Папа Францішак: у Аргентыну я не вярнуся, памру ў Рыме

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі Нэльсана Кастра, журналіста і лекара з Аргентыны. У інтэрв’ю свайму суайчынніку Папа Францішак адзначыў, што на радзіму больш не вернецца.

papa

«Я памру тут, у Рыме, не вярнуўся ўжо ў Аргентыну», — падзяліўся Пантыфік, а таксама адзначыў, што падобна свайму папярэдніку не выключае свой сыход на пенсію. Перспектыва смерці, як дадаў Папа, не выклікае ў яго страху.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва КАІ са спасылкай на vaticannews.va.

Святы Айцец сцвердзіў, што адчувае сябе добра і поўным энергіі.

Падчас размовы Папа прыгадаў «цяжкі момант» са свайго жыцця: калі яму быў 21 год, яму выдалілі верхнюю частку правага лёгкага. «Калі я апрытомнеў пасля наркозу, боль, які я адчуваў, быў вельмі моцны, — сказаў Пантыфік. — Я засмучаўся, але заўсёды меў веру, што ачуняю».

Як падкрэсліў Папа, ён цалкам вярнуўся да здароўя і ніколі не быў абмежаваны хваробай у сваіх дзеяннях: «Нават падчас замежных падарожжаў я не мусіў абмяжоўваць ці адмяняць запланаванае».

Журналіст пацікавіўся, ці праходзіў Папа калі-небудзь псіхааналіз. «Ніколі, — адказаў Пантыфік, але прызнаўся, што ў часы служэнне правінцыялам іезуітаў, калі ў Аргентыне панавала дыктатура, ён кансультаваўся з псіхатэрапеўтам. — Яна дапамагла мне перамагчы ў той час страх. Часам я ўкрываў некаторых людзей і дапамагаў ім выехаць з краіны.

Уявіце сабе, як я баяўся, калі вёз кагосьці ў машыне накрытага толькі пледам, і так праязджаў праз тры пункты вайсковага кантролю. Гэта выклікала ўва мне велізарнае напружанне».

Сустрэчы з псіхіятрам, як дадаў Пантыфік, навучылі яго таксама валодаць сабой і пазбягаць паспешных рашэнняў. Святы Айцец пры гэтым адзначыў, што кожны святар павінен ведаць псіхалогію чалавека.

Папа Францішак падзяліўся таксама сваім неспакоем адносна жадання рабіць усё адразу, і адзначыў, што ў жыцці трэба вучыцца вызваляць час ад абавязкаў. Адзін з метадаў Пантыфіка — слуханне твораў Баха:

«Гэта супакойвае мяне і дазваляе лепш аналізаваць праблемы».

На заканчэнне размовы журналіст спытаў, ці думае Пантыфік пра смерць. «Так, — адказаў Папа. — Але я не баюся яе». На пытанне, як ён уяўляе сваю смерць, Святы Айцец сказаў: «Як кіруючы Папа або на пенсіі. У Рыме. Не вярнуся ўжо у Аргентыну».

catholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі