З царквы “Новае жыццё” тэрмінова эвакуіравалі маёмасць

9 сакавіка царква «Новае Жыццё» правяла тэрміновую эвакуацыю сваёй маёмасці з будынка. Вернікам далі адзін дзень, каб забраць усё, што 19 гадоў яны стваралі ў храме на Кавалёва, 72.

— Мы займаемся эвакуацыяй сваёй маёмасці з будынка, — адзначыў адміністратар Віталь Антончыкаў. — На жаль, нам былі пастаўленыя такія ўмовы, каб вывезці ўсё вельмі хутка. Мы збіраем свае рэчы — мэблю, каштоўную праводку і іншае. Сёння прыйшло каля 60 чалавек, якія праводзяць усе неабходныя работы разам.

Пастар Вячаслаў Ганчарэнка так ахарактарызаваў тое, што адбываецца:

— 9 сакавіка — яшчэ адна вяха ў гісторыі царквы. Яшчэ нядаўна гэта было вельмі ажыўленае месца. Тут было столькі радасці, веры і любові! Мы верым у Госпада не прыкідваючыся. А сёння так сумна глядзець на тое, як дэмантуецца ўся гэтая прыгажосць і ператвараецца ў прытчу. Але гэта не значыць, што мы не вернемся сюды. Бог можа ўсё, Ён можа зрабіць так, што мы зноў будзем валодаць гэтым месцам і гэтым будынкам … Цяпер жа наш будынак захоплены. Ён будзе як каўчэг запавету у філістымлян, які яны забралі, а потым вярнулі назад. Таму што каўчэг Божы ў гэтай Біблейскай гісторыі стаў вялікім праклёнам для захопнікаў. Богу кінуты выклік, — і Ён адкажа.

«У рэшце рэшт гэтая сістэма, якая змучыла беларускі народ і дакранулася да царквы, распадзецца, — працягнуў пастар Вячаслаў. — Бог разваліў СССР, Ён разваліць і гэтую сістэму. Бог разбурыць усякую структуру, у аснове якой ляжыць жорсткасць, якая не мае міласэрнасці, спагады, любові — такая структура нічога не варта, таму яна знікне. А народ Божы будзе дабраславёны».

Сваімі перажываннямі падзялілася таксама жонка пастара Ірына Ганчарэнка: — У мяне вельмі змешаныя пачуцці, у сэрцы вялікая сум. Столькі падзей адбывалася ў гэтым будынку — вяселля, нараджэння дзяцей — душы столькіх людзей ратаваліся. Таму гэты будынак вельмі каштоўны, і падзеі, што адбываюцца сумныя. З іншага боку, мы бачым, што Бог нас не пакідае, Ён нас вядзе. Мы спадзяемся на Бога, на Яго сілу і ласку. Мы молімся, каб Бог заступіўся за нас. У Бібліі напісана: «Страшна трапіць у рукі Бога Жывога». Людзі, якія пасягнулі на царкву, не ўсведамляюць гэтага. Бо Бог не жартуе: Ён Гасподзь, і Ён праведна судзіць».

Многія людзі, якія сабраліся ў гэты дзень, каб дапамагчы захаваць царкоўную маёмасць, таксама не маглі стрымаць эмоцый і слёз. Дырэктар нядзельнай школы Аліна Бяспалава распавяла:

— Ноч перад высяленнем я не спала. Бо тое, што адбываецца вельмі хвалююча. На мяне знаходзіць туга. У гэтым будынку столькі гадоў дзейнічала нядзельная школа. Столькі дзяцей бачылі гэтыя сцены. Мы ставілі тут выдатныя спектаклі. Ёсць шмат людзей, жыцці якіх змяняліся ў царкве. Вядома ж, цяжка, калі ўсё гэта даводзіцца пакідаць. Радуе тое, што людзі цэлыя, — тыя, разам з кім мы ўсе стваралі. Таму адрадзіць напрацаванае мы зможам. Вядома, таго, што мы пакідаем, шкада. Але Бог нешта нагледзіць для нас.

Сваім бачаннем таго, што адбываецца падзяліўся і рэгіянальны пастар Ігар Грузінаў:

— У мяне ёсць пачуццё, што мы можам яшчэ вярнуцца ў гэты будынак. Усё ў руках Бога. Можа быць, Гасподзь прыдумаў зрабіць для нас нешта новае — цікавей і лепш. Значыць, гэта павінна здарыцца. Вядома, вельмі шкада расставацца з тым, у што ўкладзена паўжыцця, — колькі гадоў у нас ёсць гэты будынак, столькі часу я працаваў у ім, робячы яго лепш.

Пакуль што не ўсе каштоўныя рэчы дазволена забраць. Тры генератара, два з якіх з’яўляюцца ўласнасцю прыхаджан, а не царквы, па-ранейшаму застаюцца ў будынку. Гэтае пытанне пакуль што адкрытае.

“Новае жыццё”

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі