых, хто кажа гэтыя словы запанавала ненавісць і дух помсты. Каб так было, то нашыя вуліцы даўно ўжо былі б у крыві, бо народ, які дазнаў гвалту і насілля над сабой, меў бы магчымасць адпомсціць канкрэтным прадстаўнікам улады, якія сыходзілі на шлях беззаконня. Але ж гэтага няма і не было. Народ, які выходзіць на вуліцы пад заклікі “не забудзем, не прабачым”, хоча не помсты за свае крыўды, але хоча справядлівасці і законнасці. А гэта ўжо зусім іншае.

Ведаеце, на праблему памяці і звязанага з ёй прабачэння вельмі шмат святла пралівае папа Францішак у энцыкліцы #FratelliTutti​. Піша: “Ад тых хто моцна пацярпеў у выніку несправядлівасці і жорсткасці, нельга патрабаваць свайго роду “грамадскага прабачэння”. Прымірэнне – гэта штосьці асабістае і ніхто не можа навязаць яго ўсяму грамадству… немагчыма абвясціць “агульнае прымірэнне”, робячы выгляд, што дэкрэтам можна загаіць раны ці закрыць несправядлівасць плашчом забыцця. Хто можа прыпісаць сабе права дараваць ад імя іншых?” (п.246).

Гэта так, як адзінства ў грамадстве не збудуеш, толькі праз тое, што каляндарны год назавеш годам адзінства. А міру не стане больш толькі з-за таго, што хтосьці падпіша дэкларацыю аб міры.

Навучанне Папы ўпісваецца ў логіку біблійную. Прабачэнне нельга пераблытаць з забыццём і несправядлівасцю.

Прабачаючы, трэба памятаць пра зло крыўды і зрабіць усё магчымае, каб дабіцца справядлівасці, нават коштам жыцця.

Праблема пра якую разважаем, беспасярэдна  датычыць таямніцы дабра і зла, а таму трэба быць вельмі асцярожным. Мяжа паміж дабром і злом вельмі блізка і дастаткова аднаго маленечкага, але няправільнага крока і можна апынуцца на баку зла.

Так вось зацытую Вам словы з Пісання аднаго біблейскага персанажа. Стары Запавет узгадвае пра яго, як пра праведніка, чалавека з якога верніку варта браць прыклад. Гэта святар Маттафія. Ён ачоліў паўстанне юдэяў супраць эленістаў дзеля абароны жыцця згодна з законам Божым. Ён нават прымаў рашэнне парушыць дзень шабату і весці бой, каб толькі не загінулі тыя, хто паўстаў супраць беззаконняў. Паміраючы даў наказ: “збярыце ўсіх хто захоўвае Закон і адпомсціце за крыўды народа вашага” (1 Макк 2, 67).

Вось неяк так. Безумоўна, я не хачу заклікаць да чынення помсты крыўдзіцелям. Таксама я не заклікаю да паўстання. Але, шукаючы адказу на пытанне: на колькі адпавядае хрысьціянскаму духу заклік “не забудзем, не прабачым”, я хачу, каб мы былі свядомыя, што заклікі да прабачэння з заплюшчваннем вачэй на несправядлівасць і да пакаяння без агучвання  канкрэтных фактаў насілля, ёсць адназначнай здрадай Божаму навучанню ў Бібліі.

Хрысціянін заўсёды павінен памятаць пра прабачэнне, але і без змагання за праўду і справядлівасць хрысціянінам стаць немагчыма.

а. Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі